У частцы № 7404 унутраных войскаў МУС Беларусі, якая разьмяшчаецца ў Баранавічах, Свабодзе паведамілі пра раптоўную сьмерць іх салдата Дзьмітрыя Ханцэвіча.
Дзяжурны вайсковай часткі сказаў, што здарэньне адбылося 12 чэрвеня раніцай:
«Ён прыехаў на ровары ў вайсковую частку і неўзабаве памёр. Высьвятляюць прычыны. Ён быў старшым кантралёрам, намесьнікам камандзіра ўзводу. Жыў у Баранавічах».
Лекары, якія рабілі рэанімацыю, казалі пра нізкі ціск у Дзьмітрыя.
«Прыяжджала сьледчая група, прыкмет гвалтоўнай сьмерці не знайшла», — сказалі ў вайсковай частцы.
У МУС Беларусі пацьвердзілі факт сьмерці прапаршчыка і выказалі спачуваньне родным.
Паводле крыніцы блогера Nexta, саслужыўцы знайшлі Дзьмітрыя ў разьдзявальні ў непрытомным стане, самі пачалі рэанімаваць і выклікалі хуткую дапамогу, лекары якой потым працягвалі рабіць штучнае дыханьне і непрамы масаж сэрца.
Паводле блогера Nexta, у ходзе праверкі нібыта было выяўлена, што 11 чэрвеня ўсіх вайскоўцаў в/ч № 7404 а 14-й гадзіне накіравалі на пляц, дзе пры тэмпэратуры +30 прымусілі дзьве гадзіны займацца фізычнымі практыкаваньнямі.
У частцы абверглі гэтае сьцьвярджэньне, сказалі, што ў сьпякотны час у іх увогуле абмежавана знаходжаньне на вуліцы, ніякіх заняткаў на пляцы ўчора не было.
Вайсковая частка 7404 — гэта 4-я спэцыяльная міліцэйская брыгада ўнутраных войскаў МУС, якая знаходзіцца ў Баранавічах.
Хроніка апошніх сьмерцяў у сілавых структурах Беларусі
10 чэрвеня. У падвальным памяшканьні шматкватэрнага жылога дома знойдзена цела 45-гадовага супрацоўніка крымінальнага вышуку Ленінскага РУУС Андрэя М.
3 чэрвеня. З чэрвеня 40-гадовы прапаршчык Полацкага памежнага атраду ўчыніў суіцыд на працоўным месцы.
1 чэрвеня. Скончыў жыцьцё самагубствам вайсковец слонімскай 11-й мэханізаванай брыгады, які праходзіў службу па кантракце.
16 траўня. 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ 22-гадовы Яўген Патаповіч. Яго знайшлі мёртвым у лесе. Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Спачатку Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў, аднак 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд».
12 траўня. Суіцыд зьдзейсьніў памежнік у Смаргонях. Цела 34-гадовага вайскоўца-кантрактніка знайшлі сваякі ў доме бацькоў.
23 красавіка. 23 красавіка ў Віцебскай больніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі памёр Віктар Калачынскі, дэсантнік, якога напярэдадні траўмавалі ў вайсковай частцы машынай.