Спэцдакладчык ААН па Беларусі Анаіс Марэн прадставіла ў Жэнэве даклад аб сытуацыі з правамі чалавека.
- Галоўныя высновы сёлетняга дакладу па Беларусі на сэсіі Рады ААН па правах чалавека у Жэнэве: істотных паляпшэньняў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі не адбылося, асноўныя правы і свабоды парушаюцца як фактычна, так і юрыдычна, існуе рызыка пагаршэньня сытуацыі ў сувязі з парлямэнцкімі і прэзыдэнцкімі выбарамі.
Анаіс Марэн, спэцыяльны дакладчык ААН па Беларусі, распавяла DW, як ацэньвае цяперашняе становішча спраў у краіне і як працуе ў сытуацыі непрыманьня яе мандату ўрадам Беларусі.
Чаканьні і расчараваньні
Я сачу за пераменамі, якія адбываюцца ў рэгіёне — урад стаў больш узаемадзейнічаць зь ЕС, былі зьняты большасьць санкцый у 2016 годзе. Калі я ўступіла ў пасаду восеньню 2018 года, то спадзявалася, што ва ўладаў Беларусі ёсьць жаданьне пайсьці на саступкі і рэформы. Аднак, падрабязна дасьледуючы сытуацыю з правамі чалавека, атрымліваючы скаргі і доказы парушэньняў правоў ад саміх ахвяр, я хутка ў гэтым расчаравалася.
Новыя акцэнты
Я, напрыклад, вырашыла зрабіць акцэнт на праблемах, якія раней не выклікалі столькі занепакоенасьці. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра дыскрымінацыю этнічных і сэксуальных меншасьцяў, а таксама і пра стыгматызацыі ВІЧ-станоўчых людзей.
Таксама да мяне яшчэ да новага года зьвярнуліся наўпрост «Маці-328». Я іх выслухала, азнаёмілася з матэрыялам, якія яны сабралі ў сувязі з умовамі затрыманьня і зьняволеньня іх дзяцей. Я была проста ў жаху.
Аднак мне трэба пераправяраць усе аргумэнты і сьцьвярджэньні аб парушэньнях, што спэцдакладчыку рабіць вельмі складана ва ўмовах, калі няма доступу да краіны, а ахвяры парушэньняў сядзяць у турме.
Афіцыйны Менск па-ранейшаму ігнаруе
У лістападзе я адправіла ў МЗС ліст з просьбай дазволіць мне наведаць Беларусь з афіцыйным візытам, але адказу не атрымала. Для мяне гэта было расчараваньне, бо сытуацыя ў адносінах Беларусь — ЭЗ усё ж цалкам іншая, чым у 2012 годзе. Таму я спадзявалася, што мне адкрыецца акно магчымасьцяў, каб наладзіць новыя, лепшыя асновы для узаемасувязяў зь беларускімі ўладамі. На жаль!
У выніку мне прыйшлося працаваць без доступу да краіны, ураду і афіцыйных дадзеных. У мяне няма ніякіх кантактаў з уладамі Беларусі. Для працы я выкарыстоўваю тую інфармацыю, якую можна знайсьці ў адкрытым доступе ў інтэрнэце ці якую атрымліваю ад прадстаўніцтваў розных міжнародных арганізацый у Менску. І, вядома, са мной дзеляцца дадзенымі няўрадавыя і праваабарончыя арганізацыі Беларусі, і я ўсім вельмі за гэта ўдзячная.
І ўсё ж ёсьць прагрэс
- адмена артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэксу (крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацый. — Рэд.)
- унясеньне паправак у закон аб масавых мерапрыемствах, якія ўстанаўліваюць працэдуру апавяшчэньня ў дачыненьні да некаторых сходаў
- большае імкненьне ўраду Беларусі супрацоўнічаць зь іншымі мэханізмамі ААН
- дзяржава стала больш мець зносіны і слухаць тое, што зыходзіць ад грамадзянскай супольнасьці.
Што далей
Лічу, што ня варта правакаваць урад і адразу рабіць акцэнт на тых аспэктах, у якіх улады відавочна не гатовыя ісьці на саступкі. Думаю, ёсьць большы шанец дасягнуць посьпеху, калі я выбіраю больш унівэрсальныя тэмы, напрыклад, абарону правоў дзяцей, бо падлеткі, якія асуджаныя па наркатычных артыкулах і адбываюць працяглыя, больш за 10 гадоў, тэрміны зьняволеньня, у першую чаргу зьяўляюцца дзецьмі згодна Канвэнцыі аб правах дзіцяці. І я лічыла б прагрэсам любое паляпшэньне іх жыцьця ў турме і кожны год, на які атрымалася паменшыць іх тэрмін зьняволеньня.
- Мандат спэцдакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі быў створаны ў 2012, пасьля жорсткага здушэньня масавых пратэстаў у 2010-2011. Першым спэцдакладчыкам быў прызначаны вугорскі журналіст і праваабаронца Міклаш Харасьці, які, пакідаючы сваю пасаду ў 2018, зазначыў, што адчувальнага прагрэсу ў вырашэньні сыстэмных праблем у краіне не адбылося, а таму няма ніякіх прычын для спыненьня міжнароднага кантролю за становішчам у галіне правоў чалавека.
- Улады Беларусі не прызналі мандату. Адразу пасьля прэзэнтацыі сёлетняга дакладу Анаіс Марэн, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэнэве Юры Амбразевіч заявіў, што сытуацыя з правамі чалавека не заслугоўвае разгляду ў Радзе ААН па правах чалавека, а таксама зьвярнуў увагу на палітычную матываванасьць як самога дакладу, так і мандата спэцдакладчыка ў прынцыпе.
- Анаіс Марэн — францужанка, доктарка паліталёгіі, нарадзілася ў 1977 годзе. Яна вольна размаўляе па-расейску, разумее беларускую мову, чытае па-беларуску.