Гісторык Мікола Волкаў атрымаў адказ зь Міністэрства культуры на свой зварот з нагоды зруйнаваньня муроў горадзенскага Старога замка, як мяркуецца, XIV–XV стагодзьдзяў. Паводле чыноўнікаў, адказныя за рэканструкцыю ня скардзіліся на парушэньні.
Мінкульт: «Зьвестак аб адступленьнях не паступала»
Фрагмэнт абарончай сьцяны Старога замка з боку Нёмана разабралі ў пачатку жніўня з дапамогай будаўнічай тэхнікі. Гісторык і дасьледчык горадзенскага Старога замка Мікола Волкаў зьвярнуўся ў Мінкульт і пракуратуру з просьбай праверыць, ці не было ў гэтым парушэньняў. Адказу з пракуратуры ён яшчэ чакае.
У лісьце з подпісам міністра культуры Юрыя Бондара адказалі, што, паводле закону, спэцыяліст, які ажыцьцяўляе аўтарскі нагляд за рэканструкцыяй, мусіць паведаміць аб парушэньнях у орган дзяржаўнага будаўнічага нагляду.
«Зьвестак аб адступленьнях ад зацьверджанай праектнай дакумэнтацыі па аб’екце ад УП „Інстытут „Гроднаграмадзянпраект““ у Міністэрства культуры... не паступала», — гаворыцца ў адказе.
Навуковы кіраўнік на Старым замку, які праводзіць аўтарскі нагляд, — архітэктар Уладзімер Бачкоў.
«Ён (Бачкоў. — РС) мусіць весьці аўтарскі нагляд і дакладваць у міністэрства. Але ў Мінкульт ніякіх скаргаў не паступала, значыцца, усё добра. Я так разумею, што ў міністэрстве думаюць, што Бачкоў будзе сам на сябе скаргі пісаць», — пракамэнтаваў адказ Мікола Волкаў.
Гарвыканкам: дасьледаваць і аднавіць вязьніцу немагчыма
Другое пытаньне, якое Волкаў падымаў у звароце, датычыла страты магчымасьці дасьледаваць помнік. Па зьвестках гісторыка, на месцы зруйнаванага ўчастка сьцяны ў XIV–XV стагодзьдзях была брама. Праведзеныя работы не дазволяць дакладна вызначыць, дзе праходзілі межы брамы, а таксама дзе менавіта знаходзілася вязьніца пад праездам брамы.
Гэтае пытаньне разгледзелі ў Горадзенскім гарвыканкаме разам з прадстаўнікамі інстытуту «Гроднаграмадзянпраект» і навуковым кіраўніком Уладзімерам Бачковым. Паводле іх адказу, муроўка XIV–XV стагодзьдзяў была страчаная і яе няма на згаданым фрагмэнце. Меркаваньне, што можна вызначыць, дзе знаходзілася брама Вітаўта, — надуманае і памылковае, адзначаецца ў адказе гарвыканкаму.
Аднавіць на гэтым месцы вязьніцу таксама немагчыма, бо пасьля перабудоваў замка ў ХVІ стагодзьдзі выгляд гэтага ўчастка моцна зьмяніўся, рэшткаў памяшканьня для злачынцаў пры дасьледаваньнях не знайшлі, а графічных матэрыялаў з выявамі вязьніцы аказалася недастаткова.
Калі ў глыбіні сьценаў знойдуць фрагмэнты муроўкі XIV–XV ст., то «без сумневаў, зь імі будуць працаваць адпаведным чынам», запэўніваюць гарадзкія ўлады.
Абаронца спадчыны абурыўся маўчаньнем абласных уладаў па замку
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч абурыўся маўчаньнем Горадзенскага аблвыканкаму аб праблеме Старога замку і накіраваў туды адпаведны ліст. Пасьля круглага стала ў ліпені, прысьвечанага праблемам рэканструкцыі замка, Антон Астаповіч напісаў абласным уладам прапановы таварыства для распрацоўкі праекту выніковай рэзалюцыі круглага стала.
Хоць праект павінны былі распрацаваць да 1 жніўня і накіраваць усім удзельнікам абмеркаваньня, ніякага ліста Антон Астаповіч не атрымаў. Цяпер ён просіць правесьці праверку і пакараць вінаватых.