Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справаздача БАЖ: Ціск на незалежныя СМІ ў 2018 годзе ўзмацніўся, асабліва на інтэрнэт


Аляксандар Лукашэнка застаецца галоўным героем дзяржаўных СМІ
Аляксандар Лукашэнка застаецца галоўным героем дзяржаўных СМІ

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) падрыхтавала агляд сытуацыі ў сфэры сродкаў масавай інфармацыі ў краіне за 2018 год.

Асноўная выснова — ціск на незалежныя мэдыі і журналістаў узмацніўся. Гэта адбывалася, нягледзячы на дэкляраваны ўладамі курс на лібэралізацыю і дыялёг аб правах чалавека з Эўразьвязам і ЗША.

Асноўныя парушэньні правоў журналістаў

• зьмена заканадаўства ў сфэры СМІ ў бок узмацненьня жорсткасьці дзяржаўнага кантролю

• крымінальны перасьлед, зьвязаны са свабодай выказваньня меркаваньня (справа «рэгнумаўцаў»; крымінальная справы супраць блогера Сяргея Пятрухіна; справа кіраўніка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая, спыненая ў сувязі зь яго сьмерцю; «справа БелТА», якая скончылася асуджэньнем галоўнага рэдактара інтэрнэт-парталу Tut.by Марыны Золатавай)

• пазасудовае блякаваньне ў Беларусі папулярных інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў

• узмацненьне ціску на журналістаў-фрылянсэраў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі

• выкарыстаньне заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму для абмежаваньня свабоды выказваньняў (перадусім у інтэрнэце).

Ціск на інтэрнэт-рэсурсы

Як пішуць аўтары справаздачы, дзеяньні былі ня новай атакай на СМІ, а працягам мэтанакіраванай і пасьлядоўнай палітыкі беларускай дзяржавы на ўсталяваньне максымальнага кантролю над інфармацыйнай прасторай краіны. Летась першачарговай мэтай стаў беларускі сэгмэнт інтэрнэту.

Узяўшы цалкам пад кантроль тэлебачаньне і радыёвяшчаньне (за выключэньнем некалькіх замежных СМІ, у тым ліку тэлеканалу «Белсат»), выціснуўшы ў аўдыторнае гета незалежныя друкаваныя СМІ, сукупны тыднёвы наклад якіх меншы за штодзённы наклад газеты «СБ. Беларусь сегодня», улады спрабуюць узмацніць кантроль і над беларускім сэгментам інтэрнэту, у якім дзяржаўныя мэдыі прайграюць незалежным рэсурсам, пішуць аўтары справаздачы.

У дакумэнце зазначаюць, што недзяржаўны партал Tut.by зь велізарным адрывам (у дзясяткі разоў) апярэджвае па папулярнасці дзяржаўныя інтэрнэт-рэсурсы, уключна з інфармацыйным агенцтвам БелТА (што, верагодна, і стала прычынай «справы БелТА», накіраванай, у першую чаргу, супраць канкурэнтаў).

Спробы пэўных колаў вырашыць праблему інтэрнэту ўзмацненьнем жорсткасьці дзяржаўнага кантролю над ім ўспрымаюцца экспэртамі як стратэгічная памылка з пункту гледжаньня нацыянальнай бясьпекі ў мэдыясфэры.

Выцісканьне з інфармацыйнай прасторы незалежных СМІ прывядзе не да росту папулярнасьці дзяржаўных выданьняў, а да ўзмацненьня прысутнасьці расейскіх мэдыяў, ступень уплыву якіх на аўдыторыю і без таго вялікі: больш за 60% прадукцыі некаторых беларускіх тэлеканалаў, уключаных у агульнадаступны абавязковы тэлепакет, — расейскай вытворчасьці.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House ў сваім рэйтынгу свабоды ў сьвеце за 2018 год аднесла Беларусь да несвабодных краінаў і мінімальна ацаніла ступень свабоды СМІ і свабоды інтэрнэту ў краіне (1 бал з 4). Пры гэтым «Press Freedom Status» і «Net Freedom Status» дзяржавы вызначаныя як «Not Free».

У чарговым рэйтынгу свабоды прэсы міжнароднай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў», апублікаваным у красавіку 2018 году, Беларусь заняла 155 месца сярод 180 дзяржаў, страціўшы дзьве пазыцыі ў параўнаньні з папярэднім рэйтынгам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG