Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Дзяліць «скуру прэзыдэнта» дачасна. Чуткі пра сьмерць Бердымухамедава абвяргаюцца, але ніхто ня бачыў яго жывым

Дзяліць «скуру прэзыдэнта» дачасна. Чуткі пра сьмерць Бердымухамедава абвяргаюцца, але ніхто ня бачыў яго жывым


Гурбангулы Бердымухамедаў
Гурбангулы Бердымухамедаў

Фармальна лічыцца, што прэзыдэнт Туркмэністану ад 15 ліпеня ў афіцыйным адпачынку.

Як зьявіліся чуткі пра сьмерць прэзыдэнта Туркмэністану

20 ліпеня апазыцыйны YouTube-канал «Свабодны Туркмэністан» са спасылкай на свае крыніцы ў Ашгабадзе паведаміў, што 62-гадовы Гурбангулы Бердымухамедаў памёр ад вострай ныркавай недастатковасьці. Гэтыя зьвесткі радыёстанцыі «Говорит Москва» пацьвердзіў дырэктар Цэнтру маніторынгу эўразійскіх праблем Аслан Рубаеў. Інфармацыю падхапіў Telegram-канал El Murid, які спэцыялізуецца на асьвятленьні падзеяў у Сярэдняй Азіі і арабскіх краінах.

Празь некалькі гадзін інфармацыю абверглі ў амбасадах Туркмэністану ў Расеі і Кіргізстане, а затым ад сваіх слоў адмовіўся і палітоляг Рубаеў, папрасіўшы прабачэньня ва ўсіх, каго ўвёў у зман. У сваю чаргу, выданьне «Хроніка Туркмэністану» напісала, што насамрэч у цяжкім стане не прэзыдэнт, а ягоная маці Агулабат, якая ўжо даўно лекуецца ў Нямеччыне.

Мяціеў: Народ стаіць у чэргах па прадукты, а сваякі прэзыдэнта пілуюць бюджэт

Руслан Мяціеў
Руслан Мяціеў

Руслан Мяціеў, родам з Дашагузу, даўно жыве ў Галяндыі, там заснаваў і рэдагуе рэсурс «Альтэрнатыўныя навіны Туркмэністану» . На падставе інфармацыі, якую дасылаюць з радзімы ягоныя карэспандэнты-добраахвотнікі і неабыякавыя землякі, ён падае хроніку зьнікненьня Аркадага (ганаровы тытул прэзыдэнта Туркмэністану).

5 ліпеня прэзыдэнт Бердымухамедаў падсумаваў вынікі паўгодзьдзя на пашыраным паседжаньні Кабінэту Міністраў і пасьля гэтага зьнік з тэлеэкранаў на 10 дзён.

12 ліпеня незалежныя журналісты знайшлі прэзыдэнцкі «Боінг» з рэгістрацыйным нумарам EZ-A007 у аэрапорце Нюрнбэргу. Паводле туркмэнскіх СМІ, у Нямеччыне лекуецца маці Бердымухамедава.

15 ліпеня афіцыйныя агенцтвы паведамілі, што кіраўнік краіны сышоў у адпачынак і ў першы ж вольны дзень завяршыў 11-ы том кнігі «Лекавыя расьліны Туркмэністану». Дзяржаўная тэлевізія паказала, як ён працуе і гуляе з унучкамі. Зрэшты, сюжэт мог быць зьняты калі заўгодна, бо ў краіне 45-градусная сьпёка, а прэзыдэнт чамусьці ў кашулі з доўгім рукавом.

У ноч на 20 ліпеня на YouTube-канале Erkin Turkmenistan, які вядзе са Швэцыі туркмэнскі пісьменьнік Акмухамэд Вельсапараў, зьявіліся паведамленьні пра сьмерць прэзыдэнта.

Малітва за Бердымухамэдава, чэрвень 2019-га
Малітва за Бердымухамэдава, чэрвень 2019-га

«Паколькі ні жывым, ні мёртвым яго не паказалі, дзяліць „скуру прэзыдэнта“ крыху дачасна, — кажа Руслан. — Тым ня меней не сакрэт, што інстытут выбараў у Туркмэністане — не аўтарытэт і не інструмэнт, а простая фармальнасьць, за якой усё вырашана. І людзі разважаюць так: што б ні адбылося, хто б ні прыйшоў наступны, горш ня будзе. Хіба засталося расчляняць тых, хто не даспадобы, прылюдна на плошчы ці паліць на вогнішчах і зьядаць. Валіцца ніжэй ужо немагчыма».

Пасьля сьмерці Сапармурата Ніязава туркмэны спадзяваліся на перамены. У якой ступені тыя спадзяваньні апраўдаліся? І ці насамрэч наступнік Туркмэнбашы яшчэ больш узурпаваў уладу?

«Пры Ніязаву было нясоладка, але цяпер узровень карупцыі ўзьляцеў неймаверна, — адзначае Мяціеў. — Людзей раздражняе, што ў прэзыдэнта шматлікая радня, якая літаральна ўсё падмінае пад сябе, прысабечваюць нават дзяржаўныя кантракты. Будуюць аўтабан за 2,3 мільярда даляраў, і як мінімум адна з чатырох фірмаў належыць ягонаму зяцю. У той час як народ стаіць у чэргах па базавыя прадукты харчаваньня, — не хаваючыся расьпілоўваюць бюджэт, носяць гадзіньнікі за мільён даляраў. Абураюць нахабныя паводзіны, адчуваньне ўсёдазволенасьці».

Анамурадаў: Як можна пераварваць хлусьню ў такіх абʼёмах?

Чары Анамурадаў
Чары Анамурадаў

«Замбаваньне, падмацаванае інстынктам самазахаваньня», — так апісвае колішні палітвязень туркмэнскіх уладаў Чары Анамурадаў стан, у якім знаходзяцца туркмэны пры Бердымухамедаву.

«Тры мае дачкі глядзяць афіцыйны спадарожнікавы туркмэнскі канал і плачуць, — кажа Анамурадаў. — У кадры з раніцы да вечара Аркадаг. Зрэшты, як і ў беларусаў: у нас Бердымухамедаў, у вас — Лукашэнка. Сорам які... Дзеці пытаюцца: як нашы сваякі, аднагодкі жывуць, як можна пераварваць хлусьню ў такіх абʼёмах? Вядома, да любога ідыятызму прызвычайваесься, калі яго ўбіваюць ад нараджэньня. Тэлефануеш блізкім, сябрам: ад страху або дзеля перастрахоўкі, але яны хлусяць!»

Чары Анамурадаў служыў у Ашгабадзе сьледчым, а затым заняўся расьсьледавальнай журналістыкай. У 1997-м быў асуджаны на 18 гадоў зьняволеньня — інкрымінаваліся паўтара дзясятка цяжкіх артыкулаў, ад кантрабанды да крадзяжу дзяржаўнай уласнасьці. Сам ён перакананы, што прычынай сталі артыкулы пра пастаўкі наркотыкаў, якія прыкрываліся на высокім узроўні. Адным з герояў рэпартажаў быў Хажагельды Аразгельдыеў, пляменьнік будучага прэзыдэнта Гурбангулы Бердымухамедава, асуджаны за наркатрафік з Аўганістану і Ірану.

Анамурадаў правёў у турме 4 гады, выйшаў па амністыі. Ратаваўся ад перасьледу ў тым ліку і ў Беларусі. У 2004-м атрымаў швэдзкае грамадзянства, жыве ў Стакгольме.

У 2016-м прыляцеў у Менск з малодшай дачкой. У аэрапорце яго затрымалі для высьвятленьня асобы (дачку адпусьцілі). У транспартнай пракуратуры патлумачылі прычыну — афіцыйны Ашгабад патрабаваў вяртаньня ўцекача. Замаячыла пэрспэктыва экстрадыцыі на радзіму і непазьбежнай турмы. Два месяцы Анамурадаў правёў у СІЗА № 1 Менску, адкуль гэтак жа нечакана яго выпусьцілі. На яго перакананьне, спрацавала актыўнасьць швэдзкай амбасады і міжнародная салідарнасьць.

«Прырода ўсіх аўтарытарных рэжымаў падобная: Цэнтральная Азія гэта ці Беларусь — розьніцы няма, — лічыць суразмоўца. — На жаль, правадыры забываюцца, дзеля чаго прыйшлі да ўлады. Іх галоўная мэта — любой цаной застацца на вяршыні, таму актыўна падцягваюць да „трону“ сваіх дзяцей, каб было на каго абаперціся. Атачылі сябе сілавікамі, арміяй. Каго баяцца? Уласнага народу! Якое б зацюканае ні было грамадзтва, людзі стамляюцца ад самаўпраўства. І калі не выходзіць нешта зьмяніць праз выбары, застаецца адно — спадзявацца на сьмерць дыктатара».

Як жыве Туркмэністан

Туркмэністан разам з Паўночнай Карэяй лічыцца адной з самых закрытых дзяржаў, дазвол на ўезд туды атрымаць практычна немагчыма. Гэта адзіная краіна, у якую патрабуюцца візы жыхарам усіх былых саюзных рэспублік.

Курс на міжнародную ізаляцыю быў узяты яшчэ папярэднім прэзыдэнтам Сапармурадам Ніязавым, адным з самых жорсткіх аўтарытарных кіраўнікоў. Пасьля сьмерці Туркмэнбашы (галава ўсіх туркмэнаў) у канцы 2006 году былі спадзяваньні, што настануць доўгачаканыя зьмены, але ягоны наступнік пераўзышоў у кульце асобы нават свайго настаўніка.

Гурбангулы Бердымухамедаў кіруе краінай больш за 12 гадоў. Аркадаг (апякун, абаронца ўсіх туркмэнаў) двойчы пераабіраўся на найвышэйшую пасаду з паказьнікамі 97% і 95% галасоў (у 2012 і 2017 гадах адпаведна). Пасьля ўнясеньня паправак у Канстытуцыю прэзыдэнцкі тэрмін падоўжаны да сямі гадоў замест першапачатковых пяці.

Пэрыяд праўленьня Ніязава, які кіраваў краінай амаль 20 гадоў і меў статус пажыцьцёвага прэзыдэнта, называўся Залатым Векам. Бердымухамедаў свой этап называў «Эпохай Вялікага Адраджэньня», а пасьля выбараў 2012 году абвясьціў пра пачатак «Эпохі Магутнасьці і Шчасьця». Так афіцыйная ідэалёгія пераарыентавалася на патрэбы новага кіраўніка.

Бердымухамедаў на кані, 2013 год
Бердымухамедаў на кані, 2013 год

Прэзыдэнт мае мноства ўзнагародаў і званьняў: Герой Туркмэністану, доктар мэдычных навук, доктар эканомікі, акадэмік Акадэміі навук. У Ашгабадзе працуе музэй, прысьвечаны ягоным дасягненьням. На зьмену ніязаўскай «Рухнаме», якая мела статус «сьвятой кнігі», прыйшлі пісаньні самога Бердымухамедава — у творчым даробку чатыры дзясяткі тамоў толькі з сэрыі «Чай: вылячэньне і натхненьне».

А яшчэ ён з аднолькавай лёгкасьцю піша пра дываны, скакуноў, прымаўкі і прыказкі, штампуе па дзясятку кніг на год са збору «Да новых вышыняў прагрэсу». Усе творы ягоныя падначаленыя прымаюць з такімі ж ушанаваньнямі, як і Каран: калі чыноўнікам публічна раздавалі кнігу пра гарбату, тыя тройчы прыкладалі яе да галавы.

Бердымухамедаў, стаматоляг паводле адукацыі, таксама экспэрымэнтаваў у якасьці хірурга-анколяга, паэта, кампазытара, сьпевака, музыкі-гітарыста, дыджэя і аўтагоншчыка. Ён пераможца нацыянальных спаборніцтваў у конных скачках і аўтагонках. Аркадаг можа сабе дазволіць быць экстравагантным — напрыклад, учыніць агляд гатовасьці вайсковых самалётаў верхам на ровары. Або сесьці за руль дарагога «Гелендвагена» і зьехаць некуды ў поўнай адзіноце.

Адрозна ад Сапармурата Ніязава, які ігнараваў калегаў па СНД, Гурбангулы Бердымухамедаў рэгулярна сустракаецца з Аляксандрам Лукашэнкам. Калі да пачатку прэзыдэнцкай кадэнцыі былога дантыста беларускі кіраўнік быў у Туркмэністане толькі аднойчы, то зь яго прыходам наведваўся ў Ашгабад ажно пяць разоў. Аркадаг, у сваю чаргу, прыяжджаў у Беларусь чатыры разы і разам зь іншымі адыёзнымі асобамі трапіў тут у ганаровы пералік «блізкіх сяброў» Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG