Госьць «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі. Ён лічыць, што фразы пра «гатоўнасьць на 90 працэнтаў» — гэта толькі «хацелкі» Масквы, прызнае, што ў некаторых пытаньнях Беларусь сапраўды можа пайсьці на саступкі, і заяўляе, што зараз аптымальнае выйсьце для Менску — спрабаваць і далей забалбатаць перамовы з Масквой.
Сьцісла
- Фразы пра «ўзгадненьне пазыцыяў на 90 працэнтаў» — гэта проста «хацелкі» Масквы.
- У перамовах з Расеяй ёсьць рэчы, дзе Беларусь, магчыма, пойдзе на саступкі.
- Менск нізавошта не пагодзіцца на прыняцьце адзінай валюты.
- Замест таго каб эфэктыўна займацца дывэрсыфікацыяй нашых замежных сувязяў і эканамічных стасункаў, мы яшчэ больш становімся залежнымі ад Расеі.
Масква будзе нарошчваць ціск на Беларусь, бо яна дамагаецца ня толькі эканамічнай, але і вайскова-стратэгічнай інтэграцыі
— Апошнія некалькі дзён з Масквы нярэдка прыходзіць інфармацыя, што ў працэсе перамоваў Беларусь і Расея «на 90 працэнтаў» гатовыя да вырашэньня пэўных інтэграцыйных пытаньняў. Яшчэ раней было абвешчана, што да 21 чэрвеня бакі павінны заявіць пра пэўны прагрэс у сваіх перамовах. Па-вашаму, ці гэта найперш псыхалягічны ціск з боку Масквы, ці сапраўды бакі могуць прыйсьці да згоды ў некаторых інтэграцыйных тэмах?
— Так, сапраўды, хутчэй гэта пэўны ціск на афіцыйны Менск. Бо гэты дэдлайн быў вызначаны менавіта расейскім бокам. Віцэ-прэм’ер Расеі Сілуанаў нагадаў,што захаваньне падтрымкі беларускай эканомікі залежыць ад паглыбленьня ўзроўню інтэграцыі.
Наколькі я ведаю, расейскі бок увесь час рыхтаваў «дарожную мапу» паглыбленьня інтэграцыі. І, хутчэй за ўсё, гэтая «мапа» будзе прэзэнтаваная падчас сустрэчы дзьвюх групаў — расейскай і беларускай — у Менску 21 чэрвеня.
Галоўнае пытаньне — наколькі беларускі бок сур’ёзна ставіцца да інтэграцыі з Расеяй, да гэтай «дарожнай мапы». Пакуль што нельга казаць, што гэты дакумэнт юрыдычна да нечага абавязвае. Я не выключаю, што Менск проста спрабуе забалбатаць пытаньне шляхам прыманьня розных «мапаў». Мы праз гэта ўжо праходзілі ў розныя часы. Таму мне здаецца, што пакуль фразы пра «ўзгадненьне на 90 працэнтаў» — гэта проста «хацелкі» Масквы.
— У любым выпадку перамовы, калі ўжо вядуцца, павінны чым-небудзь скончыцца. Масква і Менск выдалі пэўныя абяцаньні адно аднаму і грамадзтву. Чым можа скончыцца прадстаўленьне нейкай узгодненай пазыцыі? Ці зноў будзе заяўлена, што «праца працягваецца далей»?
— Мне падаецца, што аптымальнае выйсьце для Менску — працягваць перамовы, спрабаваць іх забалбатаць. Бо, наколькі я разумею, пасьля эканамічнага блёку Расея пачне вылучаць прапановы наконт вайскова-стратэгічнай інтэграцыі. І, безумоўна, Менск жадаў бы пазьбегнуць такога разьвіцьця падзеяў.
Я б даволі скептычна ставіўся да «дарожнай мапы», бо яна пакуль існуе на ўзроўні працоўных групаў, а мы ўсе разумеем, што канчатковае рашэньне будзе прымацца Пуціным і Лукашэнкам. Як мы бачылі раней, нават падрыхтаваныя і ўзгодненыя рашэньні не заўсёды атрымлівалі зялёнае сьвятло.
Таму падаецца, што, нягледзячы на ўсе гэтыя дыскусіі, Масква будзе нарошчваць ціск на Беларусь, бо яна дамагаецца ня толькі эканамічнай, але і вайскова-стратэгічнай інтэграцыі. Наколькі я ведаю, адпаведныя групы працуюць у Маскве над паглыбленьнем вайскова-палітычнай інтэграцыі. І гэта толькі пытаньне часу, калі Расея выкаціць гэты блёк прапановаў. І ў Менску разумеюць гэты выклік.
Замест таго каб эфэктыўна займацца дывэрсыфікацыяй нашых замежных сувязяў, мы яшчэ больш становімся залежнымі ад Расеі
— Разумець — гэта адна справа. Але што можа зрабіць Менск, як процістаяць расейскаму ціску?
— Сапраўды, мне падаецца, што беларускі бок надта шмат увагі аддае паглыбленьню перамоваў з Расеяй. І тым самым Менск падае ня самы лепшы сыгнал нашым іншым партнэрам — Кітаю, Эўразьвязу, ЗША. Замест таго каб эфэктыўна займацца дывэрсыфікацыяй нашых замежных сувязяў і эканамічных стасункаў, мы яшчэ больш становімся залежнымі ад Расеі.
І гэта прыводзіць да яшчэ большага расчараваньня з боку нашых міжнародных партнэраў. Яны проста ўжо рыхтуюцца да таго, што ў 2024 годзе Беларусь так ці іначай будзе інкарпараваная ў Расею ў рамках «саюзнай дзяржавы». А гэта значыць, што проста ня мае сэнсу працаваць зь Менскам як з сувэрэнным, незалежным гульцом.
З гледзішча стратэгічнага мэсыджу Менск робіць даволі сур’ёзныя памылкі, і гэтага ніхто не разумее. Хоць афіцыйна Беларусь мае зусім іншыя стратэгічныя мэты — дывэрсыфікацыя замежнай палітыкі, рынкаў збыту беларускай прадукцыі. Але на практыцы адбываецца ўсё наадварот.
— Якую лінію паводзінаў выбера афіцыйны Менск, калі ён усё ж жадае адбіцца ад расейскага націску? Якая магчымасьць будзе абраная? Альбо ўступіць у жорсткую канфрантацыю з Расеяй? Альбо саступіць у нечым нязначным, у нейкай дробязі — каб захаваць галоўнае?
— Мне падаецца, зараз Менск спрабуе вырашыць тактычную задачу і паспрыяць дээскаляцыі сытуацыі ў пэрыяд электаральных кампаніяў гэтага і наступнага году. Гэта галоўная мэта — забясьпечыць стабільнасьць стасункаў з Расеяй на гэты час, бо ад гэтага залежыць унутрыпалітычная і сацыяльна-эканамічная стабільнасьць у Беларусі.
Сапраўды, ёсьць рэчы, дзе Беларусь можа пайсьці на пэўныя саступкі. Асабліва калі казаць пра сельскагаспадарчую пі прамысловую палітыку. Бо без паглыбленьня інтэграцыі ў гэтых сфэрах Беларусь будзе проста канчаткова выцесьненая з гэтага рынку. Наколькі мне вядома, гэта тыя пункты, дзе існуе пэўны кансэнсус паміж Менскам і Масквой.
На што беларускі бок безумоўна не пагодзіцца — гэта на прыняцьце адзінай валюты і на пераход да адзінай падатковай і мытнай палітыкі.
— Увагу грамадзкасьці прыцягнула новае прызначэньне былога амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча. Ён зноў будзе адказваць за інтэграцыйныя пытаньні. Ці дазваляе гэта пераасэнсаваць пытаньне, хто ж перамог у «бітве за Бабіча»?
— Гэтае прызначэньне сьведчыць, што дзейнасьць Бабіча ў якасьці расейскага амбасадара была прызнаная пасьпяховай. Больш за тое, чуткі кажуць, што гэтая пазыцыя для спадара Бабіча прамежкавая, і хутка ён зойме іншую пасаду. Магчыма, гэта будзе пасада віцэ-прэм’ера, які будзе адказваць за інтэграцыю на постсавецкай прасторы.
Такім чынам, апаратная вага Бабіча ўзмацняецца, і гэта сьведчыць, што, па сутнасьці, у гэтай бітве перамагла Масква. Бабіч як мінімум ад 2017 году быў завязаны на беларускім пытаньні, займаўся каардынацыяй розных міжведамасных групаў.
І гэта зноў сьведчыць, што простых перамоваў з Масквой у Менску ня будзе. Хутчэй наадварот, Масква будзе спрабаваць аднабакова навязаць сваё бачаньне інтэграцыі, чым і займаўся спадар Бабіч на пасадзе амбасадара Расеі ў Менску.