Каля 100 чалавек у Менску, Берасьці і Гомлі ў мінулым навучальным годзе наведвалі бясплатныя курсы ўкраінскай мовы. Больш за палову зь іх пасьпяхова здалі выніковы экзамэн і атрымалі сэртыфікаты.
Урачыстае ўручэньне сэртыфікатаў на веданьне ўкраінскай мовы прайшло 7 чэрвеня ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску.
Большасьць курсантаў — дарослыя, але былі асобныя курсы і для дзяцей. Праўда, у Менску дзяцей летась запісалася мала, толькі пяць, таму іх заняткі праз паўгода давялося прыпыніць. Арганізатары спадзяюцца, што ў наступным навучальным годзе дзяцей будзе болей.
Курсы арганізавалі ўкраінская дыяспара, амбасада Ўкраіны ў Беларусі і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ), якое дало памяшканьні.
На другі год заняткаў узьніклі пэўныя арганізацыйныя праблемы, але яны былі пасьпяхова пераадоленыя.
Адзін з выкладчыкаў Ягор Дзёбік пераехаў у Луцк выкладаць беларускую мову студэнтам мясцовага ўнівэрсытэту, але прыяжджаў у Менск і працягваў заняткі праз скайп. Цяпер ён рыхтуецца да летняй школы для выпускнікоў моўных курсаў.
Другая выкладчыца, Аксана Ціпліцька, летась праз два тыдні пасьля пачатку курсаў нарадзіла дачку Тэрэзу, але прапусьціла ўсяго некалькі заняткаў і хутка вярнулася да лекцый, пакідаючы немаўля на мужа.
Аксана скончыла Чарнавіцкі ўнівэрсытэт, працавала ва Ўкраіне журналісткай, пазьней выйшла замуж за беларуса Рамана Забелу і пераехала ў Менск. Цяпер яна індывідуальная прадпрымальніца, сузаснавальніца брэнду «Мурашка Адзеньне», выпускае шоўкавыя хусткі па матывах дываноў народнай мастачкі Алены Кіш і слуцкіх паясоў.
Амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім выказаў задавальненьне ростам цікавасьці да ўкраінскай мовы ў Беларусі:
«Чым болей людзей разумее тут украінскую мову, тым лепей наладжваюцца адносіны паміж дзьвюма нашымі дзяржавамі. З гэтага і складаецца народная дыпляматыя».
Пра тое, што такая «народная дыпляматыя» сапраўды дзейнічае, на сваім прыкладзе распавяла навучэнка другога году Сьвятлана Каваленка. Яна езьдзіла назіральніцай на нядаўнія прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне і сьведчыць, што ўкраінцы вельмі цэняць тых замежнікаў, хто вывучае іх мову. Шмат кіеўскіх і мясцовых газэт ужо напісалі пра курсы ўкраінскай мовы ў Менску, а студэнтка Луцкага ўнівэрсытэту Юлія Фінкоўская абараніла магістарскую працу пра досьвед беларусаў, якія вывучаюць украінскую мову, і ўкраінцаў, якія вывучаюць беларускую.
На наступны навучальны год арганізатары спадзяюцца пашырыць геаграфію курсаў: паступілі заяўкі з Горадні, Кобрыні і Маладэчна.