Пяць гадоў Крым жыве ва ўмовах расейскай акупацыі. Аб’ектыўнай інфармацыі з паўвострава прыходзіць мала: мэдыяпрастора цалкам падкантрольная прызначаным Масквой уладам, незалежныя СМІ практычна вынішчаныя, праўкраінскіх журналістаў караюць за «распальваньне нацыянальнай варажнечы». Каб пабачыць усё гэта на ўласныя вочы, зь Беларусі ў Крым выправіўся невялікі журналісцкі дэсант.
Сьцісла
- Як дапытваюць і што правяраюць, калі хочаш трапіць у Крым з тэрыторыі Ўкраіны.
- Дзьве рэчаіснасьці Крыму: што адбываецца за мірным фасадам жыцьця.
- Як беларускія вытворцы дапамагаюць ратавацца ад заходняй блякады.
- Па цэнах на паслугі і харчы Крым спаборнічае з Масквой.
- Гатэль «Ўкраіна» — ці не адзінае, што засталося ад Украіны ў Крыме.
- Перасяленцы з Расеі выціснулі кіраўнічыя кадры ўсіх узроўняў.
- Чым лёс Крыму паказальны для беларусаў.
У Крым праз Украіну: допыт патэнцыйных экстрэмістаў
Каб ня мець праблемаў з тамтэйшымі спэцслужбамі, даслалі адпаведныя запыты ў Міністэрства замежных спраў Расеі і ў Службу міграцыйнай палітыкі Ўкраіны. У выніку тры беларускія СМІ расейскі бок акрэдытаваў, а вось Радыё Свабода ў афіцыйным дазволе адмовілі. Украінскае ж ведамства ня ўгледзела нічога, што перашкодзіла б наведаць «часова акупаваную тэрыторыю».
Маючы на руках прынамсі адзін дакумэнт, ужо можна было рызыкнуць — у найгоршым выпадку расейцы разьвярнулі б назад.
Пункт пропуску Каланчак — паўнавартасная мяжа: з абсталяванымі агнявымі пунктамі, пунктамі надгляду, навучанымі сабакамі і буфэрнай зонай. З боку Ўкраіны спраўджваюць міграцыйны дазвол і пашпарт, а на расейскім баку чакае пашпартны, мытны і эфэсбэшны кантроль.
З пацьвярджальнымі дакумэнтамі ўкраінская частка праграмы шмат часу не займае. Расейцы ж выяўляюць надзвычайную пільнасьць. Калегаў з афіцыйнай акрэдытацыяй прапусьцілі досыць лёгка (складаней было на зваротным шляху, бо хацелі ведаць, якую інфармацыю тыя здабылі), а вось самастойны падарожнік, ды яшчэ такі, што здолеў легалізавацца праз Кіеў, успрымаецца з падазрэньнем.
У маім выпадку дрэнную службу саслужылі штампы пра наведваньне краін Блізкага Ўсходу — Лібану і Ярданіі. Некалькі дзясяткаў крымска-татарскіх актывістаў адбываюць працяглыя тэрміны зьняволеньня (ажно да 20 гадоў) за датычнасьць да рэлігійна-палітычнай арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр», заснаванай ва Ўсходнім Ерусаліме на пачатку 1950-х. За ўкраінскім часам яе актывісты дзейнічалі легальна, у Расеі ж «Хізб ут-Тахрыр» лічыцца тэрарыстычнай арганізацыяй і на гэтай падставе забароненая.
Супрацоўнікаў ФСБ цікавіла, адкуль узялася ідэя заехаць менавіта ў гэты рэгіён, ці былі сустрэчы з рэлігійнымі дзеячамі, якога сам веравызнаньня. Спраўдзілі тэлефонны даведнік на прадмет падазроных кантактаў, прагледзелі фотагалерэю і аўдыёфайлы. А яшчэ цікавіла, ці ёсьць знаёмыя высокапастаўленыя сілавікі ў адпаведных ведамствах Украіны і Беларусі. Гадзінная гутарка скончылася тым, што настойліва прапанавалі адкатаць пальцы і сфатаграфавацца анфас-профіль. Правераны і занесены ў аналы ФСБ, працягнуў крымскі паход.
Ізаляцыя ў прарасейскім анкляве
Візуальна жыцьцё ў крымскіх гарадах мала адрозьніваецца ад беларускага. Працуюць дзяржаўныя ўстановы, забаўляльныя клюбы, рэстарацыі. Людзі ідуць па справах, транспарт ходзіць, паліцыя наглядае. Трапляюцца турысты — амаль у 100% расейцы зь «вялікай зямлі», але можна наткнуцца і на беларусаў. Дабіраюцца пераважна самалётамі праз Маскву. Пра тое, што парушаюць законы Ўкраіны, нават не задумваюцца.
Недасьведчаны чалавек і не западозрыць, якія жарсьці разгортваюцца за гэтым мірным фасадам. А тым часам штодня судзяць актывістаў, якія і праз 5 гадоў ня могуць зьмірыцца з расейскай анэксіяй. Адвакаты намагаюцца выцягваць людзей з турмаў па ўсёй Расеі. Не спыняюцца спробы знайсьці сьляды тых, хто быў выкрадзены і зьнік. Пра ўсё гэта Свабода будзе расказваць у сваіх рэпартажах.
Грамадзтва паўвострава існуе ва ўмовах міжнародных санкцый. Замежныя інвэстары практычна адразу павыводзілі капіталы, і ўвесь бізнэс цяпер тут выключна расейскі. Даходзіць да абсурду: усясьветная сетка фастфуду KFC (Kentucky Fried Chicken) на старых плошчах ператварылася ў СFC (Crimean Fried Chicken). На шапіках у сярэдзіну слова «саМса» на шыльдах устаўляюць усім вядомае «М» з Макдональдсу.
У банкаматах карткі міжнародных эмісійных цэнтраў не абслугоўваюцца — толькі расейскія. Таму спадзеў выключна на наяўныя грошы. Роўмінг не працуе, затое багата ўнутраных апэратараў сувязі.
Ратавацца ад блякады актыўна дапамагаюць беларускія вытворцы. У крамах вялікі выбар малочных і мясных прадуктаў, гарэлкі і сокаў, цукерак і печыва. Абсталяваныя нават асобныя крамы з цалкам беларускім асартымэнтам — берасьцейскімі каўбасамі, лідзкім квасам, менскай мінэралкай. На пытаньне пра лягістыку гандляры адкрыта прызнаюцца, што спачатку ўсё вязецца ў расейскі Краснадар, а ўжо адтуль праз Керчанскі мост трапляе на паўвостраў.
А ёсьць энтузіясты, якія дагэтуль, як у 1990-х, перавозяць тавар торбамі. Менавіта так папаўняецца сэзонная калекцыя ў невялікай сімферопальскай крамцы «Беларускі трыкатаж». Заўвага пра наступствы выклікае раздражнёны сьмех і запэўніваньне, што «плявалі крымчукі на санкцыі»: «Нас имеют, а мы крепчаем», — разьвеяла сумневы жанчына за прылаўкам.
Жыцьцё тут дарагое: па цэнах на паслугі і харчы Крым спаборнічае з Масквой ці нават яе апярэджвае. Расейскія пэнсіі і заробкі з 2014 году зьела інфляцыя, а цэны растуць ледзь не ў геамэтрычнай прагрэсіі. На гэта наракае, бадай, кожны, нават прыхільнік Пуціна. І прызнае: за меншую суму ў грыўнях можна было дазволіць сабе нашмат больш, чым за запаветны рубель.
Вынішчэньне ўкраінскага асяродзьдзя
А вось ад украінскага пэрыяду практычна нічога не засталося — за выключэньнем хіба гатэля «Ўкраіна» ды вуліцы Кіеўскай у Сімферопалі.
Школы з украінскай мовай пазачыняныя (дзеці, якія хочуць далей вучыцца ў Кіеве, займаюцца з рэпэтытарамі падпольна). Украінскія выданьні разгромленыя і выціснутыя з інфармацыйнага поля. Катэдральны сабор Украінскай праваслаўнай царквы, якая да нядаўняга часу заставалася апошняй выспачкай украінамоўя, нацыяналізуецца, вернікам прадпісана пакінуць памяшканьне. Жоўта-блакітны сьцяг прыраўнаны да экстрэмісцкай сымболікі і забаронены, парушальнікі атрымліваюць рэальныя тэрміны зьняволеньня.
Адносна лепшыя справы ў крымскіх татараў — ня так лёгка скарыць амаль 400 тысяч абарыгенаў. За сьцяг не караюць, працуюць школьныя клясы, некаторыя з крымскіх татараў служаць у дзяржаўных установах. Але ў масе сваёй якраз татараў цяпер перасьледуюць найбольш: сотні чалавек ужо асуджаныя ці чакаюць выракаў па экстрэмісцкіх, тэрарыстычных ды іншых цяжкіх артыкулах. У размовах людзі параўноўваюць сваё жыцьцё з тым, што папярэднічала масавай дэпартацыі 1944 году.
Затое раздольле для аматараў «русского мира». На сьценах будынкаў — муралы з выявамі Ўладзіміра Пуціна, галоўнага архітэктара «вяртаньня Крыму ў родную гавань».
Урадавы будынак з помнікам Леніну на подступах, дзе працуе каманда расейскага прызначэнца Сяргея Аксёнава, упрыгожвае 3D-надпіс з хэштэгам «Крым. Россия. Навсегда». На сьцяне заводу электраінструмэнтаў — лёзунг: «Наш опыт и традиции — на службу России». Над вуліцамі расьцяжкі нагадваюць, наколькі важны для Масквы голас кожнага крымчука — 8 верасьня пройдуць выбары дэпутатаў дзяржсавету другога скліканьня.
Хваліцца сваімі посьпехамі крамлёўская партыя «Единая Россия»: новыя мікрараёны, школы, электрастанцыі, дарогі і масты. У гістарычным будынку ў цэнтры адміністрацыйнай сталіцы атабарылася грамадзкая прыёмная партыйнага лідэра Дзьмітрыя Мядзьведзева. Не адстаюць камуністы вечнага Генадзя Зюганава — па колькасьці нагляднай агітацыі ленінцы сярод перадавікоў. На стацыянарных тумбах красуецца лідэр лібэральных дэмакратаў Уладзімір Жырыноўскі.
Зачыстка мясцовасьці для перасяленцаў
За некалькі гадоў расейцы з мацерыка ўпэўнена выціснулі кіраўнічыя кадры ўсіх узроўняў — даверу няма нават ляяльным мясцовым, якія памянялі ўкраінскія працоўныя кніжкі на расейскія. Як патлумачыў адзін з былых службоўцаў, лёгіка простая: хто раз прадаўся, на таго больш нельга разьлічваць. Роля тутэйшых адміністратараў зьведзеная да абслугоўваньня старшых па званьні.
Для перасяленцаў зь вялікай зямлі рыхтуюць інфраструктуру. Узводзяць цэлыя мікрараёны — асабліва ў стратэгічных гарадах. Мілітарызацыя паўвострава спрычынілася да рэзкага прытоку вайскоўцаў, якія зь сем’ямі пераяжджаюць сюды з усёй Расеі.
Акрамя таго, адмысловыя дзяржаўныя праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Крыму ў розных галінах прадугледжваюць перагляд кадравага рэгістру ў прамысловасьці, будаўніцтве, транспарце, мэдыцыне, адукацыі і г.д. Калі кіравацца дадзенымі адкрытых вакансій у розных рэгіёнах Расеі, гаворка пра сотні тысяч месцаў, на якія могуць прэтэндаваць кандыдаты.
Няма дакладнай статыстыкі, колькі ўладальнікаў украінскіх пашпартоў вымушана пазьяжджалі ва Ўкраіну ды ў іншыя месцы. Крымскія татары называюць лічбу 50 тысяч адносна толькі сваіх суродзічаў, дзясяткамі тысяч вымяраецца колькасьць украінцаў ды іншых нацыянальных групаў.
Чым лёс Крыму паказальны для беларусаў
Лёс Крыму надзвычай паказальны для народаў, якія ўяўляюць стратэгічны інтарэс для Крамля — перадусім для беларусаў. Ідэалягічная база, якая пачала фармавацца задоўга да анэксіі, мала чым адрозьніваецца ад таго, з чым штодзённа сутыкаюцца жыхары Беларусі. Татальная русыфікацыя усіх сфэраў, ваяўнічая рыторыка тэлеканалаў, вайсковая прысутнасьць, сыравінная залежнасьць, рычагі ўплыву на вышэйшых кіраўнікоў (Аляксандар Лукашэнка і Ўкраіна часоў Віктара Януковіча) — усё гэта зьвёны аднаго лягічнага ланцуга.
З улікам убачанага ўжо не выглядае асаблівай фантастыкай, што на фоне апатыі насельніцтва і ўхваленьня палітыкі ўсходняга саюзьніка над беларускімі гарадамі можа залунаць расейскі трыкалёр...
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.