Супрацоўнікі мэдычных установаў распавялі Свабодзе, што яны набываюць для працоўных патрэб за свае грошы.
«Набываньне ў складчыну неабходных рэчаў для працы стала агульнапрынятай практыкай», — прызнаюцца мэдыкі з розных абласьцей Беларусі ў гутарцы з карэспандэнтамі Свабоды.
Дзяржаўнага фінансаваньня не хапае часам на самае неабходнае, гуманітарная дапамога з-за мяжы таксама не пакрывае ўсіх патрэбаў, і лекары мусяць скідацца са сваіх заробкаў.
Мэдыкі кажуць, што праблемы паўстаюць нават з набыцьцём лекаў, а таксама расходнікаў для дыягностыкі і апэрацый.
«Купляць за свае грошы мы прывыклі»
Сьвятлана працуе ў бальніцы больш за 25 гадоў. Тое, што мэдычны пэрсанал сам купляе неабходныя для сваёй працы рэчы, яна называе «агульнапрынятай практыкай ва ўстановах аховы здароўя». У складчыну супрацоўнікі яе аддзяленьня куплялі электрычны чайнік, мікрахвалёўку, а таксама электрычны абагравальнік і вэнтылятар. Ня кажучы пра пакеты для сьмецьця, канцылярскія тавары, мыла і мыйныя сродкі.
«Дактары скідваюцца па пэўнай суме. Некаму выпісваецца большая прэмія, і ён вяртае частку старшай сястры. Гэтыя грошы і ідуць на рэчы для камфортнай працы», — тлумачыць яна.
Па яе словах, адзежу для працы лекары таксама купляюць за свае грошы. Суразмоўніца адзначае, што «найбольш мэдыкаў раздражняе абавязковая падпіска на газэты і набыцьцё лятарэйных квіткоў».
«Газэты і лятарэйкі ўжо даўно сталі нормай. Іншым разам навязаная пэрыёдыка абыходзіцца нам у 100 і болей рублёў. Ад гэтага „абавязку“ мы нікуды ня можам падзецца. Незадаволенасьці шмат, але адкрыта пратэставаць ніхто не наважваецца. Большасьць проста прывыкла да такой сытуацыі. Гэта нібы стала часткай службовых абавязкаў», — кажа Сьвятлана.
«І пацыенты дапамагаюць. Ім жа лячыцца трэба»
Наступны суразмоўца, Аляксандар, у мэдыцыне тры дзясяткі гадоў. Як і Сьвятлана, ён адзначае, што набыцьцё мэдычным пэрсаналам канцтавараў, паперы, мыйных сродкаў, пакетаў для сьмецьця ды спэцвопраткі (халатаў) — штодзённасьць. Часам купіць нешта дапамагаюць «спонсары» — гэта або пацыенты, або фармацэўтычныя фірмы, зацікаўленыя ў рэклямаваньні сваіх прэпаратаў.
«Увогуле, бюджэт лякарні не дазваляе забясьпечыць усім неабходным для стабільнай працы. Ёсьць праблемы нават з набыцьцём лекаў (шмат у якіх аддзяленьнях ідзе хранічны „перарасход“) і расходнікаў для дыягнастычнага абсталяваньня і апэрацыйных умяшаньняў. Зацікаўленыя ў лекаваньні дапамагаюць пераадолець праблемы. Лячыцца ж ім трэба», — тлумачыць Аляксандар.
«Кандыцыянэр як падарунак мэдыка мэдыку»
Для таго каб умовы працы былі камфортныя, супрацоўнікі хірургічнага аддзяленьня адной з раённых бальніц на Магілёўшчыне купілі за 200 даляраў кандыцыянэр. У бальніцы пацьвердзілі, што такое прыстасаваньне сапраўды было набытае, але гаварыць пра гэта адмовіліся.
«Нам не хацелася б, каб такая інфармацыя шырока разыходзілася. У нас шмат што куплена ў складчыну, ня толькі кандыцыянэр. Такія набыткі мы ўспрымаем як падарункі адзін аднаму», — сказалі ў бальніцы.
Як даведалася ад ананімнай крыніцы Свабода, кандыцыянэр у ардынатарскую ў складчыну купілі і ў Гомельскай абласной бальніцы. Акрамя таго, пэрсанал скінуўся на талеркі для хворых у сталоўцы.
Гуманітарка не вырашае праблем
Адміністрацыя шпіталяў часам просіць пэрсанал здаць грошы на касмэтычны рамонт аддзяленьняў. Як паведаміў супрацоўнік нэўралягічнага аддзяленьня адной зь менскіх бальніц Пётар, ён і ягоныя калегі мусілі купляць у складчыну фарбу, каб «прыгожа выглядалі калідоры».
Паводле яшчэ адной суразмоўніцы Тацяны, бальніцам дапамагаюць замежныя гуманітарныя арганізацыі, пераважна зь Нямеччыны. Яны прывозяць ужываную, але ў добрым стане тэхніку і мэблю.
Аднак усё часьцей сам мэдычны пэрсанал прызнае, што хворых абдзяляюць, бо мала фінансаваньня.
«На апошняй мэдычнай радзе скардзіліся, што на харчаваньне хворых выдзяляецца сродкаў удвая менш, чым трэба», — кажа Тацяна.
А што трэба браць у шпіталь пацыентам?
Блогер з Магілёва Яўген Глушкоў сёлета ў студзені і лютым праляжаў у гарадзкой бальніцы Магілёва 21 дзень. З дому яму сказалі ўзяць лыжку, конаўку, туалетную паперу, сваю адзежу. Па ягоных словах, пасьля тыдня лекаваньня з бальнічнай ежы зьнікла масла. Пазьней ён высьветліў, што дзённыя расцэнкі на ўтрыманьне хворых зьнізіліся.
«Спачатку мне заявіла адна з работніц, што ў бальніцы няма грошай, каб масла набыць. Потым мэдсястра сказала, што расцэнкі на харчаваньне зьменшыліся з 2,90 рубля да 2,50. Таму я ласаваўся маслам на сьняданак толькі тыдзень», — кажа Яўген.
Ён сьцьвярджае, што рацыён большасьці хворых складаўся з прынесеных роднымі перадач. Бальнічнай ежай наесьціся было немагчыма.
Па словах Яўгена, на пачатку лекаваньня яму выставілі ня той дыягназ і тыдзень «кармілі» лішнімі таблеткамі. Цела пачало жаўцець. Калі дыягназ і лячэньне зьмянілі, пайшоў на папраўку.
«Лячылі мяне беларускімі лекамі. Яны недарагія. Некаторым пацыентам прапаноўвалі купляць замежныя прэпараты, каб лячэньне было больш эфэктыўным», — кажа ён.
Яўген кажа, што пэрсаналу дужа не падабалася, што ён апавядае пра сваё лячэньне ў сацыяльных сетках. «Асабліва раздражнялі фатаздымкі», — кажа суразмоўца і дадае, што стараўся не злоўжываць нэгатывам.
«Мяне ўсё ж лячылі, прынамсі стараліся паставіць на ногі», — падсумоўвае гутарку ён.
Свабода зьвярнулася па камэнтар у Міністэрства аховы здароўя Беларусі, але адказу пакуль не атрымала.
Дасылайце нам у тэлеграм @SvabodaBelarus! Ананімнасьць гарантуем