Увечары 22 чэрвеня амбасадар Сэрбіі ў Беларусі Велька Кавачэвіч адчуў сябе блага і быў шпіталізаваны.
Раніцай 24 чэрвеня ў амбасадзе Сэрбіі адмовіліся пракамэнтаваць Свабодзе стан здароўя амбасадара і падрабязнасьці здарэньня, спаслаўшыся на ўнутраныя інструкцыі.
Афіцыйная вэрсія здарэньня, якую «Нашай ніве» раней агучылі ў амбасадзе, такая: дыплямату стала кепска, калі ён праводзіў у менскім аэрапорце прэзыдэнта Сэрбіі Аляксандра Вучыча.
Telegram-канал Nexta сьцьвярджае, што амбасадара павезьлі на «хуткай» з «Чыжоўка-Арэны» і папярэднім дыягназам назвалі інсульт, а ў выніку выявілі чэрапна-мазгавую траўму лёгкай ступені і пералом трох рэбраў.
Зранку 24 чэрвеня прадстаўнік амбасады сказаў БелаПАН, што ў Кавачэвіча «ўпаў ціск, ён страціў прытомнасьць, пашкодзіў рэбры». Але чэрапна-мазгавой траўмы ў яго няма, кажуць у амбасадзе, а дыягназ вызначыць кансыліюм, які пройдзе 24-га. Дзе амбасадар адчуў сябе кепска і адкуль яго забрала хуткая дапамога, удакладніць не змаглі.
Пасьля Свабодзе ў амбасадзе расказалі, што падазрэньні на інсульт у пасла не пацьвердзіліся — ён застаецца ў шпіталі, але адчувае сябе лепей. Дзе амбасадару стала кепска, суразмоўца «дакладна ня ведаў».
Урэшце ў Мінздароўя расказалі БелТА, што стан Кавачэвіча значна палепшыўся, а «прычынай шпіталізацыі ў лякарню хуткай медычнай дапамогі ў Менску стала страта прытомнасьці, абумоўленая душным і гарачым надвор'ем». Дыягнаставаны пералом рэбраў і пнэўматоракс. Цяпер сьцьвярджаецца, што здарэньне адбылося ў «вёсцы спартоўцаў».
Тым часам між Сэрбіяй і Беларусьсю адбыўся дыпляматычны скандал: прэзыдэнт Сэрбіі, які прыхаў у Беларусь і сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, не прыйшоў на адкрыцьцё Эўрапейскіх гульняў, каб ня бачыць сьцяг Косава, а затым заявіў, што ад гэтага «Лукашэнка ледзь ня плакаў». А прэзыдэнт Косава, не прызнанага Беларусьсю, на адкрыцьцё Эўрагульняў прыйшоў.