Украінскія экспэрты, палітыкі і журналісты параўноўваюць паводзіны прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага са стылем Аляксандра Лукашэнкі.
Апошняй нагодай для такіх параўнаньняў стала нарада ў горадзе Барыспалі Кіеўскай вобласьці, на якой кіраўнік дзяржавы, ня стрымліваючы эмоцыяў і не падбіраючы слоў, выгнаў сакратара Барыспальскай гарадзкой рады Яраслава Гадунка.
Адразу пасьля гэтай нарады ўкраінскі журналіст Сяргей Шчарбіна напісаў: «Зяленскі пачаў гуляць у Лукашэнку. А народ такое любіць моцна. Можа спрацаваць».
Тарас Беразавец, украінскі паліттэхноляг, які пэўны час супрацоўнічаў з папярэднім прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам, мяркуе, што такая манера размовы зьяўляецца «вынікам выхаваньня і атмасфэры, у якой фармаваўся Ўладзімір Зяленскі»:
«З другога боку, відавочна, што ягоныя найбліжэйшыя дарадцы і кансультанты раяць яму паводзіць сябе менавіта ў такой манеры. Рэйтынг „Слугі народу“ пачаў прагназавана зьніжацца перад выбарамі, іхныя галасы цяпер пераходзяць у першую чаргу да „Апазыцыйнай плятформы „За жыцьцё!““ Медзьведчука і „Апазыцыйнага блёку“ Ахметава, таму ім птрэба было нешта хутка рабіць, каб спыніць гэтую тэндэнцыю», — сказаў Свабодзе Тарас Беразавец.
«Частка выбарнікаў нудзіцца па моцнай руцэ»
У той жа час экспэрт перакананы, што такі стыль характэрны і для самога Ўладзіміра Зяленскага:
«Гэта не было штучна, бо ён так прывык, тым больш што ёсьць вельмі добры „настаўнік“ на постсавецкай прасторы — Аляксандар Лукашэнка. Я ня ведаю, ці зьяўляецца Зяленскі ягоным фанатам, ці глядзеў відэа ягоных выступаў, але ён жа парадыйны актор, таму ня выключана, што ён уважліва назіраў, вывучаў ягоную манеру, і таму ўчора можна было пабачыць шмат нюансаў і нотак з паводзінаў Аляксандра Лукашэнкі».
«Неадукаваная частка выбарнікаў і людзей, якія нудзяцца па моцнай руцэ, такія паводзіны будуць лічыць нармальнымі. У цывілізаваных людзей гэта выклікае агіду. Але для ядра выбарнікаў Уладзіміра Зяленскага такая манера размовы з чыноўнікамі і іхнае прыніжэньне — гэта такі комплекс вахтара. Мяркую, што прыблізна палова ўкраінскіх выбарнікаў схіляюцца да такога савецкага стылю кіраваньня, ім такая манера падабаецца і выклікае захапленьне», — дадаў Тарас Беразавец.
«Зяленскі змагаецца з сыстэмай»
Украінскі дыплямат, старшыня праўленьня грамадзкай арганізацыі «Майдан замежных спраў» Багдан Ярэменка перакананы, што манеру размовы з чыноўнікамі, якую Ўладзімір Зяленскі прадэманстраваў напярэдадні, нельга параўноўваць са стылем Аляксандра Лукашэнкі:
«Тыя, хто ацэньвае манеру Ўладзіміра Зяленскага, ня бачаць за дрэвамі лесу. Трэба зразумець, што ён ня будзе трываць у сваім атачэньні людзей з крымінальнымі звычкамі і мінулым. Ён прыйшоў ва ўладу, каб зьмяніць яе, зьмяніць людзей ды сыстэму ўхваленьня рашэньняў. І ён паказвае, што ён не прымае. Так, ён робіць гэта эмацыйна, бо ён жывы чалавек, і мне здаецца, менавіта таму яго і выбралі прэзыдэнтам. А ўсё, што адбываецца ў Беларусі — гэта вынік працы Лукашэнкі. Ён выганяе тых, каго сам прывёў да ўлады. Усе, каго ён крытыкуе, выконваюць ягоныя даручэньні. Зяленскі змагаецца з сыстэмай — у гэтым і ёсьць іхнае адрозьненьне».