Закон таксама ўводзіць забарону на экстрадыцыю з тэрыторыі Ўкраіны замежных добраахвотнікаў, якія ваявалі на Данбасе ў складзе ўрадавых войскаў.
Вярхоўная Рада Ўкраіны ўнесла зьмены ў шэраг законаў аб прававым статусе іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія ўдзельнічаюць у абароне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.
Гэтыя зьмены падтрымалі 230 з 343 народных дэпутатаў, зарэгістраваных у сэсійнай залі, апроч прадстаўнікоў фракцыі «Апазыцыйны блёк» і парлямэнцкіх груп «Адраджэньне» і «Воля народу», утвораных на рэштках Партыі рэгіёнаў.
Закон прадугледжвае, што іншаземцы, якія ваявалі на Данбасе на баку ўрадавых сілаў, могуць зьвярнуцца па ўкраінскае грамадзянства нават у выпадку заканчэньня дзеяньня іхных нацыянальных пашпартоў, але пры гэтым яны абавязкова мусяць мець хаця б часовы від на жыхарства. Да заявы іншаземцы мусяць дадаць адпаведны зварот Міністэрства абароны Ўкраіны ці хадайніцтва камандзіра вайсковага падразьдзяленьня, у складзе якога ваявалі на Данбасе.
Адначасова закон уводзіць забарону на выдачу іншаземцаў, якія ваявалі на ўсходзе Ўкраіны, у краіну паходжаньня альбо краіну, якая не прызнае тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны ці адмаўляецца прызнаваць агрэсію Расеі ва Ўкраіне.
У той жа час закон не вырашае пытаньняў тых добраахвотнікаў, якія цяпер не працягваюць кантрактную службу ва Ўзброеных сілах Украіны і ня маюць часовага віду на жыхарства.
Цяпер гэты закон мае падпісаць прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, а юрыдычную моц ён набудзе праз два месяцы пасьля афіцыйнай публікацыі.
Адным з аўтараў законапраекту выступіў кіраўнік партыі «Нацыянальны корпус» Андрэй Білецкі. 4 чэрвеня актывісты гэтай партыі з замежнымі добраахвотнікамі пікетавалі Адміністрацыю прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага. Паводле інфармацыі «Нацыянальнага корпусу», украінскага грамадзянства патрабуюць каля 400 добраахвотнікаў-іншаземцаў, якія ўжо пяты год знаходзяцца ва Ўкраіне ў статусе нелегалаў.
За ўвесь час толькі адзін грамадзянін Беларусі, якія ваяваў на Данбасе, атрымаў украінскае грамадзянства. Іншыя не змаглі атрымаць нават від на сталае жыхарства ва Ўкраіне. У лютым 2017 году двое беларускіх добраахвотнікаў пасьля некалькіх няўдалых спробаў легалізавацца ва Ўкраіне атрымалі статус уцекачоў у Польшчы.
Раней народная дэпутатка Ўкраіны Натальля Весялова зьвярнулася да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з просьбай даць украінскае грамадзянства беларусу Дзьмітрыю Палойку.