Вайсковае камандаваньне Ўкраіны абвясьціла аб стварэньні ў складзе сухапутных войскаў Узброеных сілаў асобнага танкавага батальёну «для абароны краіны на поўначы».
Як паведамілі Свабодзе ў Апэратыўным камандаваньні «Поўнач», 12-ы асобны танкавы батальён будзе дысьлякавацца ў мястэчку Ганчароўскае Чарнігаўскай вобласьці — за 46 кілямэтраў ад найбліжэйшай беларускай вёскі Камарын Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці.
«Цяпер ідзе атрыманьне вайсковай тэхнікі, узбраеньня і вайскова-матэрыяльных запасаў. У частку будуць залічвацца вайскоўцы выключна паводле кантракту», — адзначылі ў апэратыўным камандаваньні.
Новаствораны танкавы батальён будзе асобным ад танкавай брыгады «Сіверская», якая таксама знаходзіцца ў падпарадкаваньні апэратыўнага камандаваньня «Поўнач» і таксама дысьлякуецца ў Ганчароўскім.
У сакавіку 2014 году гэтая брыгада «па трывозе» на выпадак расейскага ўварваньня была перадысьлякаваная ў раён украінска-расейскай мяжы — між Чарнігаўскай вобласьцю Ўкраіны і Бранскай вобласьцю Расеі. Асобныя батальёны гэтай брыгады ўдзельнічалі ў вайсковых апэрацыях у Данецкай і Луганскай абласьцях. Танкавая брыгада «Сіверская» вядомая сваім найсучасьнейшым узбраеньнем, найперш мадэрнізаванымі ўкраінскімі танкамі «Булат» Т-64БМ, аснашчанымі высокадакладнай зброяй і сучаснымі кіраванымі ракетамі «Камбат».
Сёлета ў студзені міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Палтарак заявіў аб мэтазгоднасьці ўзмацненьня супрацы зь Беларусьсю ў вайсковай сфэры, у тым ліку і ва ўзаемадзеяньні ўзброеных сіл дзьвюх дзяржаў. Тады ён падкрэсьліў, што першачарговыя вайсковыя захады ўкраінскага войска грунтуюцца на тым, каб папярэдзіць пагрозы з Расеі:
«Справа ў тым, што цяпер для нас існуе пагроза на ўсходзе, над якой мы працуем. Ёсьць агрэсар — Расейская Фэдэрацыя, і мы ўсе свае высілкі накіроўваем на тое, каб супрацьстаяць расейскай агрэсіі. А Беларусь мы лічым сваімі сябрамі і пабрацімамі. І я веру ў тое, што беларускі народ ніколі ў жыцьці не далучыцца да агрэсіі Расеі супраць Украіны».