На наступны дзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Казахстане працягваліся затрыманьні пратэстоўцаў і выпадковых мінакоў, і яны трывалі да ночы, піша Радыё Азаттык — казаская служба Свабоды.
10 чэрвеня затрыманьні праходзілі ў Нур-Султане, Алматы, Шымкенце і Актобэ. У Алматы паліцыянты перакрылі вуліцы ля цэнтральнай плошчы і затрымлівалі людзей, якія, на іхную думку, маглі б быць удзельнікамі пратэстаў. Многія казалі, што не зьбіраліся пратэставаць.
«Мяркуючы па ўсім, нярэдка затрымлівалі выпадковых мінакоў, — піша Радыё Азаттык. — Аднаго мужчыну паліцыянты зьнялі проста з ровара: ён хацеў праехаць па ачэпленай сілавікамі тэрыторыі, але трапіў у аўтазак.
Пакуль уладальніка двухколавага транспарту несьлі да паліцэйскага аўтамабіля, ён лаяўся і казаў, што проста ехаў міма. Сьледам у аўтазак закінулі і ягоны транспартны сродак. „Ровар арыштавалі“, — сказаў нехта з прысутных на месцы журналістаў».
Арыштаваных у дзень выбараў, 9 чэрвеня, ужо пачалі судзіць, штрафаваць і садзіць на суткі адміністрацыйнага арышту. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, толькі ў Нур-Султане і Алматы тады затрымалі «каля 500 чалавек».
Колькі было затрымана 10-га, не паведамляецца.
Але ў цэнтры Алматы налічылі ня менш за 100 затрыманых удзень 10-га, яшчэ каля сотні — у ноч на 11 чэрвеня ля гарадзкога дэпартамэнту паліцыі Алматы, дзе пратэстоўцы патрабавалі вызваліць паэта Рыната Заітава.
Ён і рэжысэр Еркін Ракішаў казалі ў выступах, што іхныя зьвесткі пра яўку на выбары і разьмеркаваньне галасоў істотна адрозьніваюцца ад афіцыйных.
Такаеў назваў затрыманьні «неабходнымі», а пра блякаваньне сацсетак «ня ў курсе»
ЦВК Казахстану 10 чэрвеня абвясьціў Касым-Жамарта Такаева пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў з 70,76% галасоў. На прэс-канфэрэнцыі ён пахваліў паліцыю і назваў затрыманьні пратэстоўцаў «неабходнымі»: маўляў, некаторыя «паводзілі сябе недастойна, правакавалі супрацоўнікаў паліцыі», бо «карысталіся інфармацыяй звонку, якая падштурхоўвае да незаконных дзеяньняў».
Пры тым Такаеў адзначыў, што «цэлы шэраг грамадзянаў выйшаў на вуліцы, каб выказаць свой пункт гледжаньня, пратэст і гэтак далей», а ў краіне «свабода волевыяўленьня прысутнічае ў поўным аб'ёме».
Ён таксама заявіў, што «быў ня ў курсе» блякаваньня ў сацсетак у дзень выбараў: маўляў, сам актыўна карыстаецца сацсеткамі і вядзе старонку ў Twitter. Такаеў пры тым адзначыў, што «сацыяльныя сеткі ўсё ж не павінны выкарыстоўвацца ў дэструктыўных мэтах, сеяць разлад сярод народу і тым больш правакаваць людзей на сутыкненьні адзін з адным».