Раніцай 7 жніўня 2018 году супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі да журналістаў інтэрнэт-парталу Tut.by, інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і некаторых іншых СМІ. Агулам па справе аб несанкцыянаваным доступе да платнай падпіскі дзяржаўнага агенцтва БелТА затрымалі 18 журналістаў. Роўна праз год Свабода спыталася ў фігурантаў «справы БелТА», што ў іх зьмянілася.
Марына Золатава, Tut.by: «У нас стабільны рост»
Галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава стала адзінай з затрыманых журналістак, справу супраць якой давялі да суду. У выніку яе прызналі вінаватай у «бязьдзеяньні службовай асобы» (некалькі журналістаў ейнай рэдакцыі карысталіся чужымі паролямі для доступу да платнай падпіскі БелТА) і прысудзілі ёй штраф і кампэнсацыю судовых выдаткаў на агульную суму 13 650 рублёў.
«Мы сталі пільней ставіцца да інфармацыйнай бясьпекі, у прынцыпе сталі больш пільнымі, — сказала Свабодзе Золатава. — Праз тэлефон мы значна менш абмяркоўваем некаторыя рэчы. Раней мы карысталіся інфармацыяй БелТА ў адкрытым доступе. Але пасьля гэтай справы вырашылі, што пастараемся абыходзіцца без інфармацыі дзяржаўнага манапаліста».
Журналістка ня бачыць нейкай сувязі паміж статыстыкай наведваньня сайту і «справай БелТА».
«Як у мінулым годзе мы расьлі, гэтаксама мы расьцём і ў гэтым. Цягам апошніх гадоў ідзе стабільны рост», — сказала яна.
Марына Золатава ня ведае выпадкаў, каб з прычыны «справы БелТА» якія-небудзь кліенты адмаўляліся ад рэклямы на Tut.by. Наадварот, «увесь час, ад кліентаў у тым ліку, была падтрымка».
«Што да дзяржаўных структур, то адносіны засталіся нармальныя, як і былі да „справы БелТА“. А з кім былі дрэнныя, то і засталіся такія ж. Ёсьць праца, і калі табе патрэбны камэнт нейкай арганізацыі, то ты мусіш яго атрымаць, і тут не да крыўдаў».
Ірына Леўшына, БелаПАН: «Мы ўзмацнілі бясьпеку»
Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына сплаціла страты ў памеры 12 тысяч рублёў на карысьць БелТА, а таксама штраф — 735 рублёў.
«Для мяне ў працоўным распарадку нічога не памянялася, — сказала Свабодзе Леўшына. — Апроч таго, што мы ўзмацнілі бясьпеку сваіх кампутарных сыстэм, тэлефонаў, гаджэтаў. Каб супрацоўнікі Сьледчага камітэту, калі яны да нас яшчэ раз захочуць прыйсьці, не змаглі атрымаць доступ да нашай інфармацыі. Мы павінны абараняць свае крыніцы. Мы павінны быць больш асьцярожнымі, бо нас могуць праслухоўваць у любы момант, адсочваць нашыя кантакты. Мы зразумелі, да якой ступені подласьці могуць дайсьці нашыя сілавыя структуры, улада».
Паводле Ірыны Леўшынай, БелаПАН распаўсюджвае інфармацыю праз падпіску. Колькасьць падпісчыкаў павялічылася.
«Таму мы не панесьлі абсалютна ніякіх рэпутацыйных стратаў, і гэта не пагоршыла фінансавага становішча. Хаця прэс-службы дзяржаўных установаў сталі больш насьцярожанымі да БелаПАН. Але мы прызвычаіліся, што яны нас ніколі ня мелі ў ласцы, зь імі працаваць вельмі складана».
23 жніўня 2018 году, у разгар «справы БелТА», пасьля цяжкой хваробы пайшоў з жыцьця Алесь Ліпай, заснавальнік і дырэктар агенцтва БелаПАН. Яму было ўсяго 52 гады.
Цяпер на помнік Алесю Ліпаю зьбіраюць грошы.
«Мы разьлічваем, што будуць сабраныя ўсе заяўленыя 10 тысяч рублёў», — сказала Ірына Леўшына.
Ірына Акуловіч: «Я ў адпачынку»
Кіраўніца БелТА Ірына Акуловіч сказала, што яна ў адпачынку і знаходзіцца «за межамі». На пытаньні адказваць яна адмовілася.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.