Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1978, Брэжнеў у Менску: «Я хачу дамоў!» АРХІЎНЫЯ ФОТА


Брэжнеў у Менску, 25 чэрвеня 1978
Брэжнеў у Менску, 25 чэрвеня 1978

41 год таму Леанід Брэжнеў наведаў Менск і ўручыў беларускай сталіцы залатую зорку гораду-героя.

Раніцай 25 чэрвеня 1978 да першай плятформы менскага чыгуначнага вакзалу падышоў незвычайны цягнік — толькі два пасажырскія вагоны. Нязвыкла выглядаў і вакзал: ніякіх пасажыраў з валізкамі, ніхто нікога не сустракае і не праводзіць, адны міліцыянты ў белай параднай форме і спартовага выгляду хлопцы ў шэрых гарнітурах.

Пустой была і плошча перад вакзалам.

Затое на плятформе былі ўсе члены бюро ЦК КПБ у поўным складзе на чале зь першым сакратаром Пятром Машэравым, кіраўнікі менскіх гаркаму і гарвыканкаму, перадавікі вытворчасьці з зоркамі Герояў сацыялістычнай працы.

Апошнія і ўручылі Леаніду Ільічу Брэжневу, як толькі ён выйшаў з вагона, сымбалічны ключ ад горада-героя Менску. Разам з Брэжневым прыбыў і міністар абароны СССР, маршал Савецкага Саюзу Дзьмітрый Усьцінаў. Зрэшты, Брэжнеў і сам нядаўна атрымаў маршальскія пагоны.

Брэжнева сустракаюць у Менску. Справа ад яго Машэраў
Брэжнева сустракаюць у Менску. Справа ад яго Машэраў

Званьне горада-героя беларускай сталіцы было нададзена яшчэ ў 1974 годзе ўказам, падпісаным тагачасным старшынём прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Мікалаем Падгорным. Але незадоўга да паездкі ў Менск Брэжнеў пазбавіўся ад свайго колішняга паплечніка і дадаў да пасады генэральнага сакратара ЦК КПСС фармальны тытул кіраўніка дзяржавы.

Указ аб наданьні Машэраву званьня Героя сацыялістычнай працы ў сувязі зь ягоным 60-годзьдзем падпісаў ужо Брэжнеў. І суправаджальнікі везьлі ў Менск тры залатыя зоркі: адну для Менску, дзьве — для Машэрава, які меў зорку Героя Савецкага Саюзу (чаму дзьве, а не адну — пра гэта пазьней).

Для пераездаў Брэжнева і Ўсьцінава па беларускай сталіцы з Масквы даставілі два «ЗіЛы» (яшчэ адзін лімузін быў замацаваны за Машэравым). Ленінскім праспэктам картэж ехаў у атачэньні матацыклістаў — раней у Менску так суправаджалі толькі прэзыдэнта ЗША Ніксана ды іншых рэдкіх кіраўнікоў замежных дзяржаваў.

Картэж Брэжнева на Кастрычніцкай плошчы ў Менску
Картэж Брэжнева на Кастрычніцкай плошчы ў Менску

Тое, як прымалі Брэжнева ў Менску ў 1978, у пэўным сэнсе было фіксацыяй новага этапу ягонага культу. У лютым Брэжнеў атрымаў ордэн «Перамога». Тады ж, у лютым, была апублікаваная першая частка мэмуараў Брэжнева «Малая зямля», у траўні другая, «Адраджэньне», яны адразу зрабіліся абавязковым чытаньнем у школах, гучалі па радыё, а пасьля выхаду трэцяй часткі («Цаліна») прынесьлі аўтару Ленінскую прэмію ў літаратуры.

Аднак апатэоз культу Брэжнева супаў зь ягонай фізычнай ды псыхічнай нямогласьцю, што і ўбачылі на свае вочы жыхары Менску.

Дыягназ — астэнія

Паводле ўспамінаў, у 1950-1960 гады Брэжнеў вызначаўся сярод іншых кіраўнікоў СССР сваёй энэргіяй, хуткай рэакцыяй, пачуцьцём гумару (ягоная мянушка сярод сяброў была «балерына»). Але ў чэрвені 1978-га ў Менск прыехаў ужо зусім іншы Брэжнеў.

Каб адчуць розьніцу, прывяду два ўрыўкі з успамінаў тых, хто блізка ведаў Брэжнева.

Першы належыць былому дзяржаўнаму сакратару ЗША Гэнры Кісынджэру і апісвае сустрэчу з Брэжневым у пачатку 1970-х.

«Аднойчы у Завідаве ён падвёў мяне да чорнага „Кадылака“, які яму падараваў Ніксан год таму... Брэжнеў сеў за стырно, я — побач, і мы памчаліся на вялікай хуткасьці па вельмі вузкіх і зьвілістых вясковых дарогах. Можна было толькі маліцца, каб на бліжэйшым скрыжаваньні зьявіўся які-небудзь паліцыянт і паклаў канец гэтай вар’яцкай гонцы. Але хто б асьмеліўся спыніць машыну генэральнага сакратара партыі? Хуткая язда скончылася ля прычалу. Брэжнеў пасадзіў мяне на катэр на падводных крылах, які, на шчасьце, ня ён асабіста вёў. Але ў мяне склалася ўражаньне, што гэты катэр меў пабіць той рэкорд хуткасьці, які ўстанавіў генэральны сакратар падчас нашай паездкі на аўтамабілі».

Другі фрагмэнт — з успамінаў перакладчыка Брэжнева Віктара Сухадрэва (дарэчы, ягоныя бацькі паходзяць зь Віцебшчыны) пра перамовы ў Вэне ў 1979-м з прэзыдэнтам ЗША.

«Мне зрабілася асабліва сорамна падчас гутаркі адзін на адзін Брэжнева з Картэрам. Тады Брэжнеў ужо без паперкі нічога не прамаўляў. Гутарка адзін на адзін зводзілася да таго, што Брэжнеў зачытваў запар загадзя падрыхтаваныя тэксты, дрэнна ўспрымаючы тое, што адказваў Картэр. Каб адрэагаваць на магчымыя пытаньні, некалькі шаблёнаў далі і мне. У выпадку неабходнасьці я мусіў перадаць іх Брэжневу. Сярод папераў адна была асаблівай. Усё залежала ад таго, як Картэр паставіць пытаньне: альбо трэба было чытаць увесь падрыхтаваны тэкст адказу, альбо толькі палову. Калі Картэр задаў пытаньне, я закрэсьліў у тэксьце непатрэбную частку і перадаў аркуш Брэжневу. Ён пачаў чытаць і, дабраўшыся да закрэсьленага, павярнуўся да мяне: „А далей чытаць ня трэба?“ — „Ня трэба“, — адказаў я і з жахам паглядзеў на Картэра і ягонага перакладніка, якія ўважліва назіралі за гэтай сцэнай, цудоўна разумеючы, што адбываецца. Мне зрабілася па-сапраўднаму сорамна».

Звычайныя жыхары СССР такіх праяваў стану генэральнага сакратара, вядома, ня бачылі, але хапала і таго, што адцэнзуравана паказвалася па тэлевізіі: Брэжнеў дрэнна рухаўся і прамаўляў зь вялікай цяжкасьцю. Савецкія людзі вынесьлі вэрдыкт: старэчы маразм.

Насамрэч ніякага маразму, зьвязанага менавіта з узростам, у Брэжнева не было.

Заўважым, што ў момант прыезду ў Менск Брэжневу быў 71 год — ён быў маладзейшы за, напрыклад, цяперашніх Някляева і Пазьняка, энэргіі якіх я зайздрошчу ў свае 56.

У Брэжнева была іншая хвароба: залежнасьць ад мэдычных прэпаратаў, з дапамогай якіх ён змагаўся зь бяссоньніцай. Дозы патрабаваліся ўсё большыя і, паводле ўспамінаў тагачаснага начальніка 4-га Галоўнага ўпраўленьня Міністэрства аховы здароўя СССР акадэміка Чазава, нэгатыўна ўплывалі на ягоны стан. У Брэжнева разьвілася астэнія — нэрвова-фізычная нямогласьць. Адна з праяваў такога стану — няздольнасьць доўга канцэнтравацца, імгненьне пазьбегнуць вонкавых раздражняльнікаў (у тым ліку гутарак зь людзьмі), словам, тое, што можна перадаць фразай «Пакіньце мяне ў спакоі!»

У 1976 годзе Брэжнеў перанёс клінічную сьмерць — жыцьцё генэральнаму сакратару ўратавалі, але ранейшай працаздольнасьці ўжо не было. Брэжнеў сказаў калегам у Палітбюро, што хацеў бы пайсьці на пэнсію — аднак паплечнікі заявілі, што і слухаць пра гэта ня хочуць, што ён гарант палітычнай стабільнасьці, міру на планэце і гэтак далей.

Адстаўка Брэжнева не была выгадная нікому з вышэйшага партыйнага кіраўніцтва, бо ў другой палове 1970-х ніхто з членаў Палітбюро ня меў адназначна цьвёрдай пазыцыі ў якасьці кандыдата нумар адзін на ролю кіраўніка партыі, а значыць, і дзяржавы. Для кожнага зь іх сыход Брэжнева мог азначаць як кар’ерны ўзьлёт на самую высокую пасаду, так і падзеньне ў палітычны нябыт (што, напрыклад, пазьней адбылося з прыходам новага генэральнага сакратара з Грыгорыем Раманавым і Віктарам Грышыным, якіх успрымалі ў якасьці пераемнікаў).

З успамінаў Чазава вядома, што самым апантаным прыхільнікам захаваньня статус-кво быў тагачасны старшыня КДБ Юрый Андропаў — Чазаў штотыдзень самым падрабязным чынам дакладаў галоўнаму чэкісту пра стан здароўя Брэжнева. А ў дзёньніках аднаго з кіраўнікоў Міжнароднага аддзелу ЦК КПСС Анатолія Чарняева зафіксавана, што яшчэ ў пачатку 1970-х блізкія да Андропава людзі ў прыватных гутарках казалі, што ён мае намер заняць пасаду генэральнага сакратара. Нават супрацоўнікам апарату ЦК такія амбіцыі Андропава здаваліся нерэальнымі — але, як пісаў расейскі паэт, «воля и труд человека дивные дива творят», асабліва калі гэтаму чалавеку спрыяе ці ня самая магутная ў сьвеце спэцслужба.

Калі Леанід Ільіч ля помніка Перамогі выйшаў зь лімузіна, сотні менчукоў, якія сабраліся на плошчы, убачылі тое, што потым было выразана з рэпартажаў: да «вечнага агню» Брэжнеў дайшоў, але ледзь сагнуўся, каб, па традыцыі, паправіць стужку на вянку, які ўсклалі да помніка.

Між іншым, ніхто не патрабаваў ад жыхароў навакольных дамоў зачыніць форткі ды не глядзець у вокны (як гэта адбываецца ў часы наведваньня плошчы Аляксандрам Лукашэнкам) — на фатаздымках бачна, што дзясяткі людзей выйшлі на бальконы.

Другім пунктам праграмы было ўручэньне Машэраву зоркі героя сацыялістычнай працы і ордэна Леніна. Цырымонія адбылася ў «габэленавай залі» новага корпусу ЦК КПБ, пабудаванага на месцы зруйнаванага Саюзу пісьменьнікаў, а яшчэ раней — рэзыдэнцыі Вільгельма Кубэ, дзе ён і быў узарваны.

Тое, што Брэжнеў уручаў узнагароду Машэраву не ў Крамлі, тады некаторыя ўспрынялі як знак непавагі — на самой справе, гэта якраз было праявай асабліва добрых адносінаў, бо ў Крамлі Машэраў мог апынуцца ў шэрагу іншых узнагароджаных, а тут — адмысловая цырымонія. Сапсаваць настрой Машэраву магло хіба іншае: у сваёй прамове Брэжнеў сказаў, што ён «сфармаваўся як мясцовы кіраўнік», што павінна было пазбавіць першага сакратара ЦК КПБ спадзяваньняў перабрацца на больш высокую пасаду ў Маскву, ва ўсялякім разе, у блізкай пэрспэктыве.

Аднак прамова Машэрава ў адказ была поўная словаў удзячнасьці.

Брэжнеў і Машэраў
Брэжнеў і Машэраў

На некаторых фотаздымках відаць, што адразу пасьля ўручэньня на пінжаку Машэрава зоркі Героя Савецкага Саюза і Героя сацялістычнай працы счэпленыя залатымі ж пласьцінамі на ўзроўні калодак — такімі ж самымі, як і зоркі ў Брэжнева. Насмарэч Машэраў атрымаў яшчэ і дублікаты зорак — яны выдаваліся двойчы ды тройчы Героям зь ліку вышэйшага савецкага кіраўніцтва.

Пасьля ўручэньня ўзнагароды на самым высокім паверсе ЦК адбыўся эпізод, пра які распавёў мне ўдзельнік той урачыстасьці – магчыма, адзіны, хто сёньня жыве (тады ён быў самым маладым, калі не лічыць целаахоўнікаў. Абазначу яго ініцыяламі - К.М. ).

Машэраў падвёў Брэжнева да стала, на якім была выстаўленая батарэя экзатычных для савецкага чалавека напояў – віскі, джын, марціні, штосьці яшчэ.

– Леанід Ільіч, магчыма, нешта хочаце выпіць? – зьвярнуўся гаспадар Беларусі да высокага госьця.

Адказ быў імгненны.

– Грамаў сто пяцьдзесят каньяку. Але каб ня бачыў мой доктар.

Зрабілі так, што доктар «ня ўбачыў» – і, па словах К.М., пасьля гэтага Леанід Ільіч павесялеў.

Але Брэжнеў і Машэраў выступілі ў той дзень яшчэ раз і ў значна большай аўдыторыі.

«Выдатны палітычны і дзяржаўны дзеяч сучаснасьці»

Галоўнай падзеяй таго дня было ўрачыстае паседжаньне ў опэрным тэатры, у якім узялі ў дзел усё кіраўніцтва БССР у поўным складзе, уключна з членамі ЦК, дэпутатамі Вярхоўнага Савета, а таксама «перадавікоў вытворчасьці» ды «творчай інтэлігенцыі».

Брэжнеў прымацоўвае залатую зорку і ордэн Леніна да сьцягу Менску, сьцяг трымае першы сакратар менскага гаркаму КПБ Генадзь Барташэвіч
Брэжнеў прымацоўвае залатую зорку і ордэн Леніна да сьцягу Менску, сьцяг трымае першы сакратар менскага гаркаму КПБ Генадзь Барташэвіч

Брэжнеў прачытаў прамову, прымацаваў да сьцяга гораду залатую зорку і ордэн Леніна, а таксама падараваў карціну з выявай Краснай плошчы (гэтая карціна яшчэ ў пачатку 1990-х вісела ў адным з пакояў Менгарсавету).

А далей пачаліся прамовы, і тут ужо ва ўсхваленьні Брэжнева ніхто ня стрымліваўся.

«Дарагі Леанід Ільіч! — зьвярнуўся Машэраў да генэральнага сакратара. — Усіх нас бязьмерна цешыць, што найвышэйшыя ўзнагароды Айчыны ўручыў гораду-герою Генэральны сакратар ЦК КПСС, Старшыня Прэзыдыума Вярхоўнага Савета СССР, выдатны палітычны і дзяржаўны дзеяч сучаснасьці Леанід Ільліч Брэжнеў , чалавек моцнай волі, бясстрашны камісар Вялікай Айчыннай вайны, які сам прайшоў яе ваеннымі дарогамі ад першых выпрабаваньняў да парада Перамогі, заваяваў вялікі аўтарытэт і павагу сярод усіх сьвядомых людзей плянэты сваёй нястомнай барацьбой за перадавыя ідэалы чалавецтва, а трывалы мір і сацыяльны прагрэс. ...Крыху больш за паўстагодзьдзя таму Вам, Леанід Ільліч, як маладому спэцыялісту, прыйшлося працаваць у Беларусі. І Вы, Леанід Ільліч, былі разам зь імі, з простымі, душэўна шчодрымі, добрымі людзьмі, разам з нашымі першымі камуністамі падзялялі іх клопаты і думкі, дапамагалі ім закладваць асновы новага жыцьця ...»

Увогуле Машэраў ня хлусіў — і калі казаў пра моцную волю Брэжнева (бязвольны чалавек не дамогся б самай высокай у краіне пасады), і калі прыгадваў ягоны ваенны шлях (Брэжнеў сапраўды прайшоў усю вайну да апошняга дня, і не ў штабах, а на перадавой, і атрымаў раненьні), і калі называў у ліку заслуг генэральнага сакратара «трывалы мір» (Брэжневу сапраўды ўдалося дамагчыся значнай разрадкі ў стасунках СССР І ЗША, асабліва калі браць пунктам адліку Карыбскі крызіс часоў Хрушчова, які паставіў сьвет на мяжу ядзернай вайны). Праўды была і ў словах пра «закладаньне асноваў новага жыцьця» «маладым спэцыялістам» Брэжневым — ён працаваў землеўпараднікам у Аршанскім раёне акурат у гады стварэньня калгасаў. Пра тое, як насамрэч закладалася гэтае «новае жыцьцё», празь некалькі гадоў напіша ў «Знаку бяды» Васіль Быкаў.

Так што збольшага Пётра Міронавіч меў рацыю.

Ня маюць рацыі іншыя — тыя, хто імкнецца стварыць з Машэрава апазыцыянэра Брэжневу.

Апанэнтаў у Брэжнева ў складзе ЦК КПСС і яго Палітбюро не было. Выступ у 1967 годзе першага сакратара Маскоўскага гаркаму Ягорычава з крытыкай арганізацыі супрацьпаветранай абароны савецкай сталіцы Брэжнеў успрыняў як крытыку ў свой адрас, паколькі менавіта генэральны сакратар курыраваў пытаньні абароны — і Ягорычаў імгненна пазбавіўся партыйнай пасады, паехаўшы паслом у Данію. Гэтая навука была добра засвоеная іншымі, і вы ня знойдзеце ніводнага дакумэнту за подпісам Машэрава, ніводнага ягонага выступу, дзе «лінія» Леаніда Ільліча паддавалася б сумневу хаця б у наймякчэйшай форме.

Ну, а што ён казаў у коле сям’і — на рэальную палітыку ўплывала роўна ў такой жа ступені, як і анэкдоты пра Брэжнева, якія гучалі, напэўна, у кожнай савецкай сям’і.

Блізкія Машэрава ўзгадвалі, што ён канфліктаваў з Брэжневым, які патрабаваў усё большых і большых паставак у «саюзны фонд» мяса, малака ды іншай сельгаспрадукцыі. Зусім магчыма, што канфлікт быў. Але пастаўкі нарошчваліся, і, па сьведчаньні Болдзіна, былога памочніка Гарбачова, Беларусь ператварылася ў адну з дзьвюх рэспублік СССР, якая датавала іншыя рэспублікі (першай была РСФСР, Украіна, па словах Болдзіна, забясьпечвала саму сябе).

Боты для Брэжнева

Пасаж Машэрава пра пачатак працоўнага шляху Брэжнева на беларускай зямлі мог быць больш працяглым. У той час на адным з пасяджэньняў у Крамлёўскім палацы зьездаў 1-шы сакратар ЦК УЛКСМ Цяжэльнікаў зачытаў газэтную нататку 30-х гадоў пра маладога камуніста, які не баіцца цяжкасьцяў, вядзе за сабой равесьнікаў, падае прыклад моладзі. А ў канцы назваў імя маладога камуніста — Леанід Ільліч Брэжнеў. Генэральны сакратар расчуліўся, выціраў сьлёзы, і наўзабаве камсамольскі лідэр быў прызначаны загадчыкам аддзелу прапаганды ЦК КПСС — а гэта прамы шлях у Палітбюро.

Адшукаць падобную нататку пра аршанскі пэрыяд Брэжнева не ўдалося: перагледзелі ўсе падшыўкі, перарылі ўсе архівы — знайшлі толькі складзены загадчыкам нейкага складу сьпіс тых, каму былі выдадзеныя боты, і ў ім прозьвішча без ініцыялаў — «Брэжнеў».

— Ну дык усё ж атрымаў боты, а ня скраў! — паспрабаваў нехта пажартаваць на нарадзе ў сакратара ЦК КПБ па ідэалёгіі Аляксандра Кузьміна, але жарт ня быў ацэнены. Кузьмін, які дапамагаў Быкаву і Караткевічу, чые пазыцыі не супадалі з «генэральнай лініяй», цудоўна ведаў магчымасьці тых пісьменьнікаў, чыя пазыцыя цалкам з гэтай лініяй супадала і, напэўна, добра ўявіў, у якія творчыя замыслы можа трансфармавацца даведка пра боты (нехта яшчэ б і сапраўды напісаў, што - ня скраў, а атрымаў), таму і загадаў увогуле нідзе пра брэжнеўскія боты ня згадваць.

Пра гэты эпізод не казалі ніколі — нават на навукова-практычнай канфэрэнцыі, прысьвечанай трэцяй кнізе мэмуараў Брэжнева «Адраджэньне», якая адбылася ўжо пасьля Машэрава, у сакавіку 1982 году ў Палацы прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы.

Сьціплае жаданьне Леаніда Ільліча

На сцэне Опэрнага тэатру Брэжнеў быў вымушаны сядзець дзьве гадзіны і слухаць дыфірамбы пад моцным сьвятлом накіраваных на прэзыдыюм юпітэраў.

На сцэне опэрнага тэатру 25 чэрвеня 1978
На сцэне опэрнага тэатру 25 чэрвеня 1978

​Выглядае, што недзе ў гэты момант дзённы запас энэргіі Леаніда Ільіча быў вычарпаны. У апошнія гады жыцьця генэральны сакратар зьяўляўся у сваім кабінэце толькі на дзьве-тры гадзіны, а паседжаньні Палітбюро, якія раней маглі ісьці з ранку да ночы, цяпер укладваліся ў сорак хвілінаў. Брэжнеў вяртаўся на падмаскоўную дачу, альбо, калі гэта быў канец тыдня, ехаў у Завідава, дзе для яго арганізоўвалі паляваньне.

Але дача ад менскага опэрнага тэатру была далёка, і ўрачыстае паседжаньне было яшчэ не апошнім пунктам праграмы візыту — наперадзе яшчэ былі канцэрт «майстроў мастацтваў» і афіцыйная вячэра.

Пасьля перапынку Брэжнеў, Усьцінаў і кіраўнікі БССР разьмясьціліся ня ў лёжах, а ў партэры.

І тут у цішыні прагучаў голас Брэжнева — дастаткова моцна, каб яго расчулі ўсе, хто сядзеў у першых шэрагах партэру:

— Я хачу дамоў!

Начальнік аховы паспрабаваў нешта патлумачыць патрону, але Брэжнеў паўтарыў:

— Дамоў!

І ўсё ж устаць і пакінуць залю Брэжнеў не адважыўся — аднак праграму канцэрта давялося скараціць ўдвая. Пасьля канцэрту сотні ўдзельнікаў пасяджэньня выйшлі на ганак опэрнага тэатру праводзіць Леаніда Ільліча — але праводзіць недалёка, да рэстарану «Журавінка», на абодвух паверхах якога адбылася ўрачыстая вячэра. На якую ўдзельнікі ўрачыстага пасяджэньня накіраваліся пехатою — ісьці некалькі сотняў мэтраў.

Машэраў сказаў тост, і ўсе выпілі — акрамя Брэжнева. Ён нават не дакрануўся да ежы, а празь некалькі хвілінаў нечакана ўзьняўся і рушыў да выхаду.

Афіцыйная частка візыту была выкананая, і ніякія сілы не маглі затрымаць Леаніда Ільліча ў ягоным імкненьні: у Маскву, дамоў!

За ім выйшлі сьвіта, Машэраў ды іншыя кіраўнікі рэспублікі.

Картэж рушыў да вакзалу, Брэжнеў расцалаваўся з тымі, хто паехаў яго праводзіць, цягнік крануўся, а гаспадары вярнуліся ў «Журавінку» — дапіваць.

...На выпадак, калі б Брэжневу захацелася спыніцца ў Воршы, дзе прайшлі некалькі месяцаў ягонай маладосьці, на вакзал прыбылі кіраўнікі Віцебскага абкаму ды начальнік мясцовай управы КДБ. У аршанскім шпіталі была падрыхтаваная адмысловая рэанімацыйная палата — зрэшты, такая палата была традыцыйнай перасьцярогай праз кожныя 100-150 кілямэтраў руху генэральнага сакратара.

Але рэанімацыя Леаніду Ільічу не спатрэбілася, і сантымэнты па юнацтве ў яго не абудзілся — эшэлён праскочыў Воршу, не спыняючыся.

Скарыстаныя здымкі фатахронікі ТАСС.

(Абноўлена, першая публікацыя 25 чэрвеня 2018 году)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG