Свабода працягвае цыкль публікацый пра сытуацыю ў анэксаваным Крыме. За што кідаюць у турмы апанэнтаў крамлёўскага рэжыму? Пра што пішуць манапалізаваныя СМІ? Куды падзецца ўкраінскім вернікам, пазбаўленым царквы? Ці паўплывалі міжнародныя санкцыі на побыт крымскіх жыхароў? Мы некалькі дзён прабылі на паўвостраве і распавядаем, што там пабачылі.
Пасьля расейскай анэксіі Крыму і ўводу санкцый супраць Расеі паўвостраў пакінулі міжнародныя прамысловыя і фінансавыя кампаніі, замежныя банкі, нават сеткі фаст-фудаў. Цяпер амаль увесь бізнэс тут расейскі, хіба Беларусь ужо традыцыйна сьпяшаецца скарыстацца праблемамі саюзьніка — пастаўляе прамысловыя тавары, прадукты харчаваньня, напаўлегітымных турыстаў. Пацьверджаньнем таму — крамы трыкатажу, каўбасаў, сыроў і г.д.
Пераяжджаў ва Ўкраіну, апынуўся пад анэксіяй
У прэстыжным раёне Севастопалю жыве бізнэсовец, колішні дэпутат парлямэнту, сам родам са Случчыны — Уладзімер Кудзінаў. Хутка 20 гадоў, як ён вымушана пераехаў ва Ўкраіну, летась адзначыў 60-годзьдзе.
У 1990-х Кудзінаў быў вядомай асобай у беларускай публічнай прасторы. Ён адзін з герояў кнігі «Адзін дзень палітвязьня» сэрыі «Бібліятэка Свабоды». У 1992 годзе стварыў у Івацэвічах гандлёва-прамысловае прадпрыемства, якое спэцыялізавалася на вырошчваньні буйной рагатай жывёлы і перапрацоўцы мясных вырабаў. Забясьпечыў працай тры сотні чалавек. Быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, супрацоўнічаў з «Грамадзянскім дзеяньнем».
У лістападзе 1996-га стаў адным з ініцыятараў імпічмэнту прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Яго «настойліва прасілі» адклікаць подпіс, ён адмовіўся. А пасьля, бяз санкцыі калег-парлямэнтароў на судовы перасьлед, абвінавацілі ў эканамічных злачынствах. Кудзінаў быў асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Сьледам такі самы лёс напаткаў іншага агітатара за імпічмэнт, бізнэсоўца Андрэя Клімава.
У 2001 годзе справу Кудзінава перагледзелі: пакараньне зьнізілі да 5 гадоў, з улікам амністыі і ўжо адбытага тэрміну ён выйшаў на волю. У той жа год зь сямʼёй пераехаў да сваякоў у Севастопаль, дзе неўзабаве распачаў новую справу — адкрыў пад Эўпаторыяй дзьве птушкафабрыкі.
Цяпер Кудзінаў — генэральны дырэктар буйной аптовай кампаніі, якая пастаўляе мясныя субпрадукты з Расеі і Беларусі. Захоўвае беларускае грамадзянства: у Расеі ў яго від на жыхарства, да таго быў такі ж ва Ўкраіне. Адзінае, удакладняе суразмоўца, — калі раней такі дакумэнт даваўся пажыцьцёва, то цяпер пераглядаецца кожныя 5 гадоў. Беларускае грамадзянства захоўвае перадусім дзеля таго, каб у выпадку палітычных зьменаў вярнуцца на радзіму.
«Так, давялося рабіць выбар, — працягвае ён. — Бо калі ты грамадзянін нейкай дзяржавы і маеш від на жыхарства ва Ўкраіне, то ва ўмовах расейскай адміністрацыі гэты статус стаў папросту несапраўдным. Едзь тады на мацярык у Адэсу ці Мікалаеў, там жыві са сваім „відам“. А каб быць рэзыдэнтам і для падаткаабкладаньня, і наогул усёй бізнэс-дзейнасьці, трэба мець від на жыхарства ў Расейскай Фэдэрацыі».
Як у Крым трапляе беларуская прадукцыя
Уладзімер Кудзінаў кажа, што антыдэмакратычны разварот ва Ўкраіне і ў Крыме пачаўся разам з прэзыдэнцкай кадэнцыяй Віктара Януковіча. Тады пачалі ўмацоўвацца пазыцыі расейскіх вайскоўцаў у Севастопалі, легалізоўваліся пракрамлёўскія сілы, а дзяржаўныя актывы пераходзілі данецкім дзялкам. Усё гэта, на яго меркаваньне, спрыяла дэўкраінізацыі.
«Многія праблемы ва Ўкраіне ўзьніклі разам з прыходам да ўлады Віктара Януковіча — усюды данецкія, усюды мафія. Гэта пры прэзыдэнце Віктару Юшчанку, Юліі Цімашэнцы ў рангу прэмʼер-міністаркі адчувалася разьвіцьцё, рух наперад. А каманда Януковіча была заклапочаная толькі расьпілоўваньнем бюджэту. Думаю, менавіта маральная і фізычная дэградацыя ўлады ўрэшце прывяла да Майдану», — кажа ён.
Прыкладна ў той жа час структуру ўласнага бізнэсу вымушаны быў перагледзець і беларускі бізнэсовец, зьмяніўшы свой статус з уласьніка на найманага адміністратара.
«Былі на тое свае прычыны, але гэта не самамэта — каб абавязкова свая справа, — тлумачыць ён. — Можна нармальна прадаць веды і досьвед іншаму працадаўцу. Што я і зрабіў. Нічога страшнага: нешта прыходзіць, нешта мінае. Ня бачу праблемаў, што раней быў уласьнікам, а цяпер найманым мэнэджэрам. Прынамсі, меней нэрваў, перажываньняў. Сельская гаспадарка — наогул рэч складаная, выгадней займацца перапрацоўваньнем».
Партнэры фірмы Кудзінава — расейскія прадпрыемствы, якія займаюцца перапрацоўваньнем мяса. У Севастопалі ёсьць склады і халадзільныя камэры, дзе захоўваецца ялавічына, сьвініна, птушка. Нядаўна асартымэнт пашырыўся дзякуючы беларусам — пачаліся адгрузкі з Пастаўскага мясакамбінату. Пакуль гэта вытворныя буйной рагатай жывёлы, таму што беларуская сьвініна даражэйшая за расейскую — да таго ж, у Расеі перавытворчасьць сьвініны.
«Натуральна, узьнікае праблема санкцый, — апярэджвае пытаньне бізнэсовец. — Але справа ў тым, што мы не працуем зь беларускімі вытворцамі наўпрост — афіцыйна Менск не прызнаў ні Крым, ні Абхазію, ні Паўднёвую Асэтыю. Але ў нас ёсьць філіялы на мацерыковай частцы: купілі і нам перапрадалі зь мінімальнай нацэнкай. Зрэшты, па такой жа схеме сюды паступае і ўся іншая беларуская прадукцыя».
Адпачынак у Эгіпце таньнейшы за крымскі
Сярод асноўных заказчыкаў кампаніі Кудзінава — буйныя аздараўленчыя ўстановы паўвыспы: санаторыі, прафілякторыі, курортныя цэнтры. Насуперак чаканьням, абʼёмы паставак падаюць: адпачываць у Крыме робіцца ўсё даражэй, турысты мусяць эканоміць.
«Калі параўнаць зь мінулым годам, санаторна-курортны пэрыяд спазьняецца на месяц. Па-першае, надворʼе — позна прыйшла вясна, графік заездаў зрушыўся. Па-другое, у Расеі падае матэрыяльны ўзровень насельніцтва. Людзі ўжо ня могуць траціць шмат грошай, як некалі. Па-трэцяе, адпачынак у Эгіпце ці Турэччыне ўжо таньнейшы, чым тут. І хоць статыстыка кажа, што ў чэрвені прыехала нават больш, чым летась, калі глядзець на пакупніцкую здольнасьць, гэтага не адчуваецца».
Бізнэсмэн кажа, што, паводле ягоных назіраньняў, колькасьць беларусаў у Крыме зьменшылася ў разы. Калі перад анэксіяй ледзь ня кожны дзясяты аўтамабіль у Севастопалі быў зь беларускімі нумарамі, то ад пачатку сэзону на вочы трапілася ўсяго некалькі машын зь менскай і абласной рэгістрацыяй. Часам нерасейскіх турыстаў чакаюць непрыемныя сюрпрызы.
«Калі ў вас, напрыклад, картка расейскага „Сбербанка“ ці ВТБ-банка, то можна зьняць грошы ў банкамаце, — папярэджвае Кудзінаў. — Але карткі, выдадзеныя за мяжой, будуць заблякаваныя. Адпаведна, трэба мець у запасе наяўныя. Зноў жа, калі ваш тэлефон зарэгістраваны, умоўна кажучы, у Польшчы, то на роўмінг можна нават не разьлічваць. Дый нават беларускі — толькі на тэрыторыі Ўкраіны, за пераходам сыгнал зьнікае».
Палічым плюсы і мінусы
Прашу Ўладзімера Кудзінава назваць па тры станоўчыя і адмоўныя рысы існаваньня пры розных палітычных сыстэмах — украінскай і расейскай. Вось субʼектыўны погляд бізнэсоўца.
Плюсы Ўкраіны:
- Свабода слова і мірных сходаў
- Нізкія цэны ў крамах і на паслугі
- Якасныя прадукты харчаваньня
Мінусы Ўкраіны
- Слабая сацыяльная дапамога
- Дрэнная інфраструктура, у прыватнасьці дарогі
- Карумпаванасьць на ўсіх узроўнях
Плюсы Расеі
- Аднаўленьне дарог, будаваньне мастоў і жыльля
- Упарадкаваньне падатковага заканадаўства
- Прыток буйнога капіталу з Расеі
Мінусы Расеі
- Парушэньне дамоўленасьцяў аб тэрытарыяльнай цэласнасьці
- Давядзеньне паўвострава да міжнародных санкцый
- Нізкі ўзровень аплаты працы, мізэрныя пэнсіі і дапамогі
«Многія ў Крыме стараюцца ня ўлазіць у палітыку — гэткая а-ля беларуская інэртнасьць, — кажа Кудзінаў. — Прынамсі, ня бачыў ніводнай акцыі ў Севастопалі пасьля ўзьняцьця расейскіх сьцягоў. Калі хто і выказваецца, то, як за савецкім часам, на кухні. Я займаюся бізнэсам, не грамадзкай дзейнасьцю, але калі чалавек абмяжоўваецца ў правах, трэба іх адстойваць. Так, аднаму цяжка, трэба далучаць арганізацыі, аказваць прававую дапамогу. Я адседзеў у турме 4 гады, і маёй сямʼі дапамагалі маральна і фінансава, за што вельмі ўдзячны».
Сыбір мяняюць на цёплае мора
Узорам салідарнасьці бізнэсовец лічыць крымска-татарскае насельніцтва паўвострава. Шмат якія семʼі засталіся абезгалоўленыя ў выніку перасьледу па тэрарыстычных і экстрэмісцкіх артыкулах, але сам-насам са сваімі бедамі ня кінутыя.
«Думаю, на судзьдзяў у той ці іншай ступені чыніцца адміністрацыйны прэсінг з боку ФСБ. Асабліва калі гаворка пра тых, хто спачатку служыў Украіне, а цяпер Расеі — здрадзіў аднойчы, зробіць гэта зноў. Значыць, таксама не зусім абʼектыўны падыход, асабліва што тычыцца крымскіх татараў. У іх надзвычай зьяднаная супольнасьць, пры жаданьні могуць і сотняй тысяч рушыць на Сымфэропаль. Таму іх і пабойваюцца. Фактычна гэта адна нацыя, якая ў Крыме яшчэ змагаецца за свае правы», — кажа Ўладзімер Кудзінаў.
Ён назірае, як усё больш людзей з мацерыка Расеі пераяжджаюць у Крым — адчуваньне, што Севастопаль разросься ледзь не ўдвая. Прынамсі, для перасяленцаў вакол гораду ўзьніклі новыя мікрараёны.
«Думаю, 150–200 тысяч чалавек даў Данецк-Луганск, яшчэ тысяч 200 прыехалі з мацерыковай часткі Расеі, — дапускае ён. — Шмат сустракаем сыбіракоў, а таксама з Далёкага Ўсходу, Сахаліну. Не параўнаеш жа зіму ў Хабараўску і ў Ялце, ізаляцыю на сотні кілямэтраў ды бездарожжа? Там заўсёды былі нядрэнныя заробкі, паступова назапашвалі. Цяпер вось прыяжджаюць і набываюць жыльлё. Плюс дзейнічае ільготны пэрыяд выхаду на пэнсію, таму асядаюць і спакойна жывуць».
Прэтэндэнт на дэпартамэнт выкананьня пакараньняў
Уладзімер Кудзінаў міжволі параўноўвае сытуацыю ў Крыме і Беларусі: за мірным фасадам адбываюцца рэчы, якія ўлады намагаюцца не афішаваць. Пры гэтым кажа, што магчымасьці вярнуцца на радзіму зусім не адкідае.
«Я ня маю ўладных амбіцый — пагадзіўся б на пасаду начальніка дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, — сьмяецца былы палітвязень. — Пабыў з абодвух бакоў, думаю, абʼектыўна ставіўся б да людзей, якія пераступілі закон. Або іх проста падставілі, падвялі пад артыкул. Паступова Беларусь робіцца краінай, у якой адны сядзяць, а другія ахоўваюць. Не сумняюся: калі здарацца палітычныя зьмены, вернуцца многія былыя сядзельцы. Майсей колькі, 40 гадоў супляменьнікаў за сабой вадзіў? Ну, а Рыгоравіч пакуль 25. Яшчэ 15 засталося, ня так і шмат».
Рэфэрэндум аб статусе Крыму адбыўся 16 сакавіка 2014 году. Усясьветная супольнасьць акт анэксіі не прызнала. Расея і яе ключавыя асобы абкладзеныя санкцыямі, падтрыманымі Ўкраінай, ЗША, дзяржавамі Эўразьвязу. Паводле Bloomberg, за 5 гадоў пасьля агрэсіі расейская эканоміка страціла больш за 150 мільярдаў даляраў. Мільёнаў турыстаў не далічыўся і сам Крым.
Расея рэгулярна блякуе рэзалюцыі ААН па Крыме. Яе падтрымлівае Беларусь, хоць ад прызнаньня вынікаў рэфэрэндуму афіцыйны Менск і ўстрымаўся. Пры гэтым беларускі МЗС папярэдзіў пра наступствы ад наведваньня Крыму праз Расею, бо ва Ўкраіне гэта расцэньваецца як незаконны візыт на часова акупаваную тэрыторыю.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.