На ўкраінскім участку памежнага пункту пропуску «Вільча» (Жытомірская вобласьць) памежнікі выявілі грамадзяніна Беларусі, які спрабаваў увезьці ва Ўкраіну запасныя часткі для верталётаў.
У часе памежнага кантролю ў салёне аўтамабіля беларуса знайшлі камплектныя часткі розных мадыфікацый, аварыйны самапісец і 23 інструкцыі па тэхнічным абслугоўваньні і эксплюатацыі гэтай прадукцыі.
«Цяпер гэтыя запчасткі перададзеныя на экспэртызу, бо папярэдне ідзецца пра тое, што яны маюць двайное прызначэньне», — паведамілі Свабодзе ў прэсавым цэнтры Жытомірскага памежнага атраду.
У той жа час грамадзяніну Беларусі дазволілі ўехаць на тэрыторыю Ўкраіны, але па факце незаконнага ўвозу прадукцыі склалі пратакол аб парушэньні мытнага заканадаўства. Справа будзе перададзеная ў суд.