Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве за пратэст на Краснай плошчы затрымалі сем крымскіх татараў


У Маскве за пікет на Краснай плошчы затрыманыя сем удзельнікаў крымскататарскага нацыянальнага руху, паведамляе Крым.Реалии.

Паводле ацэнак расейскай праваабаронцы Аляксандры Крыленкавой, на плошчу выйшлі дзесяткі вэтэранаў руху і разгарнулі плякаты.

«Іх пікет прымеркаваны да апэляцыі па першай Бахчысарайскай "справы Хізб ут-Тахір". Празь пяць хвілін прыехалі два легкавыя аўтамабілі паліцыі, сказалі ўсім: згортвацца. У выніку траіх удзельнікаў пікету пагрузілі ў адзін з аўтамабіляў, яшчэ траіх у іншы, яшчэ аднаго — кудысьці адвялі», — сказала Крыленкова.

На плякатах удзельнікаў пікету было напісана: «Спыніце рэпрэсіі па нацыянальнай і рэлігійнай прыкмеце ў Крыме», «Барацьба з "тэрарызмам" у Крыме — гэта барацьба з іншадумствам», «Нашы дзеці не тэрарысты» і іншае.

Як паведаміла Аляксандра Крыленкова, затрыманым інкрымінуюць адміністрацыйны артыкул «арганізацыя масавага адначасовага знаходжаньня, што пацягнула за сабой парушэньне грамадзкага парадку). Паводле яе, затрыманыя знаходзяцца ў пастарунку, да іх дапушчаны адвакат.

У чэрвені падкантрольны Расеі суд у анэксаваным Крыме арыштаваў восем затрыманых крымскіх татар. Разам з апошнімі арыштаванымі фігурантамі справы «Хізб ут-Тахрыр» у анэксаваным Крыме сталі падсуднымі ўжо 58 мусульман. Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» лічыць іх перасьлед палітычна матываваным: ў 2014 годзе крымскія татары выступалі супраць далучэньня да Расеі.

Арганізацыя «Хізб ут-Тахрыр», у прыналежнасьці да якой абвінавачваюць некаторых крымскіх татараў, забароненая ў Расеі, але не ў Украіне.

27 сакавіка кіраўнік Мэджлісу крымскататарскага народу, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Рэфат Чубараў паведаміў пра масавыя ператрусы ў дамах крымскіх татар.

Фэдэральная служба бясьпекі Расеі, якая праводзіла апэрацыю ў Крыме пры ўдзеле Міністэрства ўнутраных спраў і Расгвардыі, заявіла, што затрыманыя зьяўляюцца «верхаводамі і шараговымі ўдзельнікамі» «Хізб ут-Тахрыр» у рэгіёне. 29 сакавіка стала вядома, што ўсе арыштаваныя крымскія татары вывезены з паўвострава і зьмешчаныя ў сьледчы ізалятар у Растове-на-Доне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG