Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ўжо не баяцца «нетрадыцыйных» гендэрных роляў. Прынамсі дома


Я шмат разоў чула ад знаёмых жанчын, што яны пароўну дзеляць з партнэрам хатнія абавязкі. Зрэшты, я і пра сябе пэўны час так думала. Праўда, у большасьці выпадкаў трэба проста пільней прыглядзецца, каб убачыць, што да роўнага падзелу на самой справе яшчэ вельмі далёка. Але пэўная тэндэнцыя пачынае вымалёўвацца, і мяне яна дужа радуе.

Відавочна, што ў розных месцах і ў розных сацыяльных слаях гэта працуе па-рознаму, але ўжо сфармаваўся пляст насельніцтва, у якім апэляваць да «мужчынскіх» і «жаночых» абавязкаў лічыцца нечым непрыстойным ці сьмешным. І вынікі «Дасьледваньня каштоўнасьцяў насельніцтва Беларусі. Сямейныя каштоўнасьці» пацьвярджаюць маю тэзу.

У людзей запытвалі, хто мусіць рабіць розныя хатнія справы (гатаваць ежу, мыць посуд, прыбіраць у хаце, хадзіць на закупы і клапаціцца пра хатніх жывёлаў), і вынікі атрымаліся даволі аптымістычныя: шмат пра якія абавязкі рэспандэнткі і рэспандэнты казалі, што іх мусяць выконваць і мужчыны, і жанчыны. Было б сьмешна казаць, што гэта паказчык перамогі фэмінізму ці дасягненьня гендэрнай роўнасьці, але тэндэнцыя радуе. Чым маладзейшымі былі людзі, якія адказвалі на пытаньні, тым менш яны былі схільныя называць абавязкі мужчынскімі ці жаночымі.

Зьмена жыцьцёвай парадыгмы і перагляд гендэрных роляў — гэта доўгі працэс, і ня варта чакаць, што ўсё кардынальна зьменіцца за некалькі гадоў. Больш за тое, ня варта чакаць, што палітычна карэктныя адказы на пытаньні пра хатнія абавязкі адлюстроўваюць рэальную карціну. Але тое, што людзі хоць бы на словах імкнуцца да гендэрнай роўнасьці, безумоўна, добра.

Мы пачынаем па-новаму казаць і па-новаму думаць. Я, напэўна, на ўсё жыцьцё запомніла, як асьцярожна і з надзеяй у голасе бабуля запытвалася ў мяне: «Ну, ён хоць дапамагае табе ў чым-небудзь?». Ад аднагодак жа я куды часьцей чую фармулёўкі накшталт «падзел абавязкаў», «падзел працы». Уяўленьне, нібыта дом — гэта працоўная зона жанчыны, паступова зьнікае, і гэтая трансфармацыя ўжо адлюстроўваецца ў маўленьні.

Але ж наўрад ці варта цешыцца ілюзіямі: да рэальнага роўнага падзелу абавязкаў нам яшчэ далёка. Жанчыны працягваюць скардзіцца на «другую зьмену» — хатнія абавязкі, якімі мы вымушаны займацца па вяртаньні з працы.

Праблема ж яшчэ ў тым, што хатнія справы, якія традыцыйна лічацца мужчынскімі, узьнікаюць даволі рэдка. Усе гэтыя гераічна-анэкдатычныя расповеды пра забітыя цьвікі і перасунутую мэблю выклікаюць толькі сьмех і ня могуць успрымацца сур’ёзна, бо ўсе мы разумеем, наколькі рэдка зьяўляецца патрэба ў гэтых паслугах.

Іншая рэч — абавязкі «жаночыя»: гатаваць, мыць і прыбіраць трэба штодня альбо амаль штодня, таму мы і называем гэта другой зьменай (а клопат пра дзяцей — трэцяй).

Такі традыцыйны падзел на штодзённыя жаночыя і сьвяточныя мужчынскія абавязкі можа выглядаць больш-менш лягічна, калі жанчына не працуе, не «сядзіць дома» з маленькімі дзецьмі і не даглядае хворых родных. Але ж у большасьці выпадкаў і муж, і жонка працуюць поўны дзень і вяртаюцца дамоў больш-менш аднолькава стомленыя. Мяркуючы па выніках дасьледаваньня, грамадзтва пачало пагаджацца з тым, што хатнія абавязкі ў такой сытуацыі мусяць разьмяркоўвацца не «традыцыйна».

І што самае цікавае, інстытуту сям’і гэты перагляд гендэрных роляў, здаецца, нічым не пагражае, дый пра зьнікненьне беларускай нацыі перажываць ня варта. 84,8% апытаных жанчын і 77,5% апытаных мужчын заявілі, што няма нічога важней за мацярынства і бацькоўства. Сям’я не зьнікае — яна трансфармуецца і становіцца больш бясьпечнай і прывабнай для жанчын.

І калі гэта кагосьці абурае, у мяне ўзьнікае толькі адно пытаньне: чаму вы нас так ненавідзіце?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG