Асуджанага на 8 гадоў турмы за шпіянаж украінскага журналіста Паўла Шаройку 23 студзеня наведаў украінскі консул, расказаў Свабодзе амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. Консул таксама сустрэўся з кіраўніцтвам бабруйскай калёніі №2, куды Шаройку перавялі ў канцы мінулага году са сьледчага ізалятару КДБ.
Паводле амбасадара, Паўло Шаройка ня скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня, стан здароўя прызнаны нармальным па выніках мэдычнага абсьледаваньня, мае нармальны выгляд. Консул і надалей мае наведваць зьняволенага.
«Ніякіх заўвагаў па ўмовах утрыманьня ён ня выставіў ні консулу, ні кіраўніцтву калёніі, — кажа Ігар Кізім пра Шаройку. — У прынцыпе, умовы нармальныя. Яму даюць камунікаваць, ён мае права на тэлефонныя размовы з жонкай. Ён чытае газэты, мае доступ да тэлевізіі».
Як і раней, кажа амбасадар, у Беларусі разглядаецца пытаньне аб вяртаньні Шаройкі, і сам Шаройка спадзяецца неўзабаве вярнуцца дамоў. Але рашэньняў аб памілаваньні або абмене пакуль не агучвалася.
Украінскія экспэрты выказвалі меркаваньні, што Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ менавіта на затрыманьне ў Чарнігаве ў чэрвені 2017 году беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі. Яго абвінавачваюць у зьбіраньні сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць замежнай дзяржавы.