У Горадні працягваецца рэканструкцыя Старога замка. Ужо відаць будынкі, якіх, па словах гісторыкаў, раней тут, можа, і не было. Архітэктар, адказны за рэканструкцыю, тлумачыць, што ўсё робіцца як мае быць.
Цяпер замак, у якім жыў кароль Стэфан Баторы, больш нагадвае навабуд, бо зьявілася шмат новай муроўкі, якой гарадзенцы раней ня бачылі і якая выглядае нязвыкла. Некаторыя пачалі называць яго ня «замкам Баторыя», а «замкам Бачкова», па імені навуковага кіраўніка рэканструкцыі.
1. Барбакан, або абарончае збудаваньне
Барбакан звычайна быў дадатковым фартыфікацыйным збудаваньнем на ўваходзе ў замак. Зь яго, у прыватнасьці, абаранялі мост.
На ўваходзе ў горадзенскі Стары замак барбакан будуюць справа ад брамы. Ён закрывае сабой галерэю, што злучае браму і каралеўскі палац.
Паводле гісторыка Міколы Волкава, які займаўся дасьледаваньнем горадзенскага замка, дакладных зьвестак пра збудаваньне ў гэтым месцы няма. Волкаў спасылаецца на інвэнтары і пляны. Кажа, што насамрэч на гэтым месцы была нейкая сьцяна, а на ёй памяшканьні.
Аднак, на ягоную думку, мала верагоднасьці, што гэта была абарончая вежа. Па-першае, горадзенскі замак не будаваўся як абарончы, хутчэй як рэзыдэнцыя з абарончымі прыстасаваньнямі. Па-другое, побач былі каралеўскія пакоі зь вялікімі вокнамі, капліца, дзе маліўся кароль. Вокны гэтых памяшканьняў, паводле апісаньняў у інвэнтарах, выходзілі ў каралеўскі сад. То бок гэтая пляцоўка больш нагадвала месца для адпачынку. Па-трэцяе, назва «барбакан» зьяўляецца толькі ў працах польскага навукоўца Яраслава Вайцяхоўскага, якія вывучаў Стары замак у першай палове XX стагодзьдзя. На думку Волкава, гэта фантазія Вайцяхоўскага, якая ня мае пад сабой грунту.
«Яны даюць будынкам такія назвы, каб звычайныя людзі, якія ня цямяць у гэтым, не зразумелі», — мяркуе Волкаў.
Паводле галоўнага архітэктара праектаў з інстытуту «Гроднаграмадзянпраект» Алега Шымбарэцкага, які займаецца рэканструкцыяй Старога замка, умоўная назва «барбакан» узьнікла яшчэ ў 1980-я гады для азначэньня нейкага збудаваньня, якое не было ў чыстым выглядзе барбаканам. Яно мелася злучаць каралеўскія пакоі з капліцай і іншымі памяшканьнямі. Сувязь была аформленая ў выглядзе галерэі і прыбудовы, якая па форме моцна нагадвае «барбакан». Гэтае збудаваньне не выконвала чыста абарончай функцыі.
Шымбарэцкі патлумачыў, што архітэктура замка — пераходная ад замкава-палацавай архітэктуры да чыстай палацавай, гэта кампраміс паміж абарончымі функцыямі і палацавай архітэктурай.
«У гэтай архітэктуры вы можаце бачыць і кантрафорсы, і высокія сьцены, і сьцены таўшчынёю каля 3 мэтраў, драўляны мост, які можна было скінуць. Палацавая архітэктура не прадугледжвае такой таўшчыні сьценаў. У галаве архітэктара сядзела думка, што гэты замак, цалкам магчыма, давядзецца абараняць. Хоць ён і ня быў пабудаваны як чыста абарончы», — кажа галоўны архітэктар праектаў.
У дакумэнтах, дадае ён, ёсьць згадкі пра тое, што ў замку была артылерыя, хоць і не дакладна ў гэтым месцы. Але, на ягоную думку, функцыянальна гэты дворык пасуе, каб у ім стаялі гарматы.
Шымбарэцкі кажа, што вырашыў не ламаць традыцыі, прынятыя ў літаратуры да яго, хоць гэтае збудаваньне хутчэй можна было б назваць галерэяй. Аднак у праекце і так шмат галерэяў. Каб не было блытаніны з галерэямі, пакінулі назву «барбакан».
2. Мерная ізба
Гэта аднапавярховы будынак, які можна ўбачыць зьлева ў двары старога замка.
Выраз «мерная ізба» ўзяты з польскамоўных інвэнтароў. Як Уладзімер Бачкоў раней казаў журналістам, там захоўваліся прылады для вымярэньня, напрыклад, вагі або мэтар.
Як тлумачыць Мікола Волкаў, у перакладзе з польскай мовы «mierna izba» значыць памяшканьне сярэдняга памеру.
«То бок яны самі не разумеюць, што будуюць», — абураецца гісторык.
Паводле яго, на гэтым месцы было прынамсі дзьве «мерныя ізбы» — шэраг жыльлёва-гаспадарчых пабудоваў для абслугі, гаспадарчых працаў. Яны былі драўляныя. Археолягі ў гэтым месцы падмуркаў не знайшлі. Цяпер жа «мерную ізбу» збудавалі з газасылікатных блёкаў і цэглы.
Шымбарэцкі пагаджаецца, што «мерная ізба» — гэта гаспадарчая пабудова, якая зьмяняла свае функцыянальныя прызначэньні і не абавязкова выкарыстоўвалася для вымярэньня.
Ён патлумачыў, што на месцы драўлянай пабудовы вырашылі будаваць цагляную, бо трэба было недзе разьмясьціць інжынэрныя збудаваньні, у тым ліку цеплавы вузел. Лепшых месцаў не знайшлося.
Па словах Алега Шымбарэцкага, драўляныя пабудовы на сёньня не адпавядаюць будаўнічым нормам, у тым ліку па бясьпецы. Таму драўляныя комплексы могуць выносіцца ў асобныя формы ў выглядзе скансэнаў. Але на такім невялікім участку двара Старога замка няма месца для драўляных пажаранебясьпечных збудаваньняў.
«Калі б мы гэтага не зрабілі, усё аднаўленьне першай чаргі ня мела б сэнсу. Гэта была б проста абарончая сьцяна Лідзкага замка за шмат мільёнаў даляраў», — кажа Алег Шымбарэцкі.
3. Камяніца пры сярэдняй вежы
Гэта самы вялікі абʼём, які, па словах гісторыкаў, прыдумаў Бачкоў. Камяніца ідзе адразу за «мернай ізбай», займае плошчу каля ста квадратаў і мае некалькі паверхаў увышыню. Падмуркаў на гэтым месцы археолягі таксама не знайшлі. На гэта Бачкоў раней казаў, што папярэдняя камяніца была фахвэркам, то бок была зробленая зь лёгкіх матэрыялаў, а ня каменю. Абрысы камяніцы Бачкоў бачыць і на гравюры Цюндта.
Мікола Волкаў перакананы, што тая пабудова з гравюры тапографа Томаша Макоўскага (1600 г.) — гэта вонкавая лесьвіца, якую дабудавалі пры Баторыі. Яна вяла ў каралеўскую лазьню, што месьцілася ў сярэдняй вежы. Абʼём лесьвіцы быў у разы меншы, чым сьвежаўзьведзеная камяніца.
Алег Шымбарэцкі адзначыў, што мяжа камяніцы з боку двара недакладная, незадакумэнтаваная. Пры гэтым яна магла быць фахвэркавай (то бок з аблегчаных канструкцый, без фундамэнта). Каб знайсьці яе дакладныя межы, трэба было выканаць археалягічныя працы на гэтым участку на 100%, а Мінкульт ня даў такога дазволу.
Ён мяркуе, што ў чарцяжах XVII стагодзьдзя, якія ён дасьледаваў, ёсьць грубыя памылкі.
4. Памер вежаў
Вежа пры браме, паводле Бачкова, будзе мець тры паверхі, сярэдняя вежа — чатыры паверхі, бо такія дадзеныя згадваюцца ў інвэнтарах. Волкаў мяркуе, што паверхаў павінна быць два і тры адпаведна.
Гісторык мяркуе, што Бачкоў дадаў лішні паверх у абедзьве вежы, бо немцы і палякі, якія дасьледавалі замак, па-іншаму адлічваюць паверхі будынкаў, чым беларусы.
Замак такі вялікі, што яго аднаўленьне вырашылі разьбіць на тры этапы. Цяпер ідзе першы, які закранае ўязную браму, галерэю, абарончы мур з боку Нёмана, сярэднюю вежу і камяніцу пры ёй.
Горадзенскі замак унікальны для Беларусі. У адрозьненьне ад Мірскага ці Нясьвіскага, ён каралеўскі. Гэта адзіная захаваная каралеўская рэзыдэнцыя часоў Рэчы Паспалітай пасьля кракаўскага Вавэлю. Тут бывалі вядомыя асобы і адбываліся важныя гістарычныя падзеі.
У замку гаспадарылі князь Вітаўт, Стэфан Баторы, дынастыя Вазаў. Тут праходзіў кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай. Замак значны ня толькі для сучаснай Беларусі, але і для Польшчы, і для Літвы.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.