У Генпракуратуры Беларусі пракамэнтавалі справы Андрэя Ўцюрына, Паўла Шаройкі, міліцэйскі ціск на цыганоў у Магілёве, а таксама пэрспэктывы амністыі для асуджаных паводле наркатычнага артыкула 328.
Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды Дня пракуратуры паведаміў, што за 5 месяцаў 2019 году злачыннасьць у Беларусі агулам узрасла на 8,8 працэнта ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Пры гэтым карупцыйных спраў у 2019 годзе паменела на 23%.
Сярод іншага, Аляксей Стук распавёў пра некаторыя гучныя справы.
Справа намесьніка сакратара Рады бясьпекі Андрэя Ўцюрына
«Уцюрын супрацоўнічае са сьледзтвам, прызнаў сваю віну», — сказаў Аляксей Стук.
Паводле намесьніка генпракурора, Андрэй Уцюрын быў арыштаваны за атрыманьне хабару ў памеры 148 тысяч даляраў за лабіраваньне інтарэсаў фірмы з Расеі, якая пастаўляла абсталяваньне «Белтэлекаму». Па той жа справе праходзіць і Сяргей Сівадзедаў, гендырэктар «Белтэлекаму». Пракуратура вядзе назіраньне за законнасьцю пры расьсьледаваньні справы, запэўніў Аляксей Стук.
Справа асуджанага за шпіянаж Паўла Шаройкі
Паводле Аляксея Стука, украінскі журналіст Павал Шаройка, які летась быў асуджаны за шпіянаж на 8 гадоў зьняволеньня, падаў прашэньне аб памілаваньні.
«Разгляд прашэньня прыпынены да вырашэньня пэўных абставінаў», — сказаў Аляксей Стук.
На пытаньне, ці зьвязана гэта з тым, што ва Ўкраіне дагэтуль ня скончыўся суд па справе беларуса, абвінавачанага ў шпіянажы, Аляксей Стук нічога не адказаў.
Ціск на цыганоў у Магілёве
У Аляксея Стука спыталі, як скончылася пракурорская праверка перасьледу магілёўскіх цыганоў пасьля гібелі супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча.
Намесьнік генпракурора сказаў, што міліцыя мела поўнае права правяраць асоб цыганскай нацыянальнасьці бо «ад міліцыянта Патаповіча была пэўная СМС-ка».
Аляксей Стук зазначыў, што датычнасьць цыганоў да меркаванага злачынства правяралі ня толькі ў Магілёўскай вобласьці, але і ў іншых рэгіёнах. Паводле намесьніка генпракурора, парушэньняў закону з боку міліцыянтаў ня выявілі, але былі выяўленыя пэўныя службовыя парушэньні, за што вінаватыя панесьлі адказнасьць.
З гэтай прычыны пракуратура вынесла прадстаўленьне Міністэрству ўнутраных спраў.
«Але заўважу, што скаргаў на парушэньні іх правоў ад асобаў цыганскай нацыянальнасьці атрымана не было», — сказаў Аляксей Стук.
Ці будзе перагляд спраў па артыкуле 328?
Аляксей Стук сказаў, што Генэральная пракуратура Беларусі была сярод ініцыятараў зьменаў у артыкул 328, якія прадугледжваюць зьніжэньне ніжняга парога пакараньня па 2 і 3 частках артыкула. Між тым, паводле спадара Стука, калі закон уступіць у сілу, супрацоўнікі пракуратуры ня будуць ініцыяваць перагляд спраў, бо «гэта не прадугледжана законапраектам».
Пракуратура ініцыявала ўключэньне ў закон аб амністыі, які будзе разглядаць Палата прадстаўнікоў, зьніжэньне на 1 год для асуджаных па 1, 2 і 3 частках артыкула 328, сказаў Аляксей Стук. Для асуджаных паводле пунктаў 4 і 5, якія прадугледжваюць адказнасьць за збыт наркотыкаў і прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці, амністыя не прадугледжана.