17 ліпеня Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка наведаюць Валаамскі мужчынскі манастыр. Свабода паглядзела, што гэта за месца.
У мінулым — паганскі ахвярнік
Валаам — востраў на 27 квадратных кілямэтраў у Ладаскім возеры. Гэта за 162 кілямэтры ад Санкт-Пецярбургу, калі напрасткі, або 330 кілямэтраў па аўтадарогах. Назва зь фінскай мовы перакладаецца як «высокая зямля».
Згодна зь легендай, у часы, калі востраў насялілі фіна-вугры, там быў вялізарны паганскі ахвярнік. Дакладнай даты заснаваньня манастыра на Валааме ў гісторыкаў няма. Па адных зьвестках, ён там узьнік у X–XII стагодзьдзі, па іншых — у XII–XIV.
У розныя часы належаў швэдам, фінам
У 1611 годзе падчас вайны з Масковіяй швэды акупавалі Валаам. Тут пасяліліся швэдзкія каляністы. Амаль стагодзьдзе выспа заставалася пад уладай Швэцыі.
Пасьля 1917 году Валаам адышоў да Фінляндыі, а манастыр — пад юрысдыкцыю фінскай праваслаўнай царквы, якая тады стала аўтаномнай ад Расеі і падпарадкоўвалася непасрэдна Канстантынопалю.
Зноў расейскім Валаам стаў толькі ў 1940 годзе, пасьля савецка-фінскай вайны.
На Валааме ёсьць фэрма, якую пабудавалі фіны
У 1882 годзе на Валааме збудавалі мэханізаваную фэрму на 70 галоў жывёлы. Кароўнік, мадэрновы для таго часу, меў асобныя сэкцыі для кожнай жывёліны. Да фэрмы ішла рэйкавая дарога з пад’ёмным кранам, па ёй вывозілі ў порт малочныя прадукты і дастаўлялі корм для жывёлаў.
Вырошчваюць кавуны, дыні
Нягледзячы на сярэдняліпеньскую тэмпэратуру ў +17 градусаў, у XIX стагодзьдзі на Валааме вырошчвалі дыні і кавуны. Вядома, у цяпліцах.
За савецкім часам на Валааме быў рыбпрамкамбінат
Пасьля 1940 году, калі Валаам стаў часткай СССР, тут дзейнічалі школа боцманаў і юнгаў, дом інвалідаў і рыбпрамкамбінат.
Дом інвалідаў на Валааме быў утвораны ў 1950 годзе. Тут дажывалі свой век тыя, хто атрымаў цяжкія калецтвы ў Другую ўсясьветную вайну.
Манаскае жыцьцё на востраве ўзнавілася толькі ў 1989-м, калі пачынаў распадацца СССР. Цяпер у Валаамскім манастыры любяць адпачываць патрыярх РПЦ Кірыл і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Ёсьць зьвесткі, што з Валаама нават высялялі людзей, бо цяпер гэта «тэрыторыя для сваіх». Пра масавыя высяленьні з вострава пісала, у прыватнасьці, газэта «Маскоўскі камсамолец».
Па зьвестках выданьня, на момант развалу СССР на Валааме жылі 600 чалавек, цяпер засталіся толькі 40 (па дадзеных выбарчых участкаў). Жыльлё людзей, выселеных з вострава, пераходзіць да Расейскай праваслаўнай царквы.