Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва Радыё Свабода асудзіла дзеяньні ўладаў Казахстану да журналістаў


Падчас затрыманьня журналіста Радыё Азатык Пятра Трацэнка, 9 чэрвеня 2019 году
Падчас затрыманьня журналіста Радыё Азатык Пятра Трацэнка, 9 чэрвеня 2019 году

Мэдыякарпарацыя «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода» (РСЭ / РС), часткай якой зьяўляецца Радыё Свабода, асудзіла дзеяньні ўладаў Казахстану ў дачыненьні да журналістаў, якія асьвятлялі падзеі ў дзень датэрміновых выбараў прэзыдэнта краіны 9 чэрвеня.

Улады Казахстану 9 чэрвеня затрымалі журналістаў Радыё Азатык Пятра Трацэнку і Санію Тойкен і напярэдадні адхілілі заяўкі сямі журналістаў РСЭ/ РС з Чэхіі, Расеі і Кіргізстану, накіраваных для асьвятленьня датэрміновых выбараў прэзыдэнта Казахстану 9 чэрвеня.

«Затрыманьне журналістаў, якія асьвятляюць выбары, — гэта не што іншае, як умяшаньне ў іх працу і іх задачу асьвятляць падзею, якая выклікае глыбокі грамадзкі інтарэс», — сказала выканаўца абавязкаў прэзыдэнта РСЭ / РС Дэйзі Сіндэлар.

«Адмовіўшыся акрэдытаваць нашых журналістаў, урад Казахстану яшчэ больш парушыў свае міжнародныя абавязаньні паважаць ролю незалежных СМІ і правы грамадзян на праўдзівую інфармацыю пра сваю краіну і яе кіраўніцтва», — сказала Сіндэлар.

Карэспандэнта Радыё Азатык Пятра Трацэнку затрымалі ў Алматы, калі ён здымаў затрыманьні людзей на мірнай акцыі пратэсту, удзельнікі якой заявілі, што датэрміновыя выбары 9 чэрвеня не зьяўляюцца сумленнымі і свабоднымі. Яго выпусьцілі з паліцыі пасьля апытаньня і запісу пэрсанальных зьвестак у паліцэйскую базу.

Журналістку Радыё Азатык Санію Тойкен 9 чэрвеня двойчы затрымлівалі, калі яна асьвятляла затрыманьні людзей на акцыі пратэсту каля Палаца «Жастар» і дастаўлялі ў аддзел паліцыі. Пасьля першага затрыманьня з паліцыі журналістку адпусьцілі пасьля праверкі службовых і асабістых дакумэнтаў. Пасьля другога затрыманьня з паліцыі яе выпусьцілі без тлумачэньня прычын затрыманьня.

Датэрміновыя выбары былі прызначаныя 9 красавіка дзейным прэзыдэнтам, кандыдатам ад партыі ўлады Касым-Жамартам Такаевым, які імкнецца забясьпечыць сабе пяцігадовы прэзыдэнцкі тэрмін пасьля ўступленьня на пасаду ў выніку складаньня паўнамоцтваў Нурсултанам Назарбаевым, які захаваў у руках уплыў на рычагі ўлады ў краіне пасьля нязьменнага праўленьня на працягу амаль трох дзесяцігодзьдзяў.

Паводле папярэдніх вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, якія абвясьціў ЦВК Казахстану, перамог Касым-Жамарт Такаеў, прызначаны Нурсултанам Назарбаевым выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта — ён набраў 70,76% галасоў. За апазыцыянэра Аміржана Касанава налічылі 16,02%. Кандыдатка ад «канструктыўнай апазыцыі», першая ў гісторыі краіны жанчына-кандыдатка ў прэзыдэнты, набрала 5,2%, паводле ЦВК. Іншыя кандыдаты мелі менш за 5%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG