Незамужнія і бязьдзетныя жанчыны — самая шчасьлівая падгрупа насельніцтва, і яны найхутчэй будуць жыць даўжэй, чым іх аднагодкі ў шлюбе. Так лічыць прафэсар Лёнданскай школы эканомікі і палітычных навук Пол Долан, якога The Guardian называе "вядучым спэцыялістам па шчасьці". Абмяркоўваем выснову навукоўца з тымі, каго ён лічыць самымі шчасьлівымі — юрысткай і зоаабаронцай Анастасіяй Жаўрыд, блогеркай Настай Захарэвіч і выкладчыцай Тацянай Тулуш, якія ня маюць дзяцей і не замужам, але пры гэтым маюць досьвед жыцьця ў шлюбе ці партнэрстве.
Сьцісла:
- Захарэвіч: У грамадзтве лічыцца, што калі жанчына ня замужам, то яна не пасьпяховая і аўтаматычна няшчасная.
- Тулуш: Клясна прыходзіць увечары на гатовыя катлеткі з грэчкай, з раніцы папрасаваную кашулю, і ўсё бясплатна. Магу пра такое толькі марыць.
- Жаўрыд: Старая форма шлюбу цярпіць крах. Пасьля разводу я адчула сябе больш шчасьлівай.
«Не заўжды жыцьцё жанчыны ў шлюбе зьмяняецца да лепшага»
Ганна Соўсь: Пол Долан спасылаецца на дадзеныя Амэрыканскага апытаньня аб выкарыстаньні часу, у якім параўноўваюцца ўзроўні задавальненьня і пакутаў у нежанатых, жанатых, разьведзеных, разлучаных і аўдавелых людзей. Анастасія, Наста і Тацяна, ці вы пагодзіцеся з высновамі навукоўца? Як кладзецца на іх ваш жыцьцёвы досьвед?
Наста Захарэвіч: У 2006 годзе было праведзенае дасьледаваньне дадзеных пра 100 000 чалавек у Эўропе, якое паказала, што мужчыны ў сярэднім жывуць у шлюбе на 1 год і 7 месяцаў даўжэй, чым нежанатыя мужчыны, а жанчыны на 1 год і 4 месяцы карацей, чым незамужнія жанчыны. Гэта паказчык, які можна вымераць. Даволі цяжка аб’ектыўна замерыць узровень шчасьця, але ёсьць абʼектыўныя паказчыкі. У шлюбе ў людзей зьмяняецца жыцьцё, і не заўжды для жанчыны яно напраўду зьмяняецца да лепшага. Больш часу ідзе на хатнія справы, догляд за дзецьмі. Гэты цяжар кладзецца на жанчын з той прычыны, што так разьмеркаваныя сямейныя ролі ў грамадзтве. Я асабіста двойчы мела досьвед жыцьця ў партнэрстве. Гэта былі клапатлівыя партнэры, і мы дзялілі хатнія абавязкі напалову. Асабіста лічу, што для мяне ёсьць плюсы і ў сумесным жыцьці, і ў жыцьці безь нікога.
«Для мяне інстытут шлюбу — нейкая састарэлая мадэль»
Анастасія Жаўрыд: Я бы ня стала катэгарычна казаць, што я стала больш шчасьлівая, шчасьлівей усіх, але рацыянальнае зерне ў гэтым дасьледаваньні ёсьць. На працягу майго сьвядомага жыцьця ў мяне былі розныя стасункі, у 30 гадоў я выйшла замуж даволі ўсьвядомлена, але пасьля разводу я адчула сябе больш шчасьлівай. У нас таксама былі абавязкі падзеленыя, але для мяне інстытут шлюбу — нейкая састарэлая мадэль.
Ганна Соўсь: Што вы маеце на ўвазе? Тая форма шлюбу, шырока распаўсюджаная ў беларускім грамадзтве, ці ў прынцыпе інстытут шлюбу?
Анастасія Жаўрыд: З аднаго боку ёсьць грамадзкі ціск, тое, як традыцыйнае грамадзтва разумее шлюб. Ёсьць і юрыдычны аспэкт. Я лічу, што жанчына ня вельмі абароненая ў шлюбе. Калі адносіны аформленыя, яна мае права на палову маёмасьці, але ня ўсе жанчыны пра гэта ведаюць з розных прычынаў. Калі жанчына не працуе і займаецца хатняй гаспадаркай, то гэта вельмі рэдка знаходзіць адлюстраваньне пры разводзе і разьдзеле маёмасьці. У мяне даволі традыцыйныя бабулі, мама з татам 32 гады ў шлюбе, і яны, напэўна, такога ж чакалі ад мяне. Але я зразумела, што для мяне не падыходзіць мадэль, калі «муж павінен быць заўсёды накормлены», «у доме павінен быць парадак». Калі я спрабавала адпавядаць гэтай мадэлі, то зразумела, што вельмі многія рэчы ў маім жыцьці адыходзяць на другі плян. Гэта было галоўнай прычынай, чаму скончыўся мой шлюб у традыцыйным ягоным сэнсе.
«Цяпер я ў дзясяткі разоў шчасьлівейшая і здаравейшая чым была ў шлюбе»
Тацяна Тулуш: Для мяне зараз адчуваньне шчасьця — пэрманэнтнае фонавае пачуцьцё майго жыцьця. Яно вельмі рознае, цёплае, спакойнае і вельмі рэсурснае. Што да майго сацыяльнага статусу, то я вымушаная ва ўсіх анкетах пісаць, што я разьведзеная, а не single. Цяпер я ў дзясяткі разоў шчасьлівейшая і здаравейшая псыхічна і фізычна чым была ў шлюбе. Я даволі часта думаю пра нейкія эпізоды маіх любоўна-партнэрскіх стасункаў, што як файна, што гэты чалавек зараз не ў маім жыцьці, што ён за тысячу кілямэтраў ад мяне. На жаль, мой досьвед любоўных і шлюбных стасункаў кладзецца на высновы прафэсара Долана на 100%.
Ганна Соўсь: Анастасія казала, што ён не падыходзіла мадэль шлюбу, калі «муж павінен быць накормлены». Што ў вашым шлюбе вас напружвала, не дазваляла адчуваць сябе шчасьлівай, без чаго вы цяпер шчасьлівая?
Тацяна Тулуш: Мой шлюб быў вельмі дысфункцыянальным, абʼюзыўным. Я я проста зьбегла. Я лічу, што я прыклала ўсе намаганьні, каб захаваць свой шлюб. У пэўны момант я зразумела, што для танга патрэбныя двое. У мяне быў царкоўны шлюб, і гэта хутчэй за ўсё працягнула агонію ў маім выпадку, хаця я і атрымала вялікую падтрымку ад свайго духоўніка, які сказаў, што ня будзе вялікага граху ў разводзе пры маёй сытуацыі.
Бывалі і сьветлыя моманты... Зараз, пазнаёміўшыся з гісторыямі розных жанчын, я разумею, што мая сытуацыя не была настолькі трагічнай, у чымсьці мне нават пашэнціла, бо ня ўсім шэнціць выйсьці зь мінімальнымі стратамі. Я бачу вельмі функцыянальныя шлюбы, але хутчэй гэта выключэньне, чым заканамернасьць.
«Часта людзі глядзяць на шлюб, як на нешта абсалютна абавязковае для жанчыны»
Ганна Соўсь: Нядаўная перадача «Толькі жанчыны» была прысьвечаная таму, як мяняецца інстытут сямʼі ў беларускім грамадзтве. У ёй сямейны псыхоляг Вольга Андрэева казала, што «беларуская сямʼя — месца даволі праблемнае ўжо дастаткова даўно. Цягам аднаго году колькасьць разводаў складае палову колькасьці заключаных шлюбаў, і гэтая лічба практычна не мяняецца ўжо гадоў дваццаць. Я 25 гадоў займаюся сямейнай тэрапіяй і сутыкаюся з тым, што ўнутры сямʼі вельмі шмат гвалту і непавагі». Паводле Долана, бязьдзетныя і незамужнія жанчыны часьцей стыгматызуюцца грамадзтвам праз адсутнасьці мужа і дзяцей. Ці часта вам даводзіцца сутыкацца з такой зьявай, калі ад вас альбо патрабуюць быць як большасьць, альбо зьняважліва ставяцца праз вашу нібыта неадпаведнасьць пэўнаму стандарту?
Наста Захарэвіч: Чуць нешта пагардлівае — даволі звычайная сытуацыя, калі пытаюцца, ці я замужам, ці ёсьць дзеці. Нягледзячы на тое, што мне ўсяго 25 гадоў, я часам сутыкаюся з тым, калі мне кажуць, што ўжо час, бо ў цябе ўжо ўзрост. Альбо мяне шкадуюць. Часта ў грамадзтве лічыцца, што калі жанчына не замужам, то яна не пасьпяховая, ёй чагосьці не хапае, што яна аўтаматычна няшчасная, і што трэба гэта неяк тэрмінова выправіць. Частка маёй сямʼі вельмі занепакоеная фактам, што ў мяне няма мужа і дзяцей. Даходзіла да жартаў, што трэба мне кагосьці знайсьці, што мяне прымусова апладніць.
У сямʼі мне казалі, што калі я жыву з партнэрам некаторы час і мы не ідзем у ЗАГС, то мной карыстаюцца. Часта людзі глядзяць на шлюб, як на нешта абсалютна абавязковае для жанчыны. Калі ты не замужам, то гэта твая бяда, хаця для кагосьці гэта можа быць цалкам сьвядомы выбар і шчасьце, а для кагосьці сапраўды бяда. Але наколькі жанчыне прыемна слухаць такія заўвагі?
Ганна Соўсь: А калі мужчына не жанаты, ці гэта бяда паводле грамадзтва?
Наста Захарэвіч: Можа, у мужчын і ёсьць нейкія гісторыі пра гэта, але я з такімі не сутыкалася. У іх могуць запытвацца, ці ты жанаты, ці плянуеш, але гэта выключна жаночы дыскурс, што дзеці і шлюб — шчасьце.
«Калі жанчына разьведзеная, грамадзтву гэта больш зразумела, чым калі ня замужам»
Анастасія Жаўрыд: Нежанаты мужчына ўяўляецца воўкам-адзіночкам, пераможцам, гэта значыць, што ён яшчэ сваю мілую не знайшоў і за яго ўвагу трэба змагацца. Гэта тое, з чым я сутыкалася. Калі ў мяне не было сваёй юрыдычнай практыкі і я ўладкоўвалася на працу карпаратыўным юрыстам, то прайшла соткі суразмоўяў, дзе галоўным пытаньнем было, ці я замужам, ці ёсьць у мяне дзеці, ці ёсьць у мяне мужчына, і калі мы плянуем сямʼю. Заўсёды мяне ставілі ў пазыцыю, калі я мусіла апраўдвацца. Напэўна таму я і адкрыла ўласную практыку, каб на такія пытаньні не адказваць. Цяпер менш цікавяцца. Мне 31 год, я ўжо пабывала замужам. Часткова я туды «схадзіла», каб у анкетах пісаць «разьведзена», і гэтыя пытаньні «адпалі» на суразмоўях (сьмяецца). Калі жанчына разьведзеная, у Беларусі грамадзтву гэта больш зразумела, чым калі ня замужам.
«Цудоўна, што людзі могуць разьвесьціся, а не цярпець гвалт і непавагу ў сямʼі»
Тацяна Тулуш: Пасьля майго шлюбу і разводу ў маёй сямʼі ўсе размовы адсутнічаюць. Бываюць камэнтары, што са мной нешта ня тое, калі я ня замужам. Хаця гэтыя выпадкі вельмі рэдкія. Апошнім разам гэта быў мужчына майго ўзросту зь вельмі цяжкай формай алькагалізму, які пытаўся, што са мной ня так. Дык што са мной ня так? Алькагалізм — вялікая сацыяльная хвароба, і маё гіпатэтычнае жаданьне не ўдзельнічаць у павольным самазабойстве дарослага алькаголікі я лічу лягічным. Я абсалютна згодная з Вольгай Андрэевай, што ўнутры сямʼі вельмі шмат гвалту і непавагі. А таксама кантролю. Нядаўна чула званок мужа калегі: «Дзе ты?» Прычым такім голасам, што гэты прымусіла мяне сьціснуцца ўнутры і згадаць непрыемныя сытуацыі зь мінулага. Гэта цудоўна, што людзі могуць разьвесьціся, а не цярпець гвалт і непавагу ў сямʼі, таму што жанчыны паводле статыстыкі разы ў чатыры меней чым мужчыны бываюць аўтарытарнымі ў шлюбе.
Ці можна «схіліць да пазыцыі, якая паскорыць старэньне і выміраньне нашай нацыі»?
Ганна Соўсь: Высновы брытанскага навукоўца бурна абмяркоўваюцца цяпер у сацыяльных сетках. Яны выклікалі шмат супярэчлівых рэакцый, пачынаючы ад таго, што складана замерыць шчасьце, што такія высновы могуць «схіліць каго-небудзь да пазыцыі, якая паскорыць старэньне і выміраньне нашай нацыі», што перадача «Толькі жанчыны» з удзелам незамужніх і бязьдзетных будзе рэклямаваць бязьдзетнасьць і пазашлюбнасьць. Са свайго боку зазначу, што мы нічога не рэклямуем, а толькі абмяркоўваем разнастайныя формы ладу жыцьця, у тым ліку тыя, у дачыненьні да якіх дагэтуль поўна стэрэатыпаў. Як бы вы адказалі на закіды тых, хто абурыўся ці не пагадзіўся з высновамі брытанскага навукоўца?
Наста Захарэвіч: Гэтыя закіды з той жа сэрыі, калі людзі перажываюць, што калі нехта пабачыць пару лесьбіянак на вуліцы, дык адразу стане лесьбіянкай. Гэта так не працуе.
Калі людзі ўпэўненыя ў тым, што жадаць шлюбу, дзяцей — натуральна, прыродна і абавязкова, дык дакладна 30-хвілінная размова трох жанчыны ня стане для перашкодай для гэтай прыроды. Вельмі важна размаўляць пра тое, што бывае па-рознаму, што ўсім у жыцьці важныя і патрэбныя розныя рэчы. Хтосьці будзе шчасьлівай усё жыцьцё ў шлюбе зь дзецьмі ці без дзяцей, хтосьці будзе шчасьлівай бязь шлюбу і зь дзіцём. І ўсё гэта нармальна. Галоўнае, чым варта кіравацца, абіраючы свой лад жыцьця, гэта сваім камфортам, а не клопатам пра мітычнае выміраньне нацыі. У нас наадварот праблема з тым, што плянэта перанаселеная. Мяне вельмі радуе, што можна бачыць розныя погляды. Такія размовы могуць камусьці паказаць, што іх выбар — гэта нармальна, што ня варта асуджаць і вініць іх у тым, што яны нейкія няправільныя, таму што жывуць бяз мужа.
Прафэсар Долан: Мужчынам шлюб дапамагае «пасталець»
Ганна Соўсь: Паводле Долана, зусім іншая сытуацыя ў мужчынаў, бо як раз яны ў шлюбе больш шчасьлівыя за сваіх нежанатых калегаў. Псыхоляг кажа: «Я зраблю дрэнную паслугу навуцы і скажу наўпрост: калі вы мужчына, магчыма, вам варта ажаніцца^; калі вы жанчына — нават не турбуйцеся». Экспэрт падкрэсьлівае, што мужчынам шлюб дапамагае «пасталець»: яны менш ідуць на рызыку, зарабляюць больш, сочаць за здароўем і даўжэй жывуць. Жанчыны наадварот, паводле яго, бяруць на сябе больш адказнасьці ў сямʼі і паміраюць раней. Ці не атрымаецца так, што ў будучыні сямʼя будзе больш патрэбная мужчынам, чым жанчынам? Ці проста грамадзтва стане больш талерантным да розных формаў сямʼі, партнэрства, ладу жыцьця?
Тацяна Тулуш: Я лічу, што сямʼя ўжо даўно больш патрэбная мужчынам. Тое, што жонкі сочаць за здароўем мужчын у шлюбе, часта зьяўляецца прадметам жартаў, калі нехта нудзіць: схадзі да лекара, выпі лекі, ня пі больш за тры чаркі. Паводле сацыялягічнага дасьледаваньня міністэрства працы, праведзенага ў Беларусі некалькі гадоў таму, пераважная большасьць жанчын у сямʼі гатуюць, прыбіраюць, пяруць вопратку і клапоцяцца пра дзяцей. Гэта ж так клясна, калі ты прыходзіш увечары на гатовыя катлеткі з грэчкай, што ў цябе была на працы нейкая ссабойка, што з раніцы ты маеш сьвежую, папрасаваную кашулю, і гэта ўсё бясплатна. Я як жанчына магу пра такое толькі марыць... Такім чынам для мужчына шлюб — гэта шчасьце, калі ня трэба займаецца рэпрадукцыйнай працай, якая забірае шмат сіл і патрабуе мэнэджарскіх функцый (заплянаваць, што купіць, гатаваць, узяць даведку ў садок ці школу, арганізаваць паездку дзяцей). Для мужчын сямʼя будзе ўсё больш і больш патрэбная, таму што пэўны камфорт яны ня хочуць губляць. А жанчыны будуць задумвацца, ці трэба ім рабіць гэта ўсё.
Анастасія Жаўрыд: Старая форма шлюбу, як гэта цяпер існуе, рэальна цярпіць крах, таму што паводле статыстыкі кожны другі шлюб распадаецца. Прычым у першы год шлюбу гэта звычайна адбываецца. Хацелася, каб у нас прасоўвалі ідэі раўнапраўя і роўнай адказнасьці за агульны дом і агульных дзяцей, каб роўная адказнасьць была замацаваная і заканадаўча. Цяпер мы жывем, які нібыта 50 гадоў таму. Добра, што ў жанчыны ёсьць права хаця б разьвесьціся.
«Я не рабіла выбар на карысьць незамужжа»
Ганна Соўсь: Ці ваш цяперашні выбар на карысьць бязьдзетнасьці і незамужжа канчатковы? Ці проста так склаліся жыцьцёвыя абставіны, і калі вы сустрэнеце партнэра, зь якімі будзеце супадаць і адчуваць сябе камфортна, то многае зьменіцца?
Наста Захарэвіч: Мне 25 гадоў, у мяне пакуль няма канчатковага выбару. Я не настроена радыкальна, каб любой цаной знайсьці мужа і нарадзіць дзяцей, і гэтак жа радыкальна не настроеная гэтага пазьбягаць усімі спосабамі. Жыцьцё пакажа. Калі ў мяне будзе шлюб, я хачу, каб ён быў абавязкова выгадным ня толькі майму мужу, але і мне таксама, каб мне ў ім было камфортна.
Тацяна Тулуш: Я таксама не рабіла выбар на карысьць незамужжа. Я спрабавала і я спрабую. Проста мой інстынкт самазахаваньня прывёў мяне ў цяперашнюю сытуацыю. Гэта адзін з маіх прыярытэтаў — мець пасьпяховыя любоўна-сямейныя стасункі. Я гатовая дамаўляцца, абмяркоўваць, падтрымліваць, быць вернай. Палігамнасьць я не вітаю для сябе, але хачу такога наўзаем. Самасьцьвярджацца за мой кошт я не дам болей, і ня буду больш ахвярай. Я хачу падтрымкі і для сябе таксама. Я разглядаю розныя варыянты і мой выбар зусім не канчатковы.
Анастасія Жаўрыд: Мой выбар таксама не канчатковы, але я разумею, што я дзесяць разоў падумаю, чым пайду замуж. Цяпер я ўжо не разумею, навошта патрэбнае гэтае юрыдычнае дзеяньне. Я хачу дзяцей у будучыні дастаткова сьвядома. Я ня стаўлю крыж на гэтым, але мае будучыя адносіны я бачу як партнэрскія адносіны, у якіх мы ў роўнай ступені нясем адказнасьць.
Ганна Соўсь: Ці вы шчасьлівыя цяпер?
Наста Захарэвіч: Божачкі, я лякуюся ад дэпрэсіі, я хоць нешта адчуваю і ўжо добра. Няхай будзе так.
Анастасія Жаўрыд: Я шчасьлівая, асабліва калі параўноўваць зь мінулым годам, калі адбыўся развод. Гэта неба і зямля.
Тацяна Тулуш: Я таксама зараз у рэмісіі пасьля дэпрэсіі. Некаторыя аспэкты здароўя палепшыліся. Безумоўна, гэта спрыяе шчасьцю. У мяне ёсьць досьвед цёплых, падтрымліваючых стасункаў. І гэта ж неабавязкова любоўныя стасункі, гэта добрыя сяброўскія стасункі, адносіны на парцы. Я пачуваюся вельмі шчасьлівай.