Амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка даў вялікае інтэрвію расейскаму агенцтву ТАСС. Свабода выбрала некалькі цікавых выказваньняў пасла.
Пра мэту інтэграцыі
- Дзеяньні Беларусі ў справе інтэграцыі з Расеяй «падпарадкаваныя адной мэце: пабудове з саюзьніцкай нам Расейскай Фэдэрацыяй узаемавыгадных стасункаў, выстраеных на прынцыпах даверу, раўнапраўя, уліку нацыянальных інтарэсаў адно аднаго, добрасумленнага выкананьня прынятых абавязаньняў».
- На думку Сямашкі, «бягучы ўзровень саюзнай інтэграцыі не супярэчыць жыцьцёва важным інтарэсам дзьвюх дзяржаваў», і цяпер «галоўная ўмова — далейшае разьвіцьцё саюзу павінна быць выгадным для абодвух бакоў».
Пра сувэрэнітэт
- Далейшыя прапановы «павінны ісьці ад жыцьця і выцякаць ня зь нейкай абстрактнай і надуманай прававой казуістыкі».
- Фінансавыя і эканамічныя пытаньні «ня могуць быць пастаўленыя ў залежнасьць ад рэалізацыі ўмоваў дамовы, якія закранаюць атрыбуты сувэрэннай дзяржавы».
Пра адзіную валюту
- Адзіная валюта Беларусі і Расеі — «мала хто сумняваецца ў рэалістычнасьці» яе, але трэба разумець, што «ёсьць эканамічныя законы, рашэньне якіх адміністрацыйнымі інструмэнтамі можа абысьціся вельмі дорага», бо валюта — «найперш элемэнт сувэрэнітэту любой дзяржавы».
- «Валютная інтэграцыя на шкоду сувэрэнным правам партнэраў немагчымая», але адзіная валюта мусіць стаць «вянцом, які замацуе ўсе нашы дасягненьні на шляху […] вырашэньня першасных інтэграцыйных задач».
Пра правы людзей
- За мінулыя 20 гадоў інтэграцыі «ўдалося дасягнуць значных вынікаў у шырокім спэктры правоў грамадзянаў Беларусі і Расеі», найперш у працоўных правах, міграцыі, пэнсіі, атрыманьні адукацыі, мэдыцыне і страхавой дапамозе — у «базавых для простых людзей пытаньнях».
- Справа ня ў тым, што нейкія правы не выконваюцца цалкам — «проста ў нацыянальных заканадаўствах нашых краінаў ёсьць адрозьненьні, якія не дазваляюць нам у шэрагу выпадкаў прыйсьці да адзінага назоўніка».
- Цяпер задача ў тым, каб скарэктаваць заканадаўства, каб зьняць праблемы, а «адзіная прававая прастора» — прыярытэт на 2018–2022 гады.
Пра заходнія санкцыі
- 20 гадоў фармаваньня «саюзнай дзяржавы» прайшлі ў няпростых умовах, прычыны невыкананьня некаторых пунктаў — «і складанае становішча ў сьвеце, і зьменлівыя геапалітычная і эканамічная каньюнктуры, і новыя міжнародныя выклікі, у тым ліку ў выглядзе эканамічных санкцыяў, якія ўводзяцца супраць Беларусі і Расеі».
- Сямашка прапануе перапрацаваць «перасячэньне кампэтэнцыяў» Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС) і «саюзнай дзяржавы». Таксама ён мяркуе, што праект Садружнасьці незалежных дзяржаваў (СНД) «ня вычарпаў сябе».
Пра беларуска-расейскія гандлёвыя спрэчкі
- «Глыбінных праблемаў», датычных нафты, газу, паставак тэхнікі і малочнай прадукцыі, Сямашка ня бачыць, але доўга пералічвае спрэчкі ў кожным пункце.
- А прэтэнзіі «Россельгаснагляду» да беларускіх прадуктаў — «нядобрасумленнае перадузятае выцясьненьне нашых прадуктаў з расейскага рынку».
Пра падатковы манэўр Расеі
- Кампэнсацыя падатковага манэўру Расеі патрэбна ў тым ліку таму, што «мы сёлета ўжо істотна паднялі цэны на нафтапрадукты на ўнутраным рынку, але далей рабіць гэта немагчыма».
- Дыспарытэт цэнаў на паліва з Расеяй ужо складае 8–10%, ды й пакупніцкая здольнасьць не дазваляе падвышаць цэны. Можа пачацца масавы нелегальны ўвоз паліва ў Беларусь з Расеі, а «ў такім выпадку не давядзецца гаварыць і пра адзіны рынак нафтапрадуктаў».
- Беларусь страціла на першым этапе таго манэўру 3,6 млрд даляраў, да завяршэньня падатковага манэўру страціць яшчэ 8,8–10,6 млрд і стане пераплочваць Расеі па 3 млрд даляраў.
Пра скасаваньне платы за роўмінг
- Роўмінг у мабільнай сувязі між Беларусьсю і Расеяй мусіць стаць бясплатным для абанэнтаў «у наступныя год-два» (хоць Сямашка і прызнае, што праблемай займаюцца ўжо амаль 10 гадоў).
Пра візавую дамову
- «Шэнген на дваіх» з Расеяй — так Сямашка называе узаемнае прызнаньне візаў — цяпер «на фінішнай прамой», дамова можа быць падпісаная да канца году.
Пра дыялёг з NАТО
- Амэрыканскія вайскоўцы ў Польшчы — «штучнае нагнятаньне, якое ня мае рэальных падставаў», і яно «выклікае глыбокую заклапочанасьць», бо «парушае раўнавагу сілаў у рэгіёне, стварае ўмовы для ваенных інцыдэнтаў».
- Рашаць гэта трэба праз дыялёг з NATO, да якога Беларусь гатовая, але дыялёг «не адмяняе аб'ектыўных патрабаваньняў да гарантаваньня ўласнай бясьпекі» (у Беларусі яна забясьпечаная адзінай групоўкай сілаў з Расеяй).