Стары замак у Горадні працягваюць аднаўляць. Паглядзіце, як ён зьмяніўся за час рэканструкцыі.
1. Рэканструкцыя Старога замка ў Горадні ідзе пяты год
Гісторыя замка налічвае каля тысячы гадоў. За гэты час яго ня раз перабудоўвалі.
Цяперашнюю рэканструкцыю плянавалі цягам 30 гадоў. Аднак пачалі яе толькі ў 2015 годзе, калі ў адной з заляў музэю, які месьціцца ў замку, правалілася падлога. Тады са сьценаў звонку пазьбівалі тынк, каб дасьледаваць, наколькі трывалая муроўка.
2. Цэглу ў сьценах брамы замянілі на новую
Гэта ўязная брама, або галоўны ўваход у замак. Трапіць туды можна па самым старым у краіне мосьце, якому больш за 400 гадоў. За час рэканструкцыі сьцены ўмацавалі, замяніўшы частку цэглы. Новая цэгла вылучаецца на старой муроўцы больш яркім, аранжавым колерам.
3. Захавалі паверх, які хацелі разабраць
У прыбудове зьлева пачатку XVII стагодзьдзя дзякуючы намаганьням абаронцаў спадчыны ўдалося захаваць другі паверх, які першапачаткова хацелі разабраць. У гэтай прыбудове некалі знаходзіўся мэханізм для пад’ёму герсы — кратаў, якія закрывалі ўваход у замак.
4. Зьявіўся мансардны паверх над брамай
На другім паверсе ў каралеўскай капліцы прыбралі напляставаньні XVII–XIX стагодзьдзяў і пашырылі праём акна. Да таго ж надбудавалі трэці мансардны паверх, якога раней не было.
5. Галерэю павялічылі
Да галерэі, якая злучае браму (зьлева) і каралеўскі палац (справа), дабудавалі другі паверх, якога ніколі не існавала. Пры гэтым разабралі арыгінальныя скляпеньні другой паловы XVII стагодзьдзя.
6. Браму пачалі ўпрыгожваць
Гэта від на браму з боку ўнутранага двара замка. Цяпер наведнікі могуць убачыць дэкор на сьценах.
7. На галерэі відаць дэкор
Від рабочых, якія разьбіраюць старадаўнюю сьцяну галерэі з пэрфаратарам, летась выклікала абурэньне многіх. Цяпер на месцы, дзе працавалі будаўнікі, відаць сьвежая муроўка.
8. Спрэчная камяніца пры сьцяне з боку Нёмана
Найбольш выразная зьмена ў агульным выглядзе замка — гэта камяніца каля сярэдняй вежы абарончага муру з боку Нёмана. Яна добра відаць з боку Старога моста. Ейная плошча каля 100 «квадратаў».
Па словах гісторыка Міколы Волкава, які займаўся дасьледаваньнем Старога замка, яе ніколі раней не існавала, археолягі не знайшлі адпаведных падмуркаў падчас работ. Навуковы кіраўнік рэканструкцыі Ўладзімер Бачкоў мае вэрсію, што на гэтым месцы знаходзіўся фахвэрк — будынак зь лёгкіх матэрыялаў, як дрэва і салома, таму сьлядоў ад яго не захавалася.
У горадзенскім замку праходзіў кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай
Замак такі вялікі, што яго аднаўленьне вырашылі разьбіць на тры этапы. Цяпер ідзе першы зь іх, які закранае ўязную браму, галерэю, абарончы мур з боку Нёмана, сярэднюю вежу і камяніцу пры ёй.
Першая чарга аднаўленьня Старога замка ў Горадні
Горадзенскі замак унікальны для Беларусі. У адрозьненьне ад Мірскага ці Нясьвіскага, ён каралеўскі. Гэта адзіная захаваная каралеўская рэзыдэнцыя часоў Рэчы Паспалітай пасьля кракаўскага Вавэлю. Яна важная з пункту гледжаньня гістарычных падзей і асобаў.
Тут гаспадарылі князь Вітаўт, Стэфан Баторы, дынастыя Вазаў. Праходзіў кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай. Замак значны ня толькі для сучаснай Беларусі, але і для Польшчы, і для Літвы.