Колькасьць загінулых у выніку паводкі ў Іркуцкай вобласьці вырасла да сямі чалавек, паведамляюць ТАСС і «Интерфакс» са спасылкай на крыніцу ў экстраных службах рэгіёну.
Дзевяць чалавек прапалі бязь вестак, сярод іх дзіця. У лякарнях знаходзяцца 153 пацярпелыя. Раней паведамлялі пра пяць загінулых.
Куйтунскі раён стаў шостым раёнам Іркуцкай вобласьці, дзе адбылася паводка з прычыны пад’ёму ўзроўню вады ў рэках пасьля ліўняў. У зону падтапленьня трапілі 74 жылыя дамы, дзе пражываюць 154 чалавекі, у тым ліку 37 дзяцей. Раней паводкі адбыліся ў Тулунскім, Тайшэцкім, Ніжнеудзінскім, Зімінскім і Чунскім раёнах Іркуцкай вобласьці.
Паводле зьвестак на 1 ліпеня, цяпер у Іркуцкай вобласьці ў 55 населеных пунктах затоплена амаль 3,3 тысячы жылых дамоў, у якіх жывуць больш за 9,5 тысячы чалавек. Паводка пашкодзіла 13 аўтамабільных мастоў.
Таксама паводка адбылася ў горадзе Канск Краснаярскага краю. У ноч на 1 ліпеня там уведзены рэжым надзвычайнай сытуацыі. Паводле МНС па Краснаярскім краі, у Канску ўжо падтоплена 117 дачных участкаў, а на эвакуацыю пагадзіліся 58 чалавек, піша «Сибирь.Реалии».
Частку разьмясьцілі ў сваякоў, а частку — у пункце часовага разьмяшчэньня ў гатэлі «Сібір».
Рэгіянальныя ўлады Іркуцкай вобласьці ўвялі рэжым надзвычайнага становішча праз тры дні пасьля паводкі і адкрылі пункты часовага разьмяшчэньня. Жыхары пацярпелых раёнаў паведамлялі, што пра пагрозу затапленьня іх ніхто не папярэдзіў, ратавальнікі МНС у першыя дні паводкі адмаўляліся эвакуаваць пацярпелых.
На затопленай тэрыторыі знаходзяцца могілкі, жывёльныя могільнікі і ачышчальныя збудаваньні, таму існуе рызыка распаўсюджваньня інфэкцый. Муніцыпалітэты арганізуюць дастаўку пітной вады.