Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскай школе запісалі аўдыё, як настаўніца патрабуе грошы на падпіску. ВІДЭА


У рэдакцыю Свабоды даслалі аўдыё, на якім чуваць, як з вучняў 180-й сярэдняй школы Менску патрабуюць здаць грошы за падпіску на газэту і часопіс. У размове з клясай настаўніца пераходзіць на крык.


«Я што, сабе на помнік зьбіраю? Што, рубель восемдзесят такія вялікія грошы?» — падвышаным тонам зьвяртаецца да дзяцей настаўніца. І жаліцца, што за тых, хто адмаўляецца здаваць, яна будзе вымушана дакласьці з уласнай кішэні — а ў яе, маўляў, і так ужо ўласная падпіска на «Настаўніцкую газету».

У маларазборлівай размове вучняў на заднім пляне чуваць назва ведамаснага выданьня Міністэрства па надзвычайных сытуацыях «Юный спасатель» — яно рэгулярна фігуруе ў скаргах бацькоў і дзяцей на прымусовую падпіску.

Свабода спытала ў дырэктаркі СШ № 180 Ірыны Даніловіч, ці ёсьць у іхнай школе прымусовая падпіска на дзяржвыданьні.

«У нас такога быць ня можа, бо ўсе дзеці самі зацікаўленыя. Адназначна не», — адказала яна.

Раней Свабода дасьледавала, як працуе сыстэма прымусовай падпіскі на дзяржаўныя выданьні ў Беларусі.

«Гэта банальны шантаж і вымагальніцтва»

«Гэта банальны шантаж і вымагальніцтва» — так пракамэнтавала сытуацыю з прымусовай падпіскай беларуская пісьменьніца і экспэртка ў галіне адукацыі Яўгенія Пастарнак. Летась яна зьвярталася з адкрытым лістом да галоўнага рэдактара газэты «СБ. Беларусь сегодня» з заклікам пакласьці канец прымусовай падпісцы на яго выданьне.

«Міністэрства адукацыі нядаўна выпусьціла чарговае распараджэньне аб тым, што ніхто ня мае права прымушаць нікога да падпіскі. Чарговае «бла бла бла». Фішка ў тым, што міністэрства гаворыць адно, а выканкамы — іншае. У школы сытуацыя незайздросная, таму што яна ў любым выпадку «атрымае па галаве». Калі яны ня будуць падпісвацца, «атрымаюць на галаве» ад свайго непасрэднага начальства — упраўленьня адукацыі выканкаму, таму што нормы на падпіску спускаюцца адтуль. А калі хто-небудзь выкладзе такі запіс і дакажа, што кагосьці прымушалі падпісвацца, то яны тым больш «атрымаюць па галавае», таму што Міністэрства адукацыі сказала, што нельга прымушаць падпісвацца. Яны — крайнія ў любым выпадку», — кажа Яўгенія Пастарнак.

Яна дадае, што ў сытуацыі з падпіскай «ўсё гэта на сумленьні бацькоў».

«Да таго часу, пакуль бацькі даюць грошы, пакуль яны падпісваюцца, гэтая агіднасьць будзе працягвацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG