Старшыня Цэнтральнага банку Расеі пацьвердзіла ранейшыя зьвесткі пра аднаўленьне перамоваў аб адзінай валюце зь Беларусьсю, піша РИА Новости. Але яна двойчы падкрэсьліла: яны «на вельмі пачатковай стадыі».
Як адзначыла старшыня ЦБ Расеі Эльвіра Набіуліна, гаворка пра «магчымы пераход» на адзіную валюту ішла ў «саюзнай дамове» 1999 году між Беларусьсю і Расеяй. На іншыя краіны перамовы не распаўсюджваюцца.
8 чэрвеня пра перамовы расказаў міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Арэшкін — кіраўнік расейскага боку працоўнай групы па беларуска-расейскай інтэграцыі. Ён сьцьвярджаў, што ў той дзень перамовы пра адзіную валюту прайшлі зь міністрам эканомікі Беларусі Дзьмітрыем Крутым.
Паводле Арэшкіна, «сустракаюцца Цэнтральныя банкі, абмяркоўваюць, варта ці ня варта гэта рабіць, як гэта рабіць, у якія тэрміны», і яны «не выходзяць за межы саюзнай дамовы».
Беларускія дзяржаўныя СМІ не паведамлялі пра такія перамовы і ня згадвалі тэму адзінай валюты ў апошні час. Але, напрыклад, на саміце Эўразійскага эканамічнага саюзу, што прайшоў у канцы траўня ў Нур-Султане, Аляксандар Лукашэнка станоўча адзначаў пашырэньне ўжываньня нацыянальных валютаў ва ўзаемаразьліках краінаў саюзу.
Агульная валюта — адна з прапановаў па інтэграцыі Беларусі і Расеі, згаданая ў канцы мінулага году расейскім прэм’ер-міністрам. Той шэраг прапановаў стаў вядомы як «ультыматум Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка жорстка адмовіў: казаў, «шантажаваць марна», а такога, каб Беларусь «падзяліць на вобласьці і ўпіхнуць у Расею», ніколі ня будзе.