Міністэрства абароны ЗША абвясьціла 17 чэрвеня, што дадаткова накіравала каля тысячы вайскоўцаў на Блізкі Ўсход «для барацьбы з паветранымі, вайскова-марскімі і наземнымі пагрозамі у рэгіёне», найперш з прычыны нядаўняй атакі Ірану на танкеры ў Аманскай затоцы.
Выканаўца абавязкаў міністра абароны Патрык Шанахан заявіў, што Злучаныя Штаты «будуць працягваць уважліва сачыць за сытуацыяй і пры неабходнасьці ўносіць карэктывы ва ўзровень сіл з улікам паведамленьняў выведкі і магчымых пагрозаў».
17 чэрвеня амэрыканскія вайскоўцы апублікавалі дадатковыя фатаздымкі, якія паказваюць, як іранскія вайскоўцы здымаюць неразарваную міну з корпуса японскага нафтавага танкера. Вашынгон настойвае, што здымкі паказалі спробу прыбраць доказы зь месца здарэньня і пацьвярджаюць датычнасьць Ірану да нападаў на танкеры.
Іранскія ўлады адхіляюць усе абвінавачаньні. Іранскія дзяржаўныя СМІ абвясьцілі аб выратаваньні 44 чальцоў экіпажу іранскімі маракамі, але Вашынгтон абвяргае гэтую заяву і сьцьвярджае, што менавіта Вайскова-марскі флёт ЗША прыйшоў на дапамогу тым, хто ўпаў на борт параненых судоў.
Атака на два нафтавыя танкеры адбылася 13 чэрвеня, калі караблі знаходзіліся ў нэўтральных водах паміж Іранам і некалькімі краінамі Пэрсыдзкай затокі. Танкеры Kokuka Courageous (належыць Японіі) і Front Altair былі нанятыя для перавозкі тайваньскай нафтавай кампаніяй CPC Corp. На Front Altair, цалкам загружаным нафтай, пасьля выбуху ўспыхнуў моцны пажар.
Гэта ўжо другі штурм танкераў у Пэрсыдзкай затоцы ў мінулым месяцы. 2 траўня побач з тэрытарыяльнымі водамі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў невядомыя напалі на два саудаўскія нафтавыя танкеры. Гэта адбылося пасьля таго, як Іран пагражаў перакрыць пратоку Армуз. Адказнасьць за той напад да гэтага часу ніхто на сябе ня ўзяў. Улады Саудаўскай Арабіі і ЗША абвінавачвалі ў ім Іран, але іранскія ўлады адмаўлялі дачыненьне да нападаў.
Аманская затока знаходзіцца побач з пратокай Армуз — гэта стратэгічна важны марскі шлях, якім транспартуецца да 30% усёй транспартаванай морам нафты ў сьвеце. З моманту нападу цэны на нафту вырасьлі на 4% да 62 даляраў за барэль.