Аляксандар Лукашэнка, як паведамляе ягоная прэс-служба, 25 чэрвеня правёў тэлефонную размову з кіраўніком Таджыкістану Эмамалі Рахмонам. Паведамленьняў аб размове ад прэс-службы Рахмона не публікавалася.
Паводле беларускага боку, Лукашэнка і Рахмон «абмеркавалі двухбаковы парадак дня, пытаньні разьвіцьця супрацы ў розных сфэрах з акцэнтам на падрыхтоўку будучага візіту», які мае адбыцца «ў другой палове бягучага тыдня».
У плянах «акрамя афіцыйных мерапрыемстваў» таксама наведваньне Рахмонам цырымоніі закрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў, якая пройдзе ў нядзелю, 30 чэрвеня.
Лукашэнка ў пачатку месяца ўжо анансаваў прыезд Рахмона ў Беларусь «у канцы чэрвеня». Чаму запрашэньне на цырымонію закрыцьця Эўрагульняў агучанае толькі цяпер, а не раней, не паведамляецца.
Цягам 2018 году Лукашэнка двойчы езьдзіў да Рахмона — разам з сынам Мікалаем апранаў таджыцкія халаты і хваліў «дзівосныя інтэр’еры» рэзыдэнцыі Рахмона, фатаграфаваўся сярод пірамідаў з гранатаў на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў СНД. Да таго Лукашэнка быў у Таджыкістане ў 2000 і 2011 гадах. Рахмон наведваў Беларусь двойчы — у 2001 і 2014 гадах.
Аляксандар Лукашэнка запрасіў на закрыцьцё Эўрагульняў таксама Ўладзіміра Пуціна, гэтае запрашэньне агучвалася 14 чэрвеня — за больш як два тыдні да цырымоніі. Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, 25 чэрвеня прэзыдэнты пагутарылі па тэлефоне, і Пуцін прыняў запрашэньне прыняць удзел у цырымоніі закрыцьця.
На адкрыцьцё гульняў былі запрошаныя:
- прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў і кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў — і яны былі на цырымоніі;
- прэзыдэнт Малдовы — быў;
- прэзыдэнт не прызнанага Беларусьсю Косава — прысутнасьць не анансавалі, але ён быў;
- прэзыдэнт Азэрбайджану — не прыехаў зь неназваных прычын, але была ягоная дачка;
- прэзыдэнтка Грузіі — не прыйшла, бо паляцела ў Тбілісі, дзе ідуць масавыя пратэсты;
- прэзыдэнт Сэрбіі — не прыйшоў на цырымонію праз удзел у гульнях спартоўцаў з Косава; пасьля казаў, што ад гэтага «Лукашэнка ледзь ня плакаў»;
- старшыня прэзыдыюму (намінальны кіраўнік) Босьніі і Герцагавіны — выходзіў, каб ня бачыць сьцяга Косава, але вярнуўся.