Госьць «Інтэрвію тыдня» — беларускі сацыёляг Сяргей Нікалюк. Ён сьцьвярджае, што каштоўнасьці беларусаў за апошнія 25 гадоў амаль не зьмяніліся, і тлумачыць, чаму так адбылося, а таксама заяўляе, што для ўлады кансэрвацыя статус-кво больш выгадная, чым мадэрнізацыя.
Каштоўнасьці людзей мяняюцца за кошт удзелу ў грамадзянскай актыўнасьці. Але дзяржава робіць усё, каб грамадзянская актыўнасьць была мінімальнай
— Гэтымі тыднямі ў Беларусі актыўна абмяркоўваюць 25-годзьдзе ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Калі прааналізаваць тыя перамены, якія адбыліся за гэты час са сьветапоглядам беларусаў, і паспрабаваць з сацыялягічнага пункту гледжаньня ацаніць каштоўнасьці насельніцтва Беларусі — то што варта сказаць?
— Я паглядзеў апублікаванае нядаўна дасьледаваньне ІПМ, якое называецца «Каштоўнасьці насельніцтва Беларусі», і зачытаю першы сказ адтуль: «Сучаснае грамадзтва зьяўляецца ў надзвычайнай ступені дынамічнай структурай, зьмены адбываюцца ўвесь час і вельмі хутка». Гледзячы па гэтым сказе, можна думаць, што гэтае дасьледаваньне правялі аптымісты. Я, аднак, у гэтым пляне хутчэй пэсыміст.
У чым тут праблема? Пра якія зьмены мы кажам? Калі пра спажывецкія зьмены — то яны вялізныя. Просты прыклад — аўтамабілі да перабудовы мелі адзінкі, цяпер іх 2,5 мільёна. Вось зьмена паводзінаў, мільёны беларусаў сталі кіроўцамі.
Аднак калі мы паглядзім на тое, што сацыёлягі называюць «ядром калектыўных уяўленьняў» — дык тут зьмены мінімальныя. Таму, як у 1994 годзе беларусы прагаласавалі за аўтарытарнага лідэра, дык гэтак ён без асаблівых праблемаў 4 разы сам сябе перавыбіраў. Я думаю, у яго ёсьць усе магчымасьці пераабраць сябе зноў.
— Вы неяк казалі, што беларусы ўспрымаюць дзяржаву як вялікую сям’ю. Якая частка беларусаў мысьліць менавіта так, па-патэрналісцку, а якая ўспрымае дзяржаву па-заходняму, як балянс улады і розных інтарэсаў?
— Яшчэ першыя апытаньні НІСЭПД у 1992 годзе зафіксавалі раскол у беларускім грамадзтве — на традыцыйную большасьць і прасунутую меншасьць. І гэта было недзе 60 на 30 працэнтаў. Гэта зафіксавалі і першыя прэзыдэнцкія выбары, калі галасы яшчэ лічылі. За 25 гадоў працы НІСЭПД гэтая лічба моцна не зьмянілася. Думаю, што ў гэтым пляне структура беларускага грамадзтва сёньня тая самая, як і на пачатку 90-х.
І ў гэтым няма нічога нечаканага. Бо каштоўнасьці людзей мяняюцца найперш за кошт удзелу людзей у грамадзянскай актыўнасьці. Але наша дзяржава робіць усё, каб грамадзянская актыўнасьць была мінімальная.
Што да каштоўнасьцяў самарэалізацыі — дык тут беларусы ў аўтсайдэрах, мы саступаем нават Этыёпіі
— Падчас пераменаў пачатку 90-х многія журналісты і палітыкі заяўлялі, што са зьменай эканамічных умоваў і дачыненьняў зьменяцца і каштоўнасьці людзей. За апошнія 20 гадоў беларусы актыўна падвышалі свой дабрабыт, куплялі тэхніку, аўтамабілі, зьяўляліся новыя сфэры эканомікі — але, як вы заяўляеце, ніякіх істотных каштоўнасных зьменаў не адбылося?
— Гэта ня толькі я так лічу. Беларусь з 1996 году ўдзельнічае ў праграме па вывучэньні ўсясьветных каштоўнасьцяў, якая ахоплівае 95 працэнтаў насельніцтва Зямлі. У выніку гэтай праграмы малюецца ўсясьветная карта каштоўнасьцяў. Па вэртыкальнай восі фіксуецца пераход ад традыцыйных (найперш рэлігійных) каштоўнасьцяў да рацыянальных. І тут беларусы сярод лідэраў. Але гэта вынік савецкай улады найперш, якая фактычна зьнішчыла рэлігійнасьць.
Што тычыцца другой, гарызантальнай восі, якая фіксуе пераход ад каштоўнасьцяў выжываньня да каштоўнасьцяў самарэалізацыі — дык тут беларусы ў аўтсайдэрах, мы саступаем нават Этыёпіі. Гэтыя апытаньні праводзяцца кожныя 5 гадоў, і прынцыповых зьменаў па гэтай гарызантальнай восі не заўважна.
Так што паўтару тое, з чаго пачаў. Адна справа — асвойваць сучаснасьць праз спажываньне, і тут беларусы ўпраўляюцца ня горш за сваіх эўрапейскіх калегаў. І зусім іншае — гатоўнасьць адказваць ня толькі за сябе, але і за сваю краіну. А бяз гэтага дэмакратыі быць ня можа.
— У тым самым апытаньні ІПМ, да якога мы зьвярталіся, ёсьць лічбы, якія нярэдка ўжо цытаваліся ў беларускай прэсе — наконт таго, што беларусы нашмат болей, чым раней, схільныя да рынкавай эканомікі. Ці можна сказаць, што ў гэтым пытаньні беларускае грамадзтва апярэджвае ўладу, а ўлада не сьпяшаецца ісьці за грамадзкімі настроямі з сваіх суб’ектыўных прычынаў?
— Тут я магу пагадзіцца. Бо тое, што называецца «сацыяльнай дзяржавай», свае абавязаньні ўжо выконвае ня так, як раней. Таму беларусы проста вымушаныя прывыкаць да рынкавых адносін.
Але ў тым жа апытаньні ёсьць табліца пра тое, якія якасьці патрэбныя, каб стаць багатым. «Працавітасьць». Гэтую якасьць у 2006 годзе адзначалі 33 працэнты, а ў 2018-м — 49. Здаецца, добра. Але ня ўсё так адназначна. Бо 52 працэнты беларусаў лічаць, што каб сёньня стаць багатым у Беларусі, то трэба мець сувязі. Якія адносіны гэта мае да рынку? Так што беларусы разумеюць, што «рынак» у нас спэцыфічны, галоўнае тут — гэта сувязі.
— Сёньняшняя ўлада акурат абапіраецца на патрыярхальныя якасьці і стэрэатыпы беларусаў і кажа, што ня трэба нікуды ісьці. Але ж, магчыма, улада павінна весьці народ наперад, да больш прагрэсіўных і мадэрных задачаў?
— Улада ставіць перад сабой выключна свае задачы. Яе галоўная задача — ня весьці нас некуды, а займацца самазахаваньнем. Яна выдатна разумее, што кансэрваваць статус-кво для яе сёньня выгадней, чым займацца перабудовай і мадэрнізацыяй.
Таму чакаць ад нашай улады нейкіх рэфарматарскіх крокаў ня варта. Лукашэнка ў сваім апошнім пасланьні пра гэта вельмі падрабязна казаў, што нікуды ён весьці народ не зьбіраецца. Ён кажа — «Вы ж самі ня хочаце».
— Натуральна, што кардынальныя зьмены ў грамадзкай сьвядомасьці адбываюцца ня хутка. Але рэвалюцыйныя палітычныя зьмены часам адбываюцца літаральна за некалькі дзён — і потым грамадзтва да іх даволі доўга прывыкае. Нават патрыярхальныя беларусы могуць даволі спакойна, без пратэстаў, успрыняць любыя зьмены. Калі заўтра ўлада скажа: «Ідзем у Эўразьвяз» — ніхто гэтаму асабліва актыўна ня будзе пярэчыць.
— Нагадаю базавую ідэю сацыёлягаў, што постсавецкае грамадзтва можа быць у стане палітычнай апатыі і ў стане палітычнага ўзбуджэньня. Але нават калі грамадзтва пераходзіць у стан палітычнага ўзбуджэньня — што людзі майго пакаленьня назіралі на пачатку 90-х — на самой справе прырода грамадзтва пры гэтым не мяняецца.
Людзі могуць выказваць сваё нездавальненьне, што і прыводзіць да зьяўленьня новых людзей ва ўладзе. Але потым высьвятляецца, што людзі ва ўладзе зьмяніліся, а сама ўлада засталася тая самая. І галоўная яе характарыстыка — што яна па-ранейшаму непадсправаздачная грамадзтву. Чаму? Бо няма таго грамадзтва, якое гатовае ва ўлады спытаць.
Але новае «ўзбуджэньне» вельмі магчымае. Больш за тое — мы да яго ідзём. Зь якой хуткасьцю — пра гэта можна спрачацца.