Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вельмі кепска нам стала вельмі даўно». Кнігарня «Логвінаў» пераяжджае


«Вялікія вылазіны» кнігарні «Логвінаў»
«Вялікія вылазіны» кнігарні «Логвінаў»

Культавая кнігарня, якая за 9 гадоў зрабілася цёплым прытулкам такой часам беднай і маркотнай беларускай літаратуры, з 16 ліпеня пераяжджае практычна ў адно памяшканьне з антыкварнай крамай «Буржуазныя каштоўнасьці». А зь верасьня пераходзіць у фармат перасоўнай бібліятэкі. Мы схадзілі на вылазіны і пагаварылі зь людзьмі, якія сабраліся хто на сьвята, хто на хаўтуры.

«Вялікія вылазіны» кнігарні «Логвінаў»
«Вялікія вылазіны» кнігарні «Логвінаў»

Ігар Логвінаў, выдавец: «Вельмі кепска нам стала вельмі даўно»

Ігар Логвінаў
Ігар Логвінаў

​«Вельмі кепска нам стала вельмі даўно. Нам не па сродках была гэтая крама, і мы працавалі ўжо для таго, каб зарабіць грошы і аддаць за арэнду, і ў гэтай жудасьці выжываньня, а ня радасьці, мы апошнія два-тры гады знаходзімся.

«Вялікія вылазіны» кнігарні «Логвінаў»
«Вялікія вылазіны» кнігарні «Логвінаў»

Калі мы адкрываліся, мы былі першая свабодная культурная пляцоўка. Пасьля іх зьявілася шмат, і гэта клясна, няма ніякага сэнсу трымацца за месца. Мы шмат гадоў выношвалі плян набыць вялікі аўтобус, нагрузіць аўтарамі, музыкамі, кніжкамі — і паехаць па краіне. Зь верасьня мы пачнём, і да Новага году зробім першыя 20 падарожжаў.

Мне вельмі падабаецца ідэя спалучаць кніжкі і штосьці яшчэ. Пару гадоў таму Артур Вакараў адкрыў краму «Буржуазныя каштоўнасьці», куды прывозіць на продаж старую мэблю, і я гады два таму пачаў яго прасіць: «Давай ты прывязеш гэтую мэблю да нас, а мы расставім на ёй кніжкі, і нешта з гэтага будзе». Ён не пагадзіўся, а пасьля сам прыйшоў і сказаў: «А навошта мне прывозіць да вас мэблю, давайце, вы прывезяце да мяне кніжкі, і мы паспрабуем гэта зрабіць.

Стаўленьне да беларускай літаратуры заўсёды было неадэкватнае. Яна вельмі цікавая, клясная, але яна ніколі не асацыюецца з грашыма, з посьпехам. З адчуваньнем пэўнага шчасьця. Паспрабуем гэта зламаць».

Яўген Ціханаў, дырэктар кнігарні «Логвінаў»: «Гэта крутое месца, але ўсё трошкі закансэрвавалася»

Яўген Ціханаў
Яўген Ціханаў

​«На новым месцы пачаць іначай вельмі проста. Узяць толькі лепшае, што ўжо назьбіралася, і спрабаваць штосьці іншае. У ідэале хацелася, каб кнігарня заўсёды была перасоўная, каб у яе ніколі не было фіксаванага пункту, але каб быў свой вялікі аўтобус з кніжкамі і яна б заўжды вандравала».

Юлія Цімафеева, паэтка, перакладчыца: «Мы мусім паплакаць пра гэта»

Юлія Цімафеева
Юлія Цімафеева

​«Нам дазвалялася тут рабіць што заўгодна: мы ня толькі выступалі, але й адзначалі сьвяты, Новы год, дні народзінаў і г.д. Я проста хачу верыць, што гэты будынак не зьнясуць і ў выніку хаця б шыльду павесяць пра тое, што тут стаяла кнігарня „Логвінаў“. А ў новага месца будзе іншая спэцыфіка: гэта дарагія рэчы, а пісьменьнікі збольшага людзі вельмі небагатыя, і наколькі гэта ўсё будзе спалучацца — кнігі, небагатыя пісьменьнікі і дарагія рэчы, — я пакуль ня ведаю».

Альгерд Бахарэвіч, пісьменьнік: «Гэта месца было сымбалічным для мяне»

Альгерд Бахарэвіч
Альгерд Бахарэвіч

​«Я тады жыў у Гамбургу, і для мяне гэта была нечаканая і страшэнна прыемная навіна: ну нарэшце ў Менску адкрылася месца, пра якое я марыў: месца свабоды, месца для літаратуры, месца для пісьменьнікаў. Тут я са сваімі чытачамі сустракаўся, тут мы зь Юляй (Цімафеевай — РС.) пачалі сустракацца. Проста сьлёзы наварочваюцца — таму я сёньня ў чорных акулярах. Такіх месцаў у Менску насамрэч вельмі мала, і тое, што іх робіцца менш, ува мне пасяляе жах».

Максім Жбанкоў, культуроляг, крытык, журналіст: «Галоўнае, каб людзі стваралі месцы»

Максім Жбанкоў
Максім Жбанкоў

​«Я ўпершыню быў тут, калі ўвогуле не было кніжак, проста белыя сьцены. І Ігар Логвінаў нешта ліхаманкава фарбаваў. Гэта была прастора чыстай магчымасьці. І яе больш няма. І мне крыху сумна. Акрамя галерэі «Ў», кнігарні і бара, тут яшчэ была дызайнэрская агенцыя Артура Вакарава і Ветра Мэханічнага. Гэта была фантастычная канцэнтрацыя крэатыўнай моцы. Вось такое сутыкненьне я магу параўнаць толькі з фабрыкай Эндзі Ўорхала ў Нью-Ёрку, дзе побач суіснавалі фатографы, мастакі, поп-артысты, рок-музыкі, альтэрнатыўныя кінематаграфісты і гэта ўсё існавала ў адзінай такой віхуры магчымасьцяў — акурат тое, што было ў лепшыя часы тут. Гэтае месца, пакуль сюды не прыйшоў Логвінаў з суполкай, было прасторай шклатары. Прасторай калекцыянаваньня і арганізацыі пустэчаў.

Валянцін Акудовіч, філёзаф, паэт, крытык: «Хачу тост падняць і выпіць на хаўтурах»

Валянцін Акудовіч
Валянцін Акудовіч

​«Вельмі прыгожы быў нябожчык — гэтае месца і гэтыя людзі. Але, як казалі ў дынастычную эпоху ў Францыі, памёр кароль, віват кароль! Трэба варушыцца, і мне найбольш сымпатычна, што выдавецтва, кнігарня разумее, што трэба варушыцца. Бо калі штосьці перастае варушыцца, яно ператвараецца ў труп».

Ігар Бабкоў, паэт, пісьменьнік, філёзаф: «Пры ўсёй сваёй прыўкраснасьці — гэта чорная дзірка, якая высмоктвала рэсурсы»

Ігар Бабкоў
Ігар Бабкоў

​«І камізм сытуацыі палягаў у тым, што ўсе літаратары, якія не атрымлівалі ганарараў, разумелі, што нашыя грошы ідуць на ўтрыманьне гэтай прасторы. А чалавек, які меў прыбытак з гэтага, — звычайны менскі бізнэсовец, які ціха сядзіць у Гішпаніі, мае там вілу і радасна пражывае сваё жыцьцё. Усё наадварот: ня бізнэс дае грошы паэтам і літаратарам, а менскія літаратары ўтрымліваюць беларускага бізнэсоўца, каб ён шчасьліва ў Гішпаніі дапіў сваю малагу. Гэта я так, саркастычна крышачку. Можа быць, на новым месцы гэта зьменіцца, і гэта будзе ня толькі цёплым месцам, але яшчэ і бізнэсам. Зычу кнігарні бясконцых рэінкарнацый з кожным новым пакаленьнем».

Вальжына Морт, паэтка: «Думаю, што мы атрымаем, а не страцім, бо ўсё, што мы маглі страціць, ужо страцілі»

Вальжына Морт
Вальжына Морт

​«Я спадзяюся, што гэтыя зьмены да лепшага: вось дождж ідзе, як на вясельле, — значыць, усё да лепшага. Гэта сэрца Менску, і гэта перасадка сэрца, а мы проста робім апэрацыю. Але мы вельмі добрыя хірургі».

Адам Глобус, пісьменьнік, паэт, выдавец, мастак: «Дзень сьмерці лепей, чым дзень нараджэньня»

Адам Глобус
Адам Глобус

​«Гэта ў Эклезіяста сказана. І я ніколі не разумеў, наколькі гэта сапраўды сутнаснае выказваньне. А яно сутнаснае. Разьвітаньне з кнігарняй — гэта даволі сьвяточны дзень. Але шкада разьвітацца зь месцам. Таму што кнігарня ўваскрэсьне, а месца крышку шкада. Хай людзі пакрыўдзяцца на мяне, але я ўпэўнены, што месца важнейшае. Усе сыходзяць зараз на Кастрычніцкую вуліцу, кажуць, што мы там усё адновім. Новае пакаленьне — так. А старэйшыя ўжо не. Мы згубім частку пакаленьня. У старым узросьце цяжка мяняць кватэру. Але каля крамы „Буржуазныя каштоўнасьці“ таксама ёсьць мэтро. Цяпер усё мераецца адлегласьцю да мэтро.

Новае месца Кнігарні Логвінаў, антыкварная крама «Буржуазныя каштоўнасьці»
Новае месца Кнігарні Логвінаў, антыкварная крама «Буржуазныя каштоўнасьці»

Кнігарні я жадаю, каб яны выдалі мой збор твораў. І яны сказалі, што гэта будзе першы збор твораў пасьля сьмерці, дык я хацеў бы, каб пры жыцьці ўсё ж».

Кнігарня, якая салідарызавала беларусаў

У 2015 годзе ў кнігарні «Логвінаў» атрымалася салідарызаваць беларусаў. Тады эканамічны суд Менску абавязаў кнігарню заплаціць амаль 66 тысяч даляраў штрафу за гандаль безь ліцэнзіі: папярэдне кнігарня шэсьць разоў безвынікова спрабавала атрымаць рэгістрацыю на гандаль кнігамі. Грошы сабралі за тры месяцы.

Як выглядае новае месца

Кнігарня адновіць сваю працу па адрасе: Менск, вуліца Караля, 22

Новае месца Кнігарні Логвінаў, антыкварная крама «Буржуазныя каштоўнасьці»
Новае месца Кнігарні Логвінаў, антыкварная крама «Буржуазныя каштоўнасьці»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG