Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы здалі ЦТ, паставіўшы крыжыкі ў адзін радок. Ці паступім?


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

«Абітурыенты» Свабоды схадзілі на цэнтралізаванае тэставаньне па некалькіх прадметах і паспрабавалі здаць тэст нават больш простым спосабам за «мэтад тыку». Падвяла мова: каб не яна, можна было б паступаць.

Тэст складаецца па-ранейшаму зь дзьвюх частак: частка А — пытаньні зь пяцьцю варыянтамі адказаў, частка В — пытаньні без гатовых варыянтаў адказаў. У 2019 годзе правілы ЦТ крыху зьмянілі, выніковы бал цяпер залежыць ад таго, наколькі складаным аказалася кожнае пытаньне для ўсіх абітурыентаў.

Мы ставілі паўсюль у частцы А аднолькавы адказ («1» у беларускай мове і фізыцы, «3» у гісторыі Беларусі), частку В не запаўнялі зусім.

Беларуская мова (5 балаў)

Сярэдні бал усіх абітурыентаў — 51,41

У адрозьненьне ад іншых тэстаў, у частцы А заданьняў па расейскай і беларускай мовах магло быць (і было ў значнай частцы пытаньняў) больш за адзін правільны варыянт адказаў. Напрыклад, калі ў шэрагу словаў тры прыметнікі, назоўнік і дзеяслоў, а заданьне — знайсьці прыметнікі, то і крыжыкі трэба было ставіць у трох адказах.

Падобна, гэта сапраўды можа «адсеяць» тых, хто здае ЦТ праз выстаўленьне адказаў у адзін радок: аніводнага пытаньня, дзе варыянт «1» быў бы цалкам правільным адказам, не было, і толькі ў пяці пытаньнях гэта быў часткова правільны адказ. А мінімальны дапушчальны бал у мовах — 10, а значыць, з 5 баламі нікуды не паступіш нават бяз конкурсу.

Пэўна, тыя 10 балаў можна набраць «на інтуіцыі» або наўздагад — сярод пытаньняў ёсьць нескладаныя. Ды значная частка іх тычыцца ня самых лягічных момантаў афіцыйнага правапісу, выключэньняў з правілаў. Інтуіцыя не дапаможа, напрыклад, са словам «мэнэджар», якое афіцыйным правапісам пісалася то «менеджэр», то «менеджар».

Палітызаваных пытаньняў у тэсьце ня трапілася. Але нават на блянку тэсту па беларускай мове, які трэба запаўняць па-беларуску, на зваротным боку інструкцыя па-расейску, якую па-расейску і зачытваюць абітурыентам.

На самім ЦТ нібы наўмысна падтрымліваецца даволі напружаная атмасфэра. Выкладчыкі паводзяць сябе надзвычай строга. Літаральна пужаюць тым, што нельга, напрыклад, праносіць тэлефоны (як паказала практыка, смарт-гадзіньнікі не заўважаюць), што «абавязкова знойдзецца хтосьці ня з чорным чарнілам у асадцы», што «калі раздамо заданьні, іх трэба пакласьці на край стала,і нельга пачынаць чытаць, пакуль усе не запоўняць шапку блянку адказаў».

Атмасфэра напружаньня пагаршалася сьпёкай, кепскай вэнтыляцыяй і чаканьнем: тэст фактычна пачынаецца каля 11.10, а абітурыентаў заклікаюць прыходзіць аж а палове на дзясятую.

Гісторыя Беларусі (16 балаў)

Сярэдні бал усіх абітурыентаў — 50,82

У аўдыторыі ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, якая б лёгка зьмясьціла 250 чалавек, усяго 16 абітурыентаў. Гэтулькі тут вырашылі здаваць гісторыю Беларусі па-беларуску.

Пакуль чакаем пачатку іспыту, экзамэнатары пытаюцца: «Чаму здаяце менавіта па-беларуску?» Самы распаўсюджаны адказ — вучылі па-беларуску ў школе ці з рэпэтытарам. Ва аўдыторыі даволі душна. Вады няма — толькі тая, што абітурыенты ўзялі з сабой.

Па мэтодыцы праверкі сёлетняга ЦТ, якую мы для сябе выбралі, трэба паставіць крыжыкі наўздагад у адно поле ў лінейку і праверыць, колькі ўдасца набраць такім чынам. Тую частку пытаньняў, дзе трэба запоўніць поле адказаў, не чапаем.

Калі блянкі раздаюць, запаўняем, а ўжо пасьля чытаем пытаньні. Палова тэсту — пытаньні з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Адно заданьне з мапай: трэба вызначыць, якія землі далучыў да княства Гедымін.

Пасьля ВКЛ ідуць пытаньні з Рэчы Паспалітай; далей частка, прысьвечаная пэрыяду ў складзе Расейскай імпэрыі, савецкаму часу і сучаснасьці.

Ёсьць пытаньне пра год абвяшчэньня БНР, нават ня трэба ведаць дзень і месяц. Пытаньні на храналёгію падзеяў. У гісторыі найноўшага часу трапілася пытаньне пра беларуска-расейскі супэркампутар «Скіф», распрацаваны ў пачатку 2000-х.

Падчас здачы блянкаў арганізатараў ЦТ зьдзіўляе, што карэспандэнт Свабоды так хутка справіўся з заданьнем. Праз два тыдні маем вынік — удалося набраць 16 балаў са 100. Гэтага ня хопіць, каб паступіць на гістарычны факультэт, але дастаткова на любую іншую спэцыяльнасьць, дзе для паступленьня патрэбна гісторыя Беларусі.

Фізыка (28 балаў)

Сярэдні бал усіх абітурыентаў — 51,08

Беларускамоўныя (1 чалавек) здавалі фізыку ў адной аўдыторыі з астатнімі, хто здаваў па-расейску. На таго, хто здае па-беларуску, рэагуюць фразай «А мы вас запомнілі». Атмасфэра ўжо не такая напружаная, як на першых тэстах, але ўсё адно адчуваецца, як над абітурыентам «дамінуюць».

У тэсьце ёсьць заданьні на лёгіку, прычым першае ж — пра тое, якую хуткасьць (яе тут называюць «скорасьцю») паказвае стрэлка на сьпідомэтры электрамабіля.

Але ёсьць і заданьні на веданьне формулаў, некаторыя зь іх даволі экзатычныя, напрыклад работа выхаду электрона з чырвонай мяжы фотаэфэкту (нічога складанага, але ў школе ўжываецца зусім ня часта). Урэшце, быў і своеасаблівы гумар: заданьне пра котку, якая скача на сьвяцільнік («ваганьні коткі і сьвяцільніка не лічыць гарманічнымі»).

На фізыку і хімію дазваляюць прыносіць калькулятары, хоць асабліва складаных вылічэньняў у заданьнях няма. Ды інструкцыі напісаныя так, што пры жаданьні можна было і забараніць калькулятары: нельга праносіць апараты прыёму, перадачы і захоўваньня інфармацыі, а ці ня ўсе сучасныя калькулятары маюць апошнюю функцыю ў шэрагу кнопак «М». Не забаранялі.

Атрыманыя ў выніку выстаўленьня адказаў «1» у радок 28 балаў дастаткова, нават каб паспрабаваць паступіць туды, дзе фізыка — гэта першы профільны прадмет.

Каб толькі можна было здаваць кітайскую замест беларускай... Бо кажуць, што з адказамі «1» у радок па кітайскай мове можна было атрымаць 44 балы. Галоўнае ж — ня ставіць «5» у адзін радок, бо сёлета, здаецца на тэстах па ўсіх замежных мовах сёлета не было ніводнага правільнага адказу «5».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG