Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка не сьвяткаваў 25-годзьдзе свайго прэзыдэнцтва?


Ці заўважыла палітызаваная публіка дзіўны парадокс: 25-годзьдзе кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі адзначылі толькі недзяржаўныя мэдыі? На афіцыйным узроўні, у дзяржаўных СМІ гэтая дата практычна ніяк ня ўзгадвалася, ня кажучы ўжо пра тое, каб урачыста яе сьвяткаваць.

Сьцісла

  • Улады шмат гадоў навязваюць грамадзтву міт, паводле якога сапраўдным пачаткам беларускай гісторыі абвяшчаецца 1994 год.
  • Палітычная кампанія па ўрачыстым сьвяткаваньні «слаўнага» 25-годзьдзя, разгорнутая на пачатку году, была нечакана спыненая.
  • Лукашэнку няма чым хваліцца перад народам.
  • Украінскія выбары, якія прадэманстравалі надзею на новых людзей у кіраўніцтве, моцна ўзрушылі беларускае грамадзтва. І Лукашэнка, мусіць, вырашыў, што на гэтай хвалі нагадваць пра свае нязьменныя 25 гадоў будзе недарэчы.

Адмова ад сьвяткаваньня юбілею выглядае вельмі дзіўна, асабліва на тле ідэалягічнага міту, які шмат гадоў улады навязваюць грамадзтву і паводле якога сапраўдным пачаткам беларускай гісторыі абвяшчаецца 1994 год. Гэтая ідэя закладзеная ў Музэі сучаснай беларускай дзяржаўнасьці. На сайце газэты «Беларусь сегодня» ёсьць рубрыка «25.by Чвэрць стагодзьдзя беларускай дзяржаўнасьці». Сам Лукашэнка шмат разоў апавядаў, як ён уратаваў Беларусь, якая нібыта гібела на пачатку 1990-х гадоў.

Для падтрыманьня гэтага міту штучна прыніжаюцца іншыя знакавыя падзеі багатай беларускай гісторыі. Улады нават змазалі, рэдукавалі, спусьцілі на тармазах маштабнае сьвяткаваньне 100-годзьдзя БССР. Паціху абясцэньваюцца нацыянальныя героі. Яшчэ ў 2005 годзе Лукашэнка прыбраў імёны Францішка Скарыны і Пятра Машэрава з назваў цэнтральных праспэктаў Менску. Цяпер дайшло і да Кастуся Каліноўскага, якога дзяржаўныя мэдыі пачалі называць польскім дзеячом. І ўсё гэта дзеля таго, каб расчысьціць глебу для іншага героя, якому не патрэбныя канкурэнты.

Выкінутая шыльда «Праспэкт Францішка Скарыны», 2005 год
Выкінутая шыльда «Праспэкт Францішка Скарыны», 2005 год

Таму здавалася, што ў ліпені краіну чакае ўсенароднае сьвята. 25 год кіраваньня, чвэрць стагодзьдзя. Наступны юбілей будзе празь пяць гадоў. Ніхто ня ведае, што можа адбыцца за гэты час. Таму цяпер самы раз было сьвяткаваць.

І на пачатку году ўлады распачалі адпаведную палітычную кампанію. Вось у газэце «Беларусь сегодня» зьявілася ўзгаданая вышэй рубрыка, дзе друкаваліся на дзьвюх палосах матэрыялы, прысьвечаныя «слаўным» 25 гадам. Аналягічныя праекты пачалі рэалізоўвацца на тэлеканалах.

Аднак праз пэўны час гэтую кампанію спынілі. І сам юбілей прайшоў практычна не заўважаны дзяржаўнымі мэдыямі. Калі б не незалежныя СМІ, то грамадзтва б увогуле прапусьціла гэтую дату.

Чаму Лукашэнка не захацеў наладзіць сабе яшчэ адно сьвята? На мой погляд, існуюць некалькі прычын такога рашэньня.

Найперш, варта адзначыць, што кіраўнік Беларусі вельмі асьцярожна ставіцца да свайго культу. У яго пакуль хапае здаровага сэнсу не чапляць на сябе ордэны і мэдалі, не будаваць помнікаў, ня ўпісваць сваё імя ў Канстытуцыю, як гэта робяць дыктатары ў некаторых усходніх краінах.

Мяркую, Лукашэнка добра памятае сумны досьвед Леаніда Брэжнева, які любіў чапляць на сябе іканастас з ордэнаў, урачыста сьвяткаваць розныя юбілеі. Ужо зусім нямогламу генсеку, які зь цяжкасьцю мог гаварыць, савецкія мэдыі нястрымна пяялі хвалу, называлі яго «выбітным дзяржаўным дзеячам». Кантраст паміж тым, што народ бачыў па ТБ, і прапагандай быў такі вялізны, што людзі пляваліся і расказвалі анэкдоты.

А галоўная прычына ў тым, што няма чым хваліцца. Пяцігадовы плян правалены. У большасьці грамадзтва ёсьць вялікае расчараваньне, псыхалягічнае адчуваньне тупіку, безнадзейнасьці, адсутнасьці пэрспэктыў. Давер да ўлады і, у прыватнасьці, да самога Лукашэнкі моцна ўпаў. Мабыць, ён ведае вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў, таму ня мае ніякіх ілюзій наконт сваёй папулярнасьці. 11 чэрвеня, выступаючы перад чыноўнікамі, ён заявіў: «І я разумею, і вы разумееце, што ўжо не памірае народ ад любові да нас». Таму на гэтым тле Лукашэнка разважліва вырашыў, што ня варта лішні раз нагадваць народу пра тое, як доўга ён кіруе краінай, каб не раздражняць людзей.

Думаю, адыгралі пэўную ролю ўкраінскія выбары (прэзыдэнцкія і парлямэнцкія). Беларусы нечакана вельмі моцна ў іх заангажаваліся. Паводле маіх уласных назіраньняў, далёкія звычайна ад палітыкі людзі раптам пачалі азартна заўзець за ўкраінскіх палітыкаў. Украінскія выбары палітызавалі беларусаў. Беларускае грамадзтва ўразіў той энтузіязм, зь якім суседзі выбралі Ўладзіміра Зяленскага новым прэзыдэнтам, пракаціўшы старых палітыкаў, у тым ліку дзейнага на той час кіраўніка дзяржавы Пятра Парашэнку. Аказваецца, так можна! Вялікі спадзеў на новых людзей у кіраўніцтве захапіў і беларусаў. Гэтага ня мог не заўважыць Лукашэнка. Невыпадкова беларускія тэлеканалы старанна пераконваюць, што, маўляў, чым больш дэмакратыі ва Ўкраіне, тым горш украінцы жывуць. Тым ня менш Лукашэнка, мусіць, вырашыў, што на гэтай хвалі нагадваць пра свае нязьменныя 25 гадоў будзе недарэчы.

І апошні чыньнік — адносіны з Расеяй. Тут таксама няма чым хваліцца. Магчыма, надыходзіць самы цяжкі пэрыяд беларуска-расейскіх дачыненьняў. Верагодна, сам Лукашэнка ведае нешта такое, чаго ня ведаем мы. І гэтая праўда вельмі непрыемная. Кіраўнік Беларусі страчвае вобраз адзінага і нязьменнага чалавека, які можа дамовіцца з Крамлём пра расейскія датацыі. Таму цяпер — не да сьвята.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG