Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамедаў упершыню за больш чым дзесяць дзён зьявіўся на дзяржаўнай тэлевізіі, паведамляе Радыё Азалтык.
Як перадае праграма «Ватан» туркмэнскай тэлевізіі, Бердымухамедаў актыўна адпачывае. У вечаровым эфіры быў паказаны рэпартаж, як туркмэнскі лідэр езьдзіць на ровары, на кані і страляе з аўтаматычнай зброі.
Таксама, паводле дзяржаўнай тэлевізіі, Бердымухамедаў за стырном спартовага аўтамабіля праехаўся па пустыні Каракумы, даехаўшы ды газавага кратэра Дарваза, больш вядомага як «Брама пекла».
Гэта яго першае зьяўленьне на ТВ больш чым за дзесяць дзён. Апошні раз яго паказвалі 24 ліпеня — пасьля таго, як распаўсюдзіліся чуткі пра ягоную сьмерць. Але кадры, паказаныя 24 ліпеня, выклікалі сумневы спэцыялістаў-тэлевізійнікаў, якія палічылі, што здымкі ідэнтычныя паказаным у праграме «Ватан» ад 10 траўня гэтага году.
Раней афіцыйныя СМІ паведамлялі пра тое, што кіраўнік Туркмэністану на цэлы месяц пайшоў у працоўны водпуск — з 15 ліпеня па 15 жніўня. Бердымухамедаўу папярэднія гады не хадзіў у такі доўгі адпачынак. Акрамя таго, нават калі ён знаходзіўся на адпачынку, дзяржаўныя СМІ штодня паведамлялі пра тое, чым заняты прэзыдэнт краіны.
Доўгая адсутнасьць прэзыдэнта ў публічным жыцьці і мэдыяпрасторы спарадзіла розныя чуткі сярод насельніцтва краіны, перадаюць карэспандэнты Радыё Азатлык у розных рэгіёнах Туркмэністану.
21 ліпеня ў сацыяльных сетках зьявіліся паведамленьні пра тое, што кіраўнік дзяржавы памёр 20 ліпеня ад вострай нырачнай недастатковасьці. У той жа дзень інфармацыйнае агенцтва ТАСС паведаміла са спасылкай на амбасаду Грузіі ў Расеі пра тое, што паведамленьні пра сьмерць прэзыдэнта Туркмэністана Гурбангулы Бердымухамедава не адпавядаюць рэчаіснасьці.
На фоне паведамленьняў, а затым абвяржэньня інфармацыі пра сьмерць прэзыдэнта Туркмэністану, у сацыяльных мэдыя зьявіліся відэазвароты прадстаўнікоў туркмэнскай эстрады, якія заклікалі ня верыць «ілжывым паведамленьням» пра «стан прэзыдэнта» і разьмяшчаць на сваіх старонках у сацсетках публікацыі з хэштэгам #duryalan (# стопложь).
Усьлед за публікацыямі прадстаўнікоў туркмэнскай эстрады ў сацыяльных мэдыя зьявіліся шматлікія паведамленьні ад імя «звычайных грамадзян», у якіх выяўляецца крытыка і абурэньне ў адрас крыніц, якія паведамлялі інфармацыю аб сьмерці прэзыдэнта Туркмэністану.