Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч, які прыляцеў у Менск на адкрыцьцё II Эўрапейскіх гульняў 21 чэрвеня, на цырымоніі не зьявіўся. Свой дэмарш ён патлумачыў удзелам у ёй каманды Косава, якое Бялград па-ранейшаму лічыць часткай Сэрбіі, паведамляе БелаПАН.
Незалежнасьць гэтай краіны ў сьвеце прызнаная часткова, у тым ліку Эўрапейскімі алімпійскімі камітэтамі, пад эгідай якіх праходзяць Эўрапейскія гульні.
Менск разам з Масквой незалежнасьць Косава не прызнаюць.
У інтэрвію сэрбскаму інфармацыйнаму агенцтву ТАНЮГ Вучыч заявіў, што яму было цяжка зрабіць такі крок, але ён мусіў паступіць як прэзыдэнт Сэрбіі.
«Мне было вельмі цяжка паведаміць гаспадару, прэзыдэнту Беларусі Лукашэнку, што я не прыйду на цырымонію, таму што я ведаю, як шмат ён зрабіў. З аднаго боку ён пасадзіў побач з сабой Мядзьведзева, а з другога хацеў пасадзіць мяне. Гэта вялікі гонар. Ён сказаў, што ня пойдзе на стадыён безь мяне. Мне было цяжка бачыць, як у гэтага мужнага чалавека я ледзь ня ўбачыў сьлёзы, калі я сказаў, што мы ня можам прысутнічаць», — сказаў Вучыч.
Паводле яго, Лукашэнка быў сумленным і карэктным. Гэта выявілася ў тым, што ў тых месцах, якія не наведвала інспэкцыя Міжнароднага алімпійскага камітэту, сьцяга Косава не было, а прэзыдэнта гэтай не прызнаванай Бялградам дзяржавы Хашыма Тачы не пасадзілі ў ложу для vip-гасьцей, сказаў Вучыч.
«Яны паклапаціліся пра нас, і мне шкада, што я расчараваў беларускага гаспадара, але ў мяне не было іншага выбару», — сказаў сэрбскі лідэр. Паводле Вучыча, яго гэтая сытуацыя ня радуе, а наадварот, выклікае нянавісьць.
Як паведамляе ТАНЮГ, раніцай 22 чэрвеня прэзыдэнт Сэрбіі наведаў разьмяшчэньне зборнай сваёй краіны ў Менску. У складзе каманды 66 чалавек.
Вучыч сустрэўся ў Менску з прэм’ер-міністрам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым і прэзыдэнтам Малдовы Ігарам Дадонам. Адной з тэм перамоваў было захаваньне тэрытарыяльнай цэласьці Сэрбіі.