З 24 па 28 чэрвеня ў Менску пройдзе праваабарончая кампанія «ПЫТАЙ/СЯ.Тыдзень супраць катаваньняў», прымеркаваны да Міжнароднага дня ААН у падтрымку ахвяраў катаваньняў, які адзначаецца 26 чэрвеня.
Арганізатарамі зьяўляюцца ініцыятыва «Праваабаронцы супраць катаваньняў» і грамадзкая арганізацыя «Прававая ініцыятыва», партнэры — Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, Human Constanta і Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Напярэдадні карэспандэнт Свабоды пагутарыў з каардынатарам «Тыдня супраць катаваньняў», сябрам праўленьня «Прававой ініцыятывы», юрыстам Сяргеем Усьцінавым.
— Якая мэта «Тыдня супраць катаваньняў»? Як паставіліся ўлады да яго правядзеньня?
— Мэта — стварэньне экспэртных і даступных шырокай публіцы пляцовак для абмеркаваньня розных аспэктаў праблемы катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня, абмену практыкамі паміж спэцыялістамі з розных сфэр і краін, а таксама аказаньне прафэсійнай падтрымкі людзям з траўматычным досьведам. Улады выдатна разумеюць, што катаваньні — гэта дрэнна, таму, я думаю, пакуль і ня чыняць нам перашкод. Спадзяюся, і ня будуць.
— Вы раздавалі журналістам гульню «Турэмныя цацкі». Што яна азначае?
— Гэта для таго, каб прыцягнуць увагу. Калі, напрыклад, сьледчыя затрымліваюць людзей і пачынаюць катаваць, то для некаторых гэта гульня. Мы паказваем, што людзі ня цацкі, зь імі нельга абыходзіцца і гуляць як з цацкамі.
Кайданкі, поліэтыленавы пакет, электрашокер...
— Пра якія віды катаваньняў у Беларусі вядома праваабаронцам?
— Кайданкі (імі моцна пераціскаюць запясьці і пакідаюць на працяглы час, ад чаго кісьці рук ацякаюць, нямеюць, моцна баляць і на запясьцях застаюцца характэрныя сьляды).
Поліэтыленавы пакет, які надзяваюць на галаву і перакрываюць доступ паветра (выкарыстоўваўся ў справе Паўла Леўшына).
Электрашокер, прымяняўся ў «Справе графіцістаў» да Максіма Пякарскага.
Гумавай палкай (міліцэйскай дубінкай) б'юць затрыманых. У нашай практыцы была справа, калі магілёўскі хлопец заяўляў, што яго згвалцілі міліцэйскай дубінкай.
Зьбіцьцё нагамі і рукамі.
— Ці магчыма ў Беларусі чалавеку даказаць, што супраць яго ўжываліся катаваньні? Што прадугледжвае беларускае заканадаўства?
— У Крымінальным кодэксе Беларусі адсутнічае спэцыялізаваны артыкул «Катаваньні», які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за ўсе акты катаваньняў. Таму дзеяньні, якія падпадаюць пад азначэньне «катаваньне», выкладзеныя ў Канвэнцыі ААН супраць катаваньняў, могуць быць кваліфікаваныя ў лепшым выпадку як прымус да дачы паказаньняў, перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў, мучэньне, прычыненьне цялесных пашкоджаньняў рознай ступені цяжкасьці.
Адсутнасьць належнай крыміналізацыі катаваньняў не дазваляе вызначаць адэкватныя пакараньні і не дазваляе адсочваць колькасьць канкрэтных злачынстваў у форме прымяненьня катаваньняў.
614 заяў, 10 крымінальных спраў
— Ці ёсьць зьмены ў стаўленьні дзяржавы да гэтай праблемы? Ці супрацоўнічаюць улады з праваабаронцамі?
— Дзяржава старанна адмаўляе самі факты катаваньняў. Напрыклад у сваёй справаздачы ў Камітэт супраць катаваньняў Беларусь заяўляе, што ў пэрыяд са студзеня 2012 года па сьнежань 2015 года ў падразьдзяленьні Сьледчага камітэту паступіла 614 заяў аб неправамерных дзеяньнях службовых асоб органаў унутраных спраў і іншых дзяржаўных праваахоўных органаў, якія падпадаюць пад вызначэньне «катаваньне» і «жорсткае абыходжаньне».
Па гэтых заявах праведзены праверкі і па іх выніках распачата толькі 10 крымінальных спраў паводле часткі 3 артыкулу 426 КК. У астатніх выпадках зьвесткі, названыя ў заявах, не знайшлі свайго пацьвярджэньня, таму прынятыя рашэньні аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы. Гэта менш за два адсоткі.
Дзяржава ніяк не супрацоўнічае з праваабаронцамі для прадухіленьня або барацьбы з катаваньнямі, а часам нават перашкаджае нашай дзейнасьці.
Напрыклад, калі я пісаў скаргу ў Генэральную пракуратуру на высылку Ісмаіла Нальгіева, інгускага блогера, якога выслалі ў Расейскую Фэдэрацыю, нягледзячы на небясьпеку прымяненьня катаваньняў, Генпракуратура заявіла, што ў мяне няма даверанасьці. Яе не цікавіў сам факт парушэньня правоў чалавека.
«Што тычыцца судоў, то сытуацыя ня лепшая»
— Ці правяраюцца скаргі на катаваньні? Як на заявы пра катаваньні падсьледных рэагуюць суды?
— Пры звароце праверкі праводзяцца абавязкова. Пытанне ў тым, якім чынам яны праводзяцца, ці адказваюць гэтыя праверкі крытэрам аб’ектыўнага расьсьледаваньня катаваньняў.
Напрыклад, мы вялі справу хлопца з Магілёва, які сьцьвярджаў, што супрацоўнікі міліцыі зьбілі і згвалцілі яго міліцэйскай дубінкай. Нягледзячы на тое, што ён першапачаткова хадайнічаў аб канфіскацыі на экспэртызу курткі і штаноў, на якіх засталася кроў, іх узялі толькі праз два з паловай месяцы. Самі дубінкі (магчымыя прадметы зьдзяйсьненьня катаваньняў) і мабільныя тэлефоны канфіскавалі ў супрацоўнікаў міліцыі для экспэртызы таксама праз два з паловай месяцы.
Толькі зыходзячы з гэтага нельга сказаць, што праверка праводзілася старанна, абʼектыўна і ўсебакова.
Што тычыцца судоў, то сытуацыя ня лепшая. Мы неаднаразова казалі дзяржаве, што неабходна прыпыняць разгляд справы ў судзе, калі абвінавачаны заяўляе, што яго катавалі. Суд павінен дачакацца вынікаў праверкі, і толькі калі скаргі абвінавачанага не пацьвердзіліся, працягваць разгляд справы.
Гэтую нашу пазыцыю нават уключылі ў так званы Нацплан у правах чалавека. Вярхоўны Суд сумесна зь іншымі дзяржаўнымі органамі вывучаў пытаньне і паведаміў, што цяпер ня бачыць мэтазгоднасьці ў карэктаваньні.
— Ці былі выпадкі, калі праваабаронцам удалося дамагчыся пакараньня адказных за катаваньні?
— Асноўныя факты пры абскарджаньні катаваньняў:
- Праверкі праводзяцца павярхоўна, у асноўным мы маем адмовы ў завядзеньні крымінальных спраў.
- Некаторыя адвакаты адгаворваюць сваіх падабаронных пісаць скаргі на прымяненьне катаваньняў.
- Пракуратура перасылае скаргі на катаваньні і жорсткае абыходжаньне сьледчаму камітэту, тым самым самаўхіляецца ад выкананьня сваіх абавязкаў.
- Складана даказаць катаваньні ў месцах несвабоды з прычыны закрытасьці ўстаноў.
- Сваякі ахвяр і ахвяры баяцца зьвяртацца да праваабаронцаў і наогул баяцца абскардзіць катаваньні, ба асьцерагаюцца перасьледу з боку супрацоўнікаў міліцыі, бо супрацоўнікі не адхіляюцца ад сваіх абавязкаў і працягваюць працаваць, у тым ліку ў справах, дзе ў дачыненьні да іх ёсьць заява аб ужываньні катаваньняў.
«Адной з формаў катаваньняў можна назваць дзедаўшчыну»
— Праваабаронцы разглядаюць катаваньні толькі ў месцах пазбаўленьня волі альбо гэта праблема больш шырокая?
— Самым складаным застаецца праца зь месцамі несвабоды. Мы ня можам трапіць у пэнітэнцыярныя ўстановы. Мне асабіста тры разы адмаўлялі ва ўключэньні ў Рэспубліканскую грамадзкую назіральную камісію пры Міністэрстве юстыцыі.
Сваякі баяцца абскардзіць жорсткае абыходжаньне ў месцах зьняволеньня ў дачыненьні да асуджаных, баючыся помсты з боку адміністрацыі.
Але катаваньні — гэта праблема ня толькі месцаў пазбаўленьня волі. Каб дамагчыся прызнальных паказаньняў пры затрыманьні і папярэднім сьледзтве, часта выкарыстоўваюцца катаваньні.
Адной з формаў катаваньняў можна назваць дзедаўшчыну ў вайсковых частках, фактычна закрытых установах, у якіх практыкуецца фізычны і псыхалягічны ціск як з боку кіраўніцтва, так і з боку іншых вайскоўцаў, калі такія дзеяньні не спыняюцца ці нават ухваляюцца.
— Адкуль праваабаронцы даведваюцца пра катаваньні і чаму важна гэтыя факты не ўтойваць?
— У асноўным да нас звяртаюцца, убачыўшы інфармацыю ў СМІ. Вельмі важна не маўчаць, не баяцца агучваць любыя выпадкі катаваньняў, зьвяртацца да праваабаронцаў і адстойваць сваё правы і правы сваіх блізкіх не падвяргацца катаваньням.
Менавіта таму роля СМІ і сацыяльных сетак вельмі важная для барацьбы і прадухіленьня катаваньняў. Кожны чалавек, які зазнаў нават самы малы псыхалягічны або фізычны ціск з боку службовых асоб, павінен гэтыя дзеяньні абскарджваць, бо беспакаранасьць спараджае далейшае беззаконьне.
Калі праз тваё маўчаньне сёньня не пакараюць службовую асобу за тое, што яна моцна сьцягнула твае рукі кайданкамі, хто ведае, што гэта службовая асоба можа зрабіць праз паўгода, адчуўшы сваю беспакаранасьць?
— У чым адметнасьць праблемы катаваньняў у Беларусі параўнальна зь іншымі краінамі? На якую краіну Беларусь тут найбольш падобная?
— У постсавецкіх дзяржавах праблемы супастаўныя і мэтады катаваньняў таксама падобныя. І ў Беларусі, і ў Расеі ў Крымінальным кодэксе адсутнічае артыкул «Катаваньні».
Аднак у Расеі сытуацыя нашмат складаней, там фактычна не падкантрольныя папраўчыя калёніі, у якіх, як мы нядаўна змаглі бачыць, адкрыта катуюць людзей.
Затое ў нас функцыі Грамадзкіх наглядальных камісій настолькі абмежаваныя, што практычна зводзяцца да намінальных — «прайсьціся па патрэбных месцах і сысьці».