Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаматоляг, рэпэр і «Рэмба». Хто такі Гурбангулы Бердымухамедаў, які не аддае грошы Лукашэнку


Гурбангулы Бердымухамедаў, архіўнае фота
Гурбангулы Бердымухамедаў, архіўнае фота

Для яго сьпявала Джэніфэр Лопэз, а галоўны ўнівэрсытэт Беларусі ўзнагародзіў яго званьнем ганаровага прафэсара.

Як зьявіліся чуткі пра сьмерць прэзыдэнта Туркмэністану

20 ліпеня апазыцыйны YouTube-канал «Свабодны Туркмэністан» са спасылкай на свае крыніцы ў Ашгабадзе паведаміў, што 62-гадовы Гурбангулы Бердымухамедаў памёр ад вострай ныркавай недастатковасьці. Гэтыя зьвесткі радыёстанцыі «Говорит Москва» пацьвердзіў дырэктар Цэнтру маніторынгу эўразійскіх праблем Аслан Рубаеў. Інфармацыю падхапіў Telegram-канал El Murid, які спэцыялізуецца на асьвятленьні падзеяў у Сярэдняй Азіі і арабскіх краінах.

Празь некалькі гадзін інфармацыю абверглі ў амбасадах Туркмэністану ў Расеі і Кіргізстане, а затым ад сваіх слоў адмовіўся і палітоляг Рубаеў, папрасіўшы прабачэньня ва ўсіх, каго ўвёў у зман. У сваю чаргу, выданьне «Хроніка Туркмэністану» напісала, што насамрэч у цяжкім стане не прэзыдэнт, а ягоная маці Агулабат, якая ўжо даўно лекуецца ў Нямеччыне.

Пазашлюбны сын першага прэзыдэнта Туркмэністану Ніязава?

Згодна з афіцыйнай біяграфіяй, Гурбангулы Бердымухамедаў нарадзіўся ў сям’і кіраўніка аддзелу папраўча-працоўных установаў Мялікгулы Бердымухамедава і хатняй гаспадыні Агулабат. Аднак у інтэрнэце можна знайсьці згадкі пра тое, што насамрэч дзейны кіраўнік Туркмэністану — пазашлюбны сын першага туркмэнскага прэзыдэнта Сапармурата Ніязава. Пра гэта напісана нават у артыкуле Вікіпэдыі, прысьвечаным Гурбангулы Бердымухамедаву.

Абвергнуць альбо пацьвердзіць такую інфармацыю складана. Як і знайсьці першакрыніцу. Прычынай чутак можа стаць незвычайна пасьпяховая кар’ера Бердымухамедава, які зь сельскага стаматоляга спачатку стаў міністрам аховы здароўя, а потым і новым кіраўніком краіны, абышоўшы кіраўніка туркмэнскіх спэцслужбаў. Прыхільнікі вэрсіі аб крэўнай сувязі Ніязава і Бердымухамедава таксама згадваюць пра іх зьнешняе падабенства і непатапляльнасьць будучага кіраўніка краіны на пасадзе міністра аховы здароўя. Сапармурат Ніязаў, вядомы сваёй любоўю да пастаянных перастановак ва ўрадзе, чамусьці не чапаў свайго будучага пераемніка.

Арганізаваў пахаваньне свайго папярэдніка

Першы прэзыдэнт Туркмэністану Сапармурат Ніязаў, які кіраваў краінай два дзесяцігодзьдзі, памёр ва ўзросьце 66 гадоў у канцы 2006-га. Гурбангулы Бердымухамедаў, які на момант ягонай сьмерці ўзначальваў Міністэрства аховы здароўя, стаў арганізатарам пахаваньня.

Ніязаў і Бердымухамедаў, архіўнае фота
Ніязаў і Бердымухамедаў, архіўнае фота

Першапачаткова ўлада ў краіне перайшла да кіраўніка парлямэнту Авезгельды Атаева. Неўзабаве пасьля пахавальнай цырымоніі часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка краіны прызначылі Бердымухамедава. Паводле Канстытуцыі выканаўца абавязкаў ня меў права балятавацца ў прэзыдэнты, аднак гэта Бердымухамедаву не перашкодзіла. 11 лютага 2007 году ён стаў другім афіцыйна абраным прэзыдэнтам з вынікам 89,23%.

Інаўгурацыя Гурбангулы Бердымухамедава ў 2007 годзе
Інаўгурацыя Гурбангулы Бердымухамедава ў 2007 годзе

«Прыгажосьць нябесная»

Беларусаў ня зьдзівіш моцнай асобай на пасадзе кіраўніка краіны, аднак стаўленьне да асобы Гурбангулы Бердымухамедава ў Туркмэністане пераўзыходзіць ня толькі беларускую рэчаіснасьць, але і культ асобы Сталіна ў СССР 30–40-х гадоў.

Напрыклад, у Туркмэністане афіцыйна існуе абавязак фатаграфавацца на фоне партрэта прэзыдэнта для ўсіх пар, якія бяруць шлюб. У 2015 годзе ў Ашгабадзе паставілі 21-мэтровую пазалочаную конную статую «Аркадага» — гэта адзін з афіцыйных тытулаў Бердымухамедава. Іменем бацькі кіраўніка Туркмэністану названыя вайсковая частка і палац культуры. Акрамя гэтага, Нацыянальны банк Туркмэністану выпусьціў юбілейныя залатыя і срэбныя манэты з выявай Гурбангулы Бердымухамедава.

У краіне штогод выдаюцца зборнікі прамоваў Гурбангулы Бердымухамедава, фотаальбомы зь ягоных паездак па Туркмэністане, а таксама кнігі аўтарства прэзыдэнта. Сярод іх ёсьць выданьні з назвамі «Унук, які ўвасобіў мару дзеда», «Прыгажосьць нябесная», «Спорт — гэта шлях да сяброўства, здароўя і дабрыні» ды іншыя.

Фанат сучаснай музыкі

На сваё 56-годзьдзе Гурбангулы Бердымухамедаў арганізаваў грандыёзны канцэрт, выступіць на якім запрасіў, сярод іншых, Філіпа Кіркорава і Джэніфэр Лопэз. Апошняя прасьпявала яму знакамітую Happy Birthday Mr. President, за што атрымала порцыю крытыкі ад праваабаронцаў (Туркмэністан па колькасьці палітзьняволеных апярэджвае нават усе іншыя краіны былога СССР). Аднак на канцэртах Гурбангулы не спыняецца. Ён запісвае ўласныя кампазыцыі ў самых розных жанрах, нават чытае рэп. Адзін з апошніх твораў з актыўным удзелам Гурбангулы Бердымухамедава мае назву «Ровач» і прысьвечаны любімаму жарабяці кіраўніка Туркмэністану. Да гэтага запісу нават зьнялі кліп, у якім Бердымухамедаў фігуруе асабіста разам са сваім унукам. Агулам у дыскаграфіі кіраўніка Туркмэністану восем сынглаў.

І ўвогуле актыўны чалавек

Акрамя запісваньня музычных кампазыцый і здымак у кліпах, Гурбангулы Бердымухамедаў пэрыядычна дае майстар-клясы па баявой стральбе (у тым ліку зь пісталета адной рукой і едучы на горным ровары), скачках на гіпадроме, гонках на спартовых аўтамабілях і нават пісаньні кніг, прысьвечаных лекавым травам роднай краіны. Усе гэтыя дасягненьні кіраўніка Туркмэністану здымаюцца на відэа і распаўсюджваюцца афіцыйным інфармацыйным агенцтвам Туркмэністану, іх можна пабачыць на Youtube.

Да таго ж Гурбангулы Бердымухамедаў мае 10 дзяржаўных узнагарод Туркмэністану (у тым ліку два званьні Героя) і 16 замежных ордэнаў, а таксама 18 ганаровых званьняў. Сярод іх — і званьне ганаровага прафэсара БДУ, атрыманае ў 2012 годзе.

Бонус — вінен грошы Беларусі

Бердымухамедаў і Лукашэнка, Менск, 2013 год
Бердымухамедаў і Лукашэнка, Менск, 2013 год

Нягледзячы на прыязныя адносіны паміж Бердымухамедавым і Лукашэнкам (кіраўнік Беларусі ня раз бываў у Ашгабаце), Туркмэністан ужо некалькі гадоў не вяртае Беларусі доўг памерам каля 150 мільёнаў даляраў. Ён утварыўся ў выніку спрэчак паміж беларускімі і туркмэнскімі кампаніямі, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве Гарлыцкага горнага камбінату. Туркмэністан наяўнасьць доўгу не прызнае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG