Асноўная вэрсія гібелі дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Дзьмітрыя Тымчука — самагубства. Менавіта такую вэрсію разглядае сьледзтва, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.
46-гадовы ўкраінскі дэпутат, каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» быў знойдзены мёртвым 19 чэрвеня ў сваёй кіеўскай кватэры. Ён загінуў ад агнястрэльнага раненьня ў галаву. Камэры відэаназіраньня, усталяваныя на ўваходзе ў кватэру, паказалі, што ўнутры знаходзіліся толькі дзьве асобы: дэпутат і яго грамадзянская жонка.
«Зыходзячы з паказаньняў блізкіх асоб, сьледзтва мае інфармацыю пра тое, што апошнім часам нябожчык знаходзіўся ў дэпрэсіўным стане, а ў апошні тыдзень наагул не выходзіў з дому», — распавяла журналістам прэс-сакратар пракуратуры Кіева Надзея Максімец.
Адным з матываў магчымага самагубства дэпутата ўкраінскія СМІ называюць яго пэсымістычныя настроі ў дачыненьні да сваёй будучыні ў палітыцы. Два тыдні таму Тымчук паведаміў, што ня будзе балятавацца ў Вярхоўную Раду новага скліканьня.