Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэрсію пра самагубства інспэктара ДАІ з Магілёва «не здымаюць зь ліку прыярытэтных», — старшыня СК

абноўлена

Іван Наскевіч, старшыня Сьледчага камітэту Беларусі, архіўнае фота
Іван Наскевіч, старшыня Сьледчага камітэту Беларусі, архіўнае фота

Старшыня Сьледчага камітэту Беларусі 4 чэрвеня расказаў журналістам пра расьсьледаваньне сьмерці інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча, які загадкава загінуў 16 траўня.

«Вэрсію пра самагубства не здымаем зь ліку прыярытэтных, — перадае БелТА словы старшыні СК Івана Наскевіча. — Больш за тое, апошнімі днямі атрымалі яшчэ цэлы шэраг заключэньняў экспэртызаў, які ўмацоўвае нас у нашай пазыцыі, што менавіта так і адбылося».

Пры гэтым адпрацоўваюцца і іншыя вэрсіі, адзначыў ён, але «на другі дзень стала зразумела, асабліва пасьля вывучэньня відэа, выяўленьня людзей, якія яго падвозілі, што мае месца самагубства».

Бацькі загінулага тым часам ня вераць у самагубства: кажуць, іх сын ня мог сябе забіць, бо для гэтага не было падстаў. Яны настойваюць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе, спасылаюцца на здымак, на якім відаць плямы крыві ў пахвіннай вобласьці. Акрамя таго, вядома, што на руках загінулага былі кайданкі (і, паводле неафіцыйнай інфармацыі, зашпіленыя далонямі вонкі).

Пры гэтым Наскевіч, як перадае Tut.by, сьцьвярджае, што бацькі загінулага «да нас з просьбай аб эксгумацыі не зьвярталіся» (бацька загінулага казаў Свабодзе, што «высьвятляе, як тое робіцца», але хацеў бы асабіста прысутнічаць на аглядзе цела).

«На жаль, у нас ужо былі выпадкі нагнятаньня абстаноўкі, калі „падбівалі“ блізкіх, — заявіў старшыня СК. — Зразумела, што бацькам цяжка зьмірыцца з тым, што іхнае дзіця скончыла жыцьцё самагубствам».

Сам Наскевіч адзначыў, што ў першы дзень расьсьледаваньня «пра самагубства гаворкі наогул не ішло», бо першапачакова складалася «такая карціна, што мы разгубіліся», і «даўно не было такіх здарэньняў», каб «супрацоўніка міліцыі забівалі пры такіх абставінах».

Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?

  • 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
    22-гадовы Яўген Патаповіч (на фота). З паведамленьня ад яго вынікала, што яго выкралі цыганы на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі. ​Неўзабаве яго знайшлі мёртвым у лесе. ​Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў.
  • 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
  • 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
  • 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
  • 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.​
  • Бацькі Патаповіча ня згодныя з асноўнай вэрсіяй сьледзтва і заявілі, што будуць настойваць на эксгумацыі цела і новай экспэртызе. Аднак сьледзтва адмовіла ім ў эксгумацыі цела. Уладзімер Патаповіч напісаў ліст Лукашэнку.
  • 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён. Пазьней у той жа дзень перад цыганамі выбачылася кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Натальля Качанава.
  • 11 чэрвеня Ігар Шуневіч падчас нарады з Лукашэнкам пайшоў у адстаўку з пасады міністра ўнутраных спраў, Аляксандар Лукашэнка прызначыў на яго месца Юрыя Караева, сказаўшы новаму міністру, што «ня трэба, як вось адбылося з цыганамі». «Пакрыўдзілі людзей ні за што, — казаў Лукашэнка. — Дык трэба прасіць прабачэньня».

Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG