Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «годна» правесьці перадвыбарчыя кампаніі і актыўна «працаваць з народам», паведамляе БелТА.
«Не дапускайце хамства ў дачыненьні да людзей, таму што шмат скаргаў. Ня трэба іх адштурхоўваць. Іншага народу няма, і не такі ўжо дрэнны ў нас народ. Трэба зь імі працаваць», — сказаў Лукашэнка.
«Таму трэба працаваць зь людзьмі, трэба шанаваць нашых людзей. Калі хочаце, модна кажучы, гэта нават у нейкай ступені наша фішка — што мы не аддаліліся ад народу, што ў нас няма такога разрыву, няма гэтага алігархату, няма гэтых багаценькіх, якія вісяць над уладай і народам. Трэба гэта і падтрымліваць», — дадаў Лукашэнка.
Даючы згоду на прызначэньне кіраўнікоў мясцовых органаў улады, ён падкрэсьліў, што дзьве выбарчыя кампаніі на іх плячах, і папрасіў «забясьпечыць годнае правядзеньне гэтых кампаній, каб камар носа не падаткнуў».
«І я разумею, і вы разумееце, што ўжо не памірае народ ад любові да нас. Але народ выдатна разумее, што цяпер дзейная ў Беларусі ўлада — гэта адзіная нейкая ўнікальная зьява, ня толькі на постсавецкай прасторы, дзе мы ўсе зьвернутыя да народу. Што мы людзям не зрабілі, каб яны нас не падтрымлівалі? Усё зрабілі», — заявіў Лукашэнка.
Паводле старшыні ЦВК Беларусі Лідзіі Ярмошынай, адна з выбарчых кампаній (зь вялікай імавернасьцю, выбары ў Палату прадстаўнікоў) дакладна пройдзе сёлета ў лістападзе. Але канкрэтнай даты дагэтуль няма.
Паводле Ярмошнай, калі гэта адбудзецца 7 лістапада, як прапаноўваў Аляксандар Лукашэнка, то прэзыдэнцкія выбары ў такім выпадку будуць прызначаныя на канец ліпеня 2020 году. А калі 17-га, як хацела б кіраўніца ЦВК, то гэты тэрмін адсунецца на пачатак жніўня 2020-га.