Партыя прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народу» атрымала аглушальную перамогу на выбарах.
«Мамахохотала» і іншыя
Посьпех партыі ў галасаваньні паводле партыйных сьпісаў быў прадказальны, яго абяцалі вынікі сацыялягічных апытаньняў. Аднак яшчэ ўчора, калі яшчэ не былі вядомыя вынікі галасаваньня ў мажарытарных акругах, палітыкі абмяркоўвалі, колькі мандатаў па «мажарытарцы» возьме «Слуга народа». У мажарытарных акругах усё ж звычайна людзі галасуюць за аўтарытэтных, вядомых людзей, вынік галасаваньня вызначаюць у рэшце рэшт грошы.
А як фармаваўся корпус кандыдатаў ад «Слугі народа» вядома — ледзь не па аб’явах у інтэрнэце, праз кастынг. І якія людзі — вясельны фатограф, кіраўнік студыі «Мамахохотала». Не толькі, зразумела, такія. Але і такія.
Ужо ноччу стала вядома, што па мажарытарных акругах партыя атрымала яшчэ больш пераканаўчую перамогу, чым па партыйных сьпісах. У выніку ўпершыню ў найноўшай украінскай гісторыі адна партыя атрымала абсалютную большасьць мандатаў у Вярхоўнай Радзе. Дарэчы, і фатограф, і «мамахохотун» былі абраныя.
Наступствы гэтай перамогі для ўнутранай палітыкі Украіны — тэма асобнай гутаркі. Для беларусаў, мабыць, ня менш важныя зьнешнепалітычныя наступствы.
Рэфэрэндум пра перамовы з Расеяй
У разгар кампаніі прэзыдэнт Зяленскі прапанаваў правесьці новыя мірныя перамовы па Ўкраіне з удзелам лідэраў Расеі, Нямеччыны, Францыі, Вялікабрытаніі і ЗША. Так званы «нармандзкі фармат +» — удзельнікі мінулых Менскіх перамоваў у 2014 і 2015 гадах і лідэры дзьвюх краін, якія далі Ўкраіне гарантыі тэрытарыяльнай цэласьці ў далёкім 1994 годзе. Правесьці новыя перамовы было прапанавана ў Менску.
Як няцяжка было меркаваць, Аляксандр Лукашэнка сустрэў прапанову зь вялікім энтузіязмам. Варта адзначыць, што і Ўладзімір Пуцін не адхіліў яе з парога. Як і меркавалася, ён сказаў, што да выбараў такая сустрэча немагчымая, «пра нешта можна будзе казаць пасьля канчатковага фармаваньня новага ўраду Ўкраіны і правядзеньня выбараў у парлямэнт краіны».
Да выбараў сапраўды было незразумела, які абʼём паўнамоцтваў у прэзыдэнта Зяленскага. Парлямэнцкія выбары далі вычарпальны адказ: Зяленскі атрымаў усю мажлівую ўладу.
У такой сытуацыі ўхіляцца ад перамоваў для Пуціна будзе псыхалягічна немагчыма. Ім можа папярэднічаць жэст добрай волі накшталт вызваленьня маракоў, захопленых у Керчанскай пратоцы, а можа і не папярэднічаць.
Пры ўсёй важнасьці гуманітарных аспэктаў канфлікту ключавое пытаньне — гэта ўсё ж пытаньне палітычнага ўрэгуляваньня. І ўяўляецца, што парадаксальным чынам цяпер найлепшы момант для вызначэньня формулы гэтага ўрэгуляваньня і для Зяленскага, і для Пуціна.
Нейкі час Зяленскі зможа рабіць усё. Перад парлямэнцкімі выбарамі некаторыя палітыкі пагражалі Зяленскаму Майданам у выпадку чаго. Цяпер, у бліжэйшыя месяцы — які Майдан? Любы Майдан разгоняць пад воплескі пераважнай большасьці.
Адзін з паплечнікаў Зяленскага паміж выбарамі туманна намякаў на рэфэрэндум пра ўзаемаадносіны з Расеяй. Ну дык вось 21 ліпеня ён і адбыўся.
Зь іншага боку, і ў Маскве разумеюць, што такога бясспрэчнага мандату, як цяпер, у Зяленскага ня будзе ніколі. Пачнуцца няпростыя будні, народнае расчараваньне, ажыве апазыцыя, якая яшчэ ўчора была ўладай. Толькі цяпер Зяленскі можа пайсьці на кампрамісы, на якія, магчыма, ня зможа пайсьці ўжо праз паўгода.
І справа не ў фармальных паўнамоцтвах. Колькі ў гісторыі прыкладаў, калі фармальная вялікая ўлада высыпалася, як пясок скрозь пальцы, са стратай народнай падтрымкі.
Формула магчымага кампрамісу
Ну а без кампрамісаў міру не бывае. Зрэшты, ёсьць выключэньне — гэта капітуляцыя. Украінская армія ня ўзяла ні Данецк, ні Сімфэропаль, ні тым больш Маскву. Так што аб капітуляцыі казаць не даводзіцца.
Уяўляецца, што кампраміс датычыць у першую чаргу псыхалягічных момантаў. І папярэднік Зяленскага — Пятро Парашэнка — пасьля 2014 году не зьбіраўся і не спрабаваў аднавіць сілай сувэрэнітэт Украіны над Данбасам і Крымам.
Заходнія санкцыі не прымусілі Крэмль сысьці адтуль. Канфлікт на ўсходзе Ўкраіны ў апошнія гады быў нізкаінтэнсіўны, за год бакі страчвалі прыкладна па сто чалавек. Жыцьцё і аднаго чалавека бясцэннае, але ўсё ж гэта не поўнамаштабныя баявыя дзеяньні.
Апанэнты Зяленскага, якія бэсьцяць яго як патэнцыйнага здрадніка, па сутнасьці таксама ня маюць пляну вяртаньня страчаных тэрыторый.
Кампраміс можа заключацца ў прызнаньні існага становішча, у якім фактычны статус самаабвешчаных сэпаратысцкіх рэспублік па сутнасьці нічым не адрозьніваецца ад статусу Крыму.
Гэтае прызнаньне не азначае прызнаньня законнасьці статусу. Азэрбайджан не прызнае законным аддзяленьне ад яго Карабаху, Малдова — Прыднястроўя, Грузія — Абхазіі, Рэспубліка Кіпр — Рэспублікі Паўночнага Кіпру (апошняе — ужо амаль паўстагодзьдзя). Але вайны ні ў адным з гэтых месцаў няма (за выключэньнем 2016 году ў Карабаху).
Пра падобнае ідзе гаворка і ў адносінах паміж Украінай і Расеяй. Менавіта пра гэта, а не пра падступную прапанову Масквы Кіеву ўступіць у перамовы з сэпаратыстамі. Гэта на самай справе непрынцыповае пытаньне, гэта проста другі бок прызнаньня існуючага становішча. Лідэры сэпаратыстаў ня скажуць асабліва нічога звыш таго, што могуць сказаць у Маскве. Тбілісі вядзе перамовы з Сухумі гадамі, Кішынэў з Тыраспалем — гадамі. Што гэта мяняе?
Тым ня менш пайсьці на такі кампраміс Зяленскаму будзе вельмі цяжка. Ён украінец, ён лідэр свайго народу, ён разумее, што такое рашэньне будзе выклікам патрыятычным пачуцьцям украінскага народу, яму ня хочацца ўвайсьці ў украінскую гісторыю лідэрам, які аддаў Данбас. Насамрэч, аддаў яго зусім ня ён. Але можа так атрымаецца.
Ну і ёсьць пытаньне заходніх санкцый. Прызнаньне фактычнай сытуацыі не азначае іх адмену (санкцыі дзейнічаюць і за Крым, дзе гэта прызнаньне мае месца). Але, вядома, гэта можа пацягнуць за сабой іх аслабленьне ці нават адмену. Дапусьціць такую пэрспэктыву палітычна няпроста, нават маючы абсалютную перавагу ў парлямэнце.
Але рашэньні застарэлых канфліктаў і не бываюць простымі і лёгкімі. Зяленскі абяцаў мір. Апісаным вышэй шляхам ён можа (можа быць) дамагчыся міру. Кепскага міру. Які, магчыма, лепшы за добрую вайну.
Не страляйце ў тапёра
Калі сустрэча ў вярхах, прапанаваная Зяленскім, адбудзецца ў найбліжэйшым часе ў беларускай сталіцы, то гэта будзе моцны козыр для Менску і ў яго гандлі з Масквой. Козыр хутчэй псыхалягічны: прыехаўшы ў краіну сустракацца з грандамі ўсясьветнай палітыкі, мірыцца з суседам — неяк няёмка адразу пасьля гэтага згвалціць гасьцінных гаспадароў такіх вячорак. Ніхто не зразумее. Страляць у тапёра неяк не прынята.
Ня тое каб нехта з высокіх гасьцей кінуўся на абарону, але пры такім разьвіцьці падзеяў і яны будуць выглядаць ня вельмі натхняльна. А значыць, загадзя паспрабуюць прадухіліць падобнае разьвіцьцё падзеяў.
Так што Менск чакае гасьцей.