Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі вінавацяць мэдыкаў у памылках, якія каштавалі жыцьця сыну


Дзьмітры Гулецкі
Дзьмітры Гулецкі

Год таму ў сям’і Гулецкіх са Смаргоншчыны здарылася трагедыя — моцна траўмаваўся сын. Бацькі да сёньня ня могуць дараваць дактарам, што тыя ня здолелі аказаць кваліфікаваную дапамогу, залячыўшы яго да сьмерці. Ці можа быць табуяванай тэма мэдыцынскіх памылак?

Траўматычная аддача «малой радзімы»

Марыя Фёдараўна і Фёдар Канстанцінавіч — пэнсіянэры, жывуць у вёсцы Карачоўшчына побач з Крэвам.

На леташнія травеньскія выходныя ў бацькоўскую хату зь Менску завіталі сыны — старэйшы Сяргей і малодшы Дзьмітры. Загарэліся ідэяй «малой радзімы», захацелі дапамагчы па гаспадарцы. У першы дзень замацавалі падмурак пад домам, залілі ганак. На наступны зьбіраліся ад’яжджаць, і Дзіма вырашыў адрэзаць сабе некалькі яловых дошак.

Гулецкія на ганку, які адрамантавалі сыны
Гулецкія на ганку, які адрамантавалі сыны

«У яго была „баўгарка“: замацаваў цыркулярку, падключыў электрападаўжальнік і палез на гарышча гаража, дзе ляжалі дошкі, — успамінае бацька. — Некалькі адрэзаў, а на апошняй здарылася аддача: пілу падкінула, кругам разрэзала нос, губу, лоб. Акрываўлены, у шокавым стане зьлез па лесьвіцы. Першай справай трэба было спыніць крывацёк. Накінуў яму на галаву прасьціну, пасадзіў у машыну і павёз у шпіталь. Яшчэ засумняваўся: можа на Маладэчна? Ды час дарагі, а Крэва побач, за 10 кілямэтраў».

Дарога заняла 10 хвілін, але крэўскі мэдпункт працаваў паводле сьвяточнага графіку, быў толькі дзяжурны фэльчар. Зрабіў супрацьболевы ўкол, і Гулецкія ў сваёй машыне сталі чакаць «хуткую» са Смаргоняў. Мінула яшчэ паўгадзіны. Прыехаў стары «УАЗік», хворага загрузілі і нясьпешна павезьлі ў райцэнтар. Быў пачатак шостай вечара.

Піла-баўгарка, якой параніўся Дзьмітры
Піла-баўгарка, якой параніўся Дзьмітры

«У прыёмным пакоі чакаў дзяжурны хірург Ламаньнікаў, — працягвае Фёдар Канстанцінавіч. — Дзіму павялі ў працэдурны кабінэт, мне стала кепска, застаўся ў калідоры. Пад’ехалі жонка зь Сяргеем. Мэдсёстры адтуль выходзілі, толькі за галовы браліся — зашываў не ў апэрацыйнай, а проста ў кабінэце, нават не распрануўшы. Без наркозу, на жывое, сын страшна крычаў. Пасьля гэтага лекар адчыніў дзьверы і сказаў: «Паглядзіце, як добра атрымалася: загоіцца, дык і шва ня будзе відаць».

Сваякі падзякавалі, але пацікавіліся, ці можна зрабіць здымак галавы — раптам пашкоджаньні ня толькі зьнешнія, а і ўнутраныя? Доктар адказаў, што ў выходны кампутарная тамаграфія (КТ) працуе да пятай, таму спазьніліся. Але турбавацца няма прычынаў. Каб пабыў пад кантролем, паклалі ў палату. Сваякі самі разрэзалі і зьнялі акрываўленыя кашулю і штаны, абмылі з тазіка цела. Старэйшы брат застаўся на ноч.

Фёдар Канстанцінавіч на падворку
Фёдар Канстанцінавіч на падворку

«Назаўтра прыехалі нявесткі, зноў папрасілі Ламаньнікава зрабіць здымак, — далучаецца да размовы Марыя Фёдараўна. — Але зрабіў не КТ, а звычайны рэнтгэнаўскі. І сказаў: усё добра, нічога падазронага няма, хай адпачывае. А ў сына такі боль, трываць ня можа. Яго жонка Алена хадзіла, каб далі абязбольвальнае — ці самі купім, калі няма. Дык сёстры кажуць: ён быў нецьвярозы, не дапаможа. Але рабілі ж аналіз крыві пры паступленьні, які алькаголь? Тым больш за рулём, зьбіраліся на Менск».

Нябачныя воку іншародныя целы

Ад вечара пятніцы да канца нядзелі Дзьмітрыем займаліся толькі сваякі. Тым часам у яго пачалася ацёчнасьць. Прыкладалі да галавы халодныя анучы, абмахвалі ручнікамі, каб зьбіць гарачку. У панядзелак зьявіўся траўматоляг, загадаў рабіць кампутарную тамаграфію.

Пакуль шукалі вазок, настройвалі апарат ды чакалі расшыфроўкі, зьвечарэла. Нарэшце лекар пабачыў здымак: на экране — іншародныя целы: аскепкі костак чэрапа, пілавіньне, мэтал. Усё чатыры дні праляжала пад скурай. Тэрмінова памянялі антыбіётыкі і прэпараты абязбольваньня.

Сьлёзы роспачы Марыі Фёдараўны
Сьлёзы роспачы Марыі Фёдараўны

У аўторак на лекарскім кансыліюме прыйшлі да высновы: «драпіна» занадта сур’ёзная, патрэбная дапамога нэўрахірурга. Паколькі такога спэцыяліста ў Смаргонях няма, вырашылі адпраўляць пацыента ў Менск.

«Падагналі ўсё той жа задрыпаны „УАЗік“, кінулі на насілках на падлогу і павезьлі. Гэта з такой ранай, калі кожная купіна адбіваецца ў мозг, — не хавае абурэньня маці. — Паклалі ў 5-ы шпіталь, загадчык нэўрахірургіі Бараноўскі паглядзеў і літаральна праз гадзіну зрабіў апэрацыю. Яшчэ наракаў, што столькі часу змарнавалі. Сказаў, што Дзіма прабудзе ў рэанімацыі два тыдні, і пайшоў у адпачынак. І сапраўды: яму стала лепей, датэрмінова перавялі ў палату, нібыта папраўляўся».

Адзінае, не спыняліся крывавыя выдзяленьні з пашкоджанай ноздры, пра што жонка Дзьмітрыя сказала лекару. Здымак не рабілі, візуальна агледзела спэцыяліст-ЛОР: усё ў норме. І перасталі даваць антыбіётыкі.

Гарышча над гаражом
Гарышча над гаражом

Тым часам бацькам паведамілі, што сыну з прычыны моцнага пашкоджаньня лобнай косьці давядзецца паставіць тытанавую пласьціну. На аўторак 5 чэрвеня прызначылі кампутарную тамаграфію ў іншым шпіталі — сваё абсталяваньне стаяла на рамонце. А напярэдадні ўвечары Дзьмітрыю стала кепска: разбалелася галава, пачала скакаць тэмпэратура.

«КТ адмяняць ня сталі, раніцай загрузілі і павезьлі кудысьці на здымак, — расказвае Марыя Фёдараўна. — А там як паглядзелі, залямантавалі: у галаве быў праход з насавой часткі ў лобную і далей да мозгу. Карацей, не заўважылі дзірку, якую трэба было тэрмінова „залатаць“. А сыну ўсё горш. Дзяжурны лекар вяртае антыбіётыкі: маўляў, як можна было спыніць капаць раствор, калі чалавек у такім няпэўным стане? Паставілі кропельніцу, але Дзіма ўжо пачаў трызьніць, зноў перавялі ў рэанімацыю».

Група інваліднасьці замест выпіскі

Пацыента ўвялі ў кому. Калі ўжо лекары думалі ставіць трахеастомную трубку, сам ачуняў, зь цяжкасьцю пачаў дыхаць. Але чакала іншая бяда: праз швы пачаў выцякаць гной, у выніку канстатавалі мэнінгіт.

Злашчасныя дошкі, якія не паддаліся тэхніцы
Злашчасныя дошкі, якія не паддаліся тэхніцы

«І пачалі ламаць галаву, каб увесьці дрэнаж, — плача маці. — А Дзіма такі моцны: яго дзяўбуць, а ён у прытомнасьці. І ў Менску, і ў Смаргонях, калі па жывому шылі. Зрабілі 13 апэрацый. Усё бяз толку: зьнікла сувязь галаўнога мозгу са сьпінным, давялося ставіць шунты. У рэанімацыю пускалі толькі Алену, яна яго і ратавала. Сам загадчык Бараноўскі сказаў: каб ня жонка, сына ўжо не было б. А пасьля начмэд выдаў: антыбіётыкаў для вас няма. Вось адкуль пачынаецца карупцыя — загнаць людзей у тупік».

Бацькі накіраваліся ў Міністэрства аховы здароўя, дзе апісалі сытуацыю. Ведамства адрэагавала апэратыўна: у шпіталь быў выпраўлены інфэкцыяніст, які прапісаў курс лячэньня. Нягледзячы на высілкі, да жніўня мінулага году стан хворага пагаршаўся, адмовілі рукі і ногі, ён толькі расплюшчваў вочы. Пайшлі пролежні, пачаўся калавы застой.

Бацькоўская хата
Бацькоўская хата

У верасьні 2018-га проста ў шпіталі Дзьмітрыю Гулецкаму аформілі першую групу інваліднасьці.

«Пасьля гэтага лячэньне фактычна спынілася, — кажа Марыя Фёдараўна. — Толькі што трымалі пад дыхальным апаратам, кармілі праз зонд. Мы некалькі разоў хадзілі да намесьніка галоўнага ўрача Дземідовіча, дык ён так і сказаў: „Ну што вы ад мяне хочаце, хіба я накіроўваў яму тую баўгарку ў галаву?“ Абы перавесьці размову з таго, чым яшчэ можна дапамагчы, на тое, што сам ва ўсім вінаваты. Ну і не спадабалася яму, што ходзім некуды скардзіцца, а лячэньня чакаем ад іх».

У лістападзе сваякам прапанавалі забраць Дзьмітрыя дадому. Маўляў, набывайце адмысловы ложак, супрацьпролежневы матрац, апаратуру для падтрыманьня ў вэгетатыўным стане. Тыя адмовіліся, усё яшчэ спадзеючыся на цуд.

Ваколіцы Карачоўшчыны
Ваколіцы Карачоўшчыны

«Лістапад, сьнежань, студзень ён ляжаў асобна, нікому не патрэбны, — кажа Фёдар Канстанцінавіч. — Алена хадзіла туды, як на працу, кожны божы дзень. У яго ўжо пальцы былі скурчаныя, дык „выгладжвала“, рабіла масаж, апрацоўвала пролежні, прыносіла з дому бялізну, бо мянялі раз на тыдзень. Сяргей з жонкай дапамагалі перавярнуць, каб перасьцяліць, мэдсёстрам ніякай справы не было. Калі чаго і чакалі, дык хутчэй пусьціць на „запчасткі“: вантробы былі здаровыя, яму мозг толькі паралізавалі».

Арэлі ўзаемных папрокаў

Загадчык нэўрахірургічнага аддзяленьня 5-га клінічнага шпіталю Аляксандар Бараноўскі на просьбу Свабоды так пракамэнтаваў гісторыю хваробы Дзьмітрыя Гулецкага.

Лекар-нэўрахірург Аляксандар Бараноўскі
Лекар-нэўрахірург Аляксандар Бараноўскі

«Я цудоўна памятаю гэтага пацыента і ведаю, чым урэшце скончылася. Магу сказаць так: усё, што можна было зрабіць у нашых умовах, мы зрабілі — менавіта ў 5-м клінічным шпіталі. Ён у нас быў амаль 9 месяцаў, перанёс вялікую колькасьць апэрацый, праходзіў працяглае лячэньне ў аддзяленьні рэанімацыі. Намагаліся максымальна яму дапамагчы. Што тычыцца Смаргоняў, камэнтаваць не бяруся, не мая кампэтэнцыя. Ёсьць рашэньне пэўных інстанцый, працавалі камісіі, зьбіралася лячэбна-кантрольная рада».

У сваю чаргу загадчык хірургічнага аддзяленьня Смаргонскай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандар Саўко пацьвердзіў, што адгалоскі надзвычайнага здарэньня перасьледуюць установу дагэтуль. Днямі абласная мэдычная камісія апублікавала загад: хірург Аляксей Ламаньнікаў, які аказваў пацыенту першую дапамогу, будзе адпраўлены на паўторнае пацьверджаньне катэгорыі спэцыяліста. Спагнаньні накладзеныя і на іншых супрацоўнікаў.

Смаргонская цэнтральная раённая лякарня
Смаргонская цэнтральная раённая лякарня

«На маю думку, Ламаньнікаў не вінаваты. Двухмілімэтровы асколак знаходзіўся ў лобнай частцы і пагрозы не ўяўляў. Пацыент быў у здавальняючым стане, скаргаў ня меў, акрамя болі ў ране. Вінавацяць, што не зрабілі здымак. Але калі няма нэўралягічнай сымптаматыкі, лезьці па мікраскапічны фрагмэнт не заўсёды апраўдана. Чаму ў Менску яго ўзялі на апэрацыю, мне незразумела — колькі людзей жыло з асколкамі ад часоў вайны! Але мы сталіцу не пераможам. Там прафэсура, статус. Вырашылі, што трэба ўмяшаньне, 13 разоў ці больш праапэравалі. А ці трэба было?»

Прыпозьненая альтэрнатыва замежжа

Паколькі знайсьці месца з кваліфікаванай рэабілітацыйнай дапамогай у Беларусі не атрымалася, Сяргей Гулецкі выправіўся ў Польшчу, дзе яны зь Дзьмітрыем часта бывалі ў службовых выправах. Праманіторыў, што ёсьць адмысловыя цэнтры, якія працуюць зь цяжка хворымі, паступова выводзячы іх з рэмісіі. Вырашылі паспрабаваць.

Пакуль скарга бацькоў не атрымала чаканага эфэкту
Пакуль скарга бацькоў не атрымала чаканага эфэкту

«Бог зь імі, з грашыма, іх і так ніколі няма... Сабралі, што маглі, па капейцы: нанялі рэанімабіль, дамовіліся з цэнтрам і 1 лютага гэтага году адправілі Дзіму ў Крынкі, — гаворыць Фёдар Канстанцінавіч. — Там яму прапісалі курс лячэньня, пачалі рабіць масаж, выводзіць з комы... На жаль, было ўжо занадта позна, вельмі шмат патрацілі часу, пакуль спрабавалі ўратаваць тут. Нявестка праз два тыдні ад’ехала на пару дзён, а яму якраз стала дрэнна. Адвезьлі на „хуткай“ у клініку. Тры дні пабыў, але здарылася кровазьліцьцё і 20 лютага наш сын памёр».

Дзьмітрыю Гулецкаму было 37 гадоў, у яго засталіся двое непаўналетніх дзяцей. Старэйшая дачка якраз выпускаецца са школы, малодшаму сыну ўсяго 11.

З братам Сяргеем ён працаваў электрыкам на беларуска-швайцарскім заводзе ў вытворчасьці пасажырскіх вагонаў «Штадлер» у Фаніпалі. Цаніўся як высокаклясны спэцыяліст, выяжджаў у службовыя выправы і на падвышэньне кваліфікацыі ў Швайцарыю, Нямеччыну, Польшчу. Меў добрыя кар’ерныя пэрспэктывы, пакуль усё не перакрэсьліла недарэчная траўма. Пахавалі яго пад Смалявічамі, на радзіме жонкі Алены.

Закансэрваванае месца трагедыі

Бацькі Дзьмітрыя не здымаюць адказнасьці за траўму з сына — відавочна, што для працы з патэнцыйна небясьпечным абсталяваньнем патрабуецца як мінімум ахоўная маска. Аднак лічаць, што пры сучасным узроўні мэдыцыны ў падобнай сытуацыі дапамагчы чалавеку цалкам рэальна.

Засохлая кроў Дзьмітрыя
Засохлая кроў Дзьмітрыя

«Ён ніколі не хварэў: здаровы, моцны мужык, 100 кіляграмаў, — кажа бацька пра сына. — Так, можа, крыху страціў пільнасьць, ад чаго і траўмаваўся. Дык у аўтамабільных аварыях ці на вытворчасьці часам паўгалавы чалавеку зносіць, але ж складваюць, мацуюць пласьцінамі — і жыве далей! Тут жа элемэнтарна недагледзелі, справакавалі інфэкцыю. Ужо ледзь не выпісвалі, а праз паўтара месяца ўвялі ў вэгетатыўны стан і далі першую групу. Ну ніяк у маім разуменьні ня ўкладваецца. Ужо прымач аб сьцяну пабіў, слухаючы, якія нашы мэдыкі прафэсійныя».

Марыя Фёдараўна падтрымлівае мужа і перакананая, што лекарскія памылкі суправаджалі іх усю дарогу — ад Смаргоняў да Менску. Каб мэдыкі да сваіх абавязкаў паставіліся з большай адказнасьцю, трагедыі можна было пазьбегнуць.

На гарышчы засталося ўсё так, як і ў дзень трагедыі
На гарышчы засталося ўсё так, як і ў дзень трагедыі

«Адпачатку напартачылі нашыя, смаргонскія, — лічыць жанчына. — Каб адразу выявілі ў галаве іншародныя фрагмэнты, зусім інакш лячылі б: ці ў Горадню адправілі б, ці выклікалі б нэўрахірурга. Ну як пры такой траўме не зрабіць КТ? Алькаголікаў пабітых прывозяць, дык уначы ідуць на працу рабіць здымак. І нават калі так, чаму не пагасілі інфэкцыю ў Менску? Зноў жа, не заўважылі, што адкрыты доступ да мозгу, справакавалі мэнінгіт... Ведаеце, мы за той год усё растрацілі на лекі, на шпіталі, на Польшчу, няма за што падаць пазоў у суд. А добра было б хаця б паспрабаваць...»

Ня стрымліваючы сьлёз, Фёдар Гулецкі вядзе да гаража, дзе здарылася бяда з малодшым Дзьмітрыем. На гарышча ён не падымаўся роўна год — ад таго самага дня, як той траўмаваўся. Тут і сёньня ўсё так, як было 11 траўня 2018-га: адкінутая «баўгарка», недапілаваныя дошкі, рулетка з алоўкам. І плямы крыві сына, якога так і не ўдалося ўратаваць...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG