Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніцу ААН, якая піша даклад аб правах чалавека ў Беларусі для Генасамблеі, не пускаюць у краіну


Анаіс Марэн, архіўнае фота
Анаіс Марэн, архіўнае фота

Спэцыяльная дакладчыца Арганізацыі аб’яднаных нацыяў па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн дала інтэрвію інфармагенцтву БелаПАН.

Тыдзень таму, 2 ліпеня яна прадстаўляла свой даклад па Беларусі на сэсіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэнэве. У ім Анаіс Марэн казала пра дыскрымінацыю этнічных і сэксуальных меншасьцей у Беларусі, стыгматызацыю людзей зь вірусам імунадэфіцыту чалавека, асуджаных за наркотыкі і псыхатропы маладых людзей і іншае.

Марэн у інтэрвію БелаПАН адзначыла: мандат спэцдакладчыка ААН па Беларусі не прызнаецца беларускімі ўладамі ад самога стварэньня гэтай пасады ў 2012 годзе. Яна расказала, што калі ў мінулым лістападзе пачала выконваць свае абавязкі, то спадзявалася на дэманстрацыю «нейкай адкрытасьці» з боку беларускіх уладаў, але «беларускі ўрад да гэтага не гатовы».

Спэцдакладчыца ня можа наведаць Беларусь

Спэцдакладчыца наракае, што не атрымлівае афіцыйных зьвестак аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і ня можа афіцыйна наведаць краіну — зьвесткі для дакладу яна брала з адкрытых крыніцаў у інтэрнэце, ад дыпляматаў розных краінаў і ахвяраў парушэньняў правоў чалавека. Правяраць зьвесткі, атрыманыя такім шляхам, «няпроста пры адсутнасьці наведаць краіну».

Таму, кажа яна, прадстаўленьне інфармацыі і супраца зь ёй былі б у інтарэсах беларускіх уладаў. Тыя, мяркуе Марэн, маглі бы расказаць, што робяць для абароны і прасоўваньня правоў чалавека ў Беларусі, як рэалізуюць нацыянальны плян у гэтай галіне і ці рыхтуюць новы.

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Юры Амбразевіч казаў у Жэнэве, што сытуацыя ў Беларусі «ня мае патрэбы ў асаблівай увазе» з боку Рады ААН па правах чалавека. Марэн кажа, гэта «даўняя пазыцыя» беларускіх уладаў, але яна «ня ўпэўненая, што ў пытаньні правоў чалавека мы кажам аб адным і тым жа», а яе мандат дзейнічае таму, што «сытуацыя з правамі чалавека ў краіне застаецца незадавальняльнай».

Выбары блізка

Беларускія праблемы, якія яна згадала, гэта права на жыцьцё, ужываньне сьмяротнага пакараньня, свабода СМІ, «справа БелТА» і ціск на журналістаў-фрылянсэраў, свабода выказваньня думак, права на свабоду асацыяцыяў і на мірныя сходы.

У Радзе ААН па правах чалавека яна згадвала, што ў час выбарчых кампаніяў беларускія ўлады больш інтэнсіўна «выкарыстоўваюць рэпрэсіўныя практыкі» і «менш схільныя да грамадзкіх дыскусіяў па важных праблемах».

Да восені бягучага году Марэн зьбіраецца прадставіць яшчэ адзін даклад па правах чалавека — для Генэральнай асамблеі ААН. У ім яна абяцае сфакусавацца на правах чалавека з улікам будучых выбараў. Аляксандар Лукашэнка казаў аб жаданьні правесьці парлямэнцкія выбары 7 лістапада, на Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі.

Марэн адзначыла, што беларускія ўлады дагэтуль ня выканалі рэкамэндацыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ, дадзеныя па выніках мінулых выбарчых кампаніяў, ня ўнесьлі істотных зьменаў у Выбарчы кодэкс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG