Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цені елбасы. Экспэрты пра пераможцу прэзыдэнцкіх выбараў у Казахстане Такаева


Нурсултан Назарбаеў (у цэнтры) і Касым-Жамарт Такаеў (справа) напярэдадні
Нурсултан Назарбаеў (у цэнтры) і Касым-Жамарт Такаеў (справа) напярэдадні

Цэнтральная выбарчая камісія Казахстану агучыла 10 чэрвеня папярэднія вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Касым-Жамарт Такаеў, прызначаны Нурсултанам Назарбаевым выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта, набраў 70,76% галасоў.

Апазыцыянэру Аміржану Касанаву налічылі 16,02%. Іншыя кандыдаты атрымалі 5% і менш. Яўка склала 77,4% выбарнікаў.

Першы прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў падаў у адстаўку, адбыўшы амаль 30 гадоў на чале дзяржавы. Зрэшты, ён не адышоў ад улады цалкам, застаўшыся на чале Рады бясьпекі і кіроўнай партыі «Нур Атан». Пераемнікам да пазачарговых выбараў стаў ягоны даўні паплечнік, экс-сьпікер Сэнату Касым-Жамарт Такаеў.

Хто такі Такаеў

Касым Жамарт-Такаеў
Касым Жамарт-Такаеў

​Касыму-Жамарту Такаеву 66 гадоў. Ён скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў. Валодае ангельскай, кітайскай, францускай мовамі. Пачынаў у структуры МЗС СССР, працаваў у савецкай амбасадзе ў Кітаі, а пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Казахстану — у замежнапалітычным ведамстве гэтай краіны: ад рэфэрэнта да міністра. Быў намесьнікам генэральнага сакратара ААН у эўрапейскім аддзяленьні ў Жэнэве і генэральным сакратаром Канфэрэнцыі ў раззбраеньні.

Таксама быў прэм’ер-міністрам Казахстану, дэпутатам парлямэнту і сьпікерам яго верхняй палаты. З апошняй пасады, згодна з Канстытуцыяй, і стаў выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта пасьля адстаўкі Назарбаева ў красавіку 2019 году.

Такаеў ідзе ў фарватэры Назарбаева

Хоць Такаеў і зьяўляецца плодам савецкай сыстэмы, але сваім багажом ён досыць выгадна адрозьніваецца і ад свайго папярэдніка Назарбаева, і ад бальшыні кіраўнікоў былых рэспублік СССР, мяркуе міжнародны аглядальнік Андрэй Фёдараў:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

«Пакуль цяжка казаць, наколькі ў яго разьвязаныя рукі. Безумоўна, добра, што ён мае вялікую дыпляматычную практыку — працаваў і на Захадзе, і на Ўсходзе. Аднак трэба дачакацца хоць нейкіх крокаў: як ні круці, ценявым кіраўніком усё ж застаўся елбасы (такі тытул „лідэра нацыі“ мае Назарбаеў. — РС). Таму па першым часе наўрад ці што істотна зьменіцца. Зьмены будуць, калі Назарбаеў тым ці іншым чынам не фармальна, а рэальна адыдзе ад улады. Зрэшты, калі гэта здарыцца, спрагназаваць немагчыма».

Касым-Жамарт Такаеў яшчэ да навіны пра адстаўку Нурсултана Назарбаева заяўляў, што елбасы ня пойдзе на наступныя прэзыдэнцкія выбары, якія ад пачатку плянаваліся ў 2020 годзе, але нават у непрэзыдэнцкім статусе той будзе рабіць вялізны ўплыў як на вонкавую, так і ўнутраную палітыку краіны.

Паводле Фёдарава, зрабіць стаўку на праверанага пераемніка Назарбаева прымусіў досьвед суседняга Ўзбэкістану. Там пасьля сьмерці Іслама Карымава ягоны наступнік Шаўкат Мірзіёеў пачаў перасьледаваць атачэньне і сваякоў былога кіраўніка краіны.

Нурсултан Назарбаеў (pmktdf) і Касым-Жамарт Такаеў
Нурсултан Назарбаеў (pmktdf) і Касым-Жамарт Такаеў

«Засьцярогі Назарбаева цалкам зразумелыя, але, успомніце, і Мірзіёеў актывізаваўся не адразу, мінуў пэўны час, — кажа Андрэй Фёдараў. — Таму, паўтаруся, шмат будзе залежаць ад таго, якія настроі будуць панаваць у грамадзтве пасьля фактычнага адыходу елбасы з палітычнага небасхілу: літаральна кажучы, ніхто ня вечны на гэтым сьвеце. Вось тады і стане зразумела, які насамрэч ягоны пераемнік, што ён мог прыхаваць. Пакуль жа Такаеў ідзе цалкам у фарватэры свайго папярэдніка».

Чым сытуацыя ў Казахстане адрозьніваецца ад Беларусі

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Казулін кажа, што, нягледзячы на парушэньні, якія фіксаваліся падчас галасаваньня, апошнія пераўтварэньні для сярэднеазіяцкай краіны дастаткова значныя.

Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін

«Па-першае, для азіяцкага рэгіёну гэта само па сабе не зусім звыкла: як ведаеце, тамтэйшыя лідэры трымаюць уладу да апошняга ўздыху, — гаворыць Казулін. — А тут — выбары, новыя твары. Так, пакуль што Назарбаеў дастаткова моцна трымае ў руках палітычныя лейцы, але далейшае жыцьцё пакажа, яшчэ ня ўсё зразумела. Ну і зноў жа, тое, чаго дагэтуль няма ў нас: і экзыт-пулы, і сацыялёгія, і празрыстыя скрыні. Так, побач і ўкіды, і „каруселі“, але агулам зрух вельмі сур’ёзны. Ня ўсё адразу. Нам бы трохі ад таго, што адбылося ў Казахстане, дык ужо былі б зьмены».

Казулін не сумняваецца, што прыход новага чалавека ва ўладу станоўча адаб’ецца на ўсіх сфэрах жыцьця. Нават калі па першым часе ён і будзе не зусім самастойны ў прыняцьці палітычных рашэньняў.

«Калі чалавек адукаваны — ня толькі таму, што валодае некалькімі мовамі, а на ўсіх узроўнях адпавядае такому статусу — гэта ў любым выпадку крок наперад, — лічыць Аляксандар Казулін. — Таму застаецца толькі парадавацца за партнэраў у інтэграцыйных структурах, якія прынамсі атрымалі шанец на перазагрузку. У беларусаў такой пэрспэктывы нават не прадбачыцца».

Падчас галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбараў у Алматы. 9 чэрвеня 2019 году
Падчас галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбараў у Алматы. 9 чэрвеня 2019 году

Сёлета спаўняецца 25 гадоў, як прэзыдэнтам Беларусі стаў Аляксандар Лукашэнка. Ён дамогся рэвізіі Канстытуцыі, якая цяпер дазваляе яму выбірацца на найвышэйшую пасаду неабмежаваную колькасьць разоў. І даў зразумець, што будзе ўдзельнічаць у чарговай выбарчай гонцы, якая, мяркуючы па ўсім, пройдзе налета. У такім выпадку гэта для яго будзе шостая па ліку прэзыдэнцкая кампанія.

У дзень прэзыдэнцкіх выбараў у Казахстане праходзілі акцыі пратэсту, затрымана сама меней паўтысячы чалавек, у тым ліку два карэспандэнты Радыё Азатык — казаскай службы Свабоды. Сёньня затрыманьні працягнуліся.

Датэрміновыя выбары былі прызначаныя 9 красавіка дзейным прэзыдэнтам, кандыдатам ад партыі ўлады Касым-Жамартам Такаевым, які імкнецца забясьпечыць сабе пяцігадовы прэзыдэнцкі тэрмін пасьля ўступленьня на пасаду ў выніку складаньня паўнамоцтваў Нурсултанам Назарбаевым, які захаваў у руках уплыў на рычагі ўлады ў краіне пасьля нязьменнага праўленьня на працягу амаль трох дзесяцігодзьдзяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG