Сябра праекту «Народны падручнік» Сяргей Альшэўскі, які ведае толькі адну фразу па-кітайску, дзеля экспэрымэнту запісаўся на цэнтралізаванае тэставаньне па кітайскай мове і набраў па ім 34 балы. Пра гэта ён распавёў карэспандэнту Свабоды.
Сяргей Альшэўскі раней працаваў у Міністэрстве адукацыі і ў Нацыянальным інстытуце адукацыі, але вымушаны быў адтуль сысьці «з прычыны сваёй пазыцыі».
Ён кажа, што «здаровымі аргумэнтамі» аб хібнасьці новай сыстэмы падліку балаў на ЦТ да Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў дастукацца не ўдалося, таму ён вырашыў, што пойдзе на тэставаньне і мэтадам тыку будзе набіраць балы.
Раней Альшэўскі гэтак жа «мэтадам тыку» набраў 25 балаў на ЦТ па расейскай мове і 49 балаў — на ЦТ па матэматыцы.
«Асабліва вось гэты вынік па кітайскай мове моцна ўражвае. Я ведаю па-кітайску толькі адну фразу. І вынік у 34 балы — гэта проста космас. Любы чалавек з вуліцы можа прыйсьці на ЦТ, натыкаць на прахадны бал і прэтэндаваць на месца ва ўнівэрсытэце».
Паводле Альшэўскага, ягоны знаёмы, які таксама ўзяў удзел у экспэрымэнце, набраў па кітайскай мове 44 балы, таксама яе ня ведаючы.
«Асноўная мая выснова — гэта справакуе адток таленавітых людзей зь Беларусі. Канкурэнцыю тым, хто вучыцца, будуць складаць тыя, хто наогул можа нічога ня ведаць. Сэнс тады вучыцца? Я ня ведаю кітайскай мовы. А ў мяне бал, які дазваляе паступаць у Лінгвістычны ўнівэрсытэт. Пра што гэта кажа? Сыстэма не працуе. Яе трэба тэрмінова адмяняць. Старая мэтодыка давала больш аб’ектыўны бал», — гаворыць Альшэўскі.