Новазаводзкі раённы суд Чарнігава сёньня зацьвердзіў парадак дасьледаваньня сабраных сьледчымі доказаў віны грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, якога абвінавачваюць у зборы на тэрыторыі Ўкраіны сакрэтнай інфармацыі для перадачы «нявызначанаму падчас дасудовага расьсьледаваньня дзяржаўнаму органу Рэспублікі Беларусь».
«На наступнае пасяджэньне суд выклікае сьведкаў з боку абвінавачаньня», — паведаміў Свабодзе адвакат беларуса Тарас Гэрэлюк пасьля сёньняшніх слуханьняў у судзе.
Паводле яго, абвінавачаньне мае 14 сьведкаў: спачатку дапытаюць сьведак і паралельна будуць вывучацца пісьмовыя доказы, якія абвінавачаньне перадало ў суд раней.
Знойдзены ў мабільным тэлефоне Палітыкі ў часе ягонага затрыманьня зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм» зьяўляецца галоўным доказам абвінавачаньня.
Суд пачаў разглядаць па сутнасьці справу «беларускага шпіёна» 3 красавіка. Юрыя Палітыку абвінавачваюць у злачынстве паводле часткі 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, які прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў.
Гісторыя шпіёнскага скандалу
Палітыку затрымалі ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм». Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.
Украінскія экспэрты выказвалі меркаваньні, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманьне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Шаройка ўжо асуджаны беларускім судом на 8 гадоў турмы за шпіянаж.
Летась у жніўні Юрыя Палітыку прывезьлі на чарговае паседжаньне суду ў Чарнігаве зь сіняком пад левым вокам. Але сам ён ня мог удакладніць абставіны атрыманьня траўмаў і сьцьвярджаў, што ня памятае, як гэта адбылося. На той момант Галоўнае ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі ў Чарнігаўскай вобласьці ўжо расьсьледавала крымінальную справу паводле гэтага факту.
Адвакаты беларуса, як і прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі, ня выключалі, што Юрыя Палітыку зьбілі супрацоўнікі сьледчага ізалятара, аргумэнтуючы тым, што ў часе дасудовага расьсьледаваньня ў дачыненьні да яго нібыта выкарыстоўваліся незаконныя мэтады дазнаньня.
У той жа час у адным з судовых рашэньняў у справе пра зьбіцьцё Юрыя Палітыкі адзначалася, што гаворка ідзе аб ягоным канфлікце зь іншым затрыманым, які ўтрымліваўся ў адной камэры зь беларусам: «Устаноўлена, што Палітыка атрымаў цялесныя пашкоджаньні ад сукамэрніка ў выглядзе пералому скулавай косткі зьлева і гематомы пад левым вокам».
Палітыка паведаміў пра гэты канфлікт сваёй маці, а тая, у сваю чаргу, праінфармавала пра інцыдэнт амбасаду Беларусі ва Ўкраіне. Сам зьняволены адмовіўся даваць сьледчым паказаньні, бо адсутнічалі ягоныя адвакаты. У межах гэтай справы суд прызначыў экспэртызу аб цяжкасьці пашкоджаньняў і магчымасьці іх атрымаць у выніку падзеньня, але вынікі пакуль невядомыя.
Пасьля гэтага выпадку Юрыя Палітыку перавялі ў Кіеў, у сьледчы ізалятар Службы бясьпекі Ўкраіны, адкуль яго цяпер возяць у Чарнігаў на судовыя паседжаньні.